Стан спраў у легпраме абмеркавалі на гэтым тыдні ў Кіраўніка дзяржавы падчас даклада старшыні канцэрна “Беллег-прам” Таццяны Лугінай. Аднак размова не абмежавалася толькі тэмай дзейнасці канцэрна – прааналізавалі сітуацыю ва ўсёй галіне.
Пачаў сустрэчу Прэзідэнт з таго, што пацікавіўся, як працуюць прадпрыемствы ў гэты няпросты санкцыйны перыяд, як ідзе пашырэнне геаграфіі паставак прадукцыі: “Мы ўсе гаворым, што парушаны лагістычныя ланцужкі, лагістыка. Гэта сапраўды так, але тым не менш многія прадпрыемствы і аб’яднанні з поспехам пераадолелі гэтыя праблемы і выбудавалі новыя шляхі паставак прадукцыі спажыўцам”.
Наступныя пытанні, вынесеныя на парадак дня, – экспарт, насычэнне ўнутранага рынку, а таксама імпартазамяшчэнне. “Нарошчванне экспарту мы лічым асноўнай, галоўнай задачай”, – далажыла Таццяна Лугіна. На што Прэзідэнт заўважыў, што экспарт – гэта правільна і добра, нікуды ад гэтага не дзецца, але мы ў свой час аддалі ўнутраны рынак незразумела каму і там, дзе павінны працаваць прадпрыемствы краіны, а іх больш за 2000, у нас была дзірка. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер, калі з Расіі сышлі многія замежныя вытворцы, у беларусаў з’явіўся шанец заняць гэтую нішу на нашым асноўным расійскім рынку і на ўнутраным рынку. Асноўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы – асартымент айчыннай вытворчасці павінен быць на паліцах нашых крам. І мала таго, каб быў разнастайны, прывабны, і самае галоўнае – па даступнай усім цане.
Па выніках сустрэчы сваё бачанне развіцця галіны Кіраўнік дзяржавы акрэсліў даволі выразна: “Калі вы за гэты час, як іншыя галіны, напрыклад, сельская гаспадарка, не ўзнімецеся – грош вам цана. Цяпер вам ніхто не перашкаджае і вы манапалісты, у вас няма сапраўднай канкурэнцыі, вось у чым магчымасці гэтага складанага перыяду. Я заўсёды пра гэта гавару. Крызіс – гэта цяжка, складана, але гэта шанец, магчымасць і перш за ўсё для лёгкай прамысловасці. У нас жа ёсць усё: тканіны ёсць, швейныя машыны ёсць, кваліфікаваны персанал і тэхнолагі, і кіраўнікі, і швачкі, і іншыя – у нас усё ёсць. Усё залежыць ад нас, як мы разгорнемся”.
Старшыня канцэрна “Беллегпрам” у сваю чаргу запэўніла, што галіна лёгкай прамысловасці гатова забяспечыць унутраны рынак асартыментным пералікам тавараў, якія патрэбны сёння спажыўцу. Па словах Таццяны Лугінай, за апошнія дзесяцігоддзі такога шанцу павялічыць сваю долю і ўліванні на рынку ў лёгкай прамысловасці не было.
Што датычыцца магчымасцяў сферы лёгкай прамысловасці, старшыня канцэрна звярнула ўвагу, што час наколькі крызісны, настолькі і ўнікальны.
“Тых мер, якія сёння прапануе ў тым ліку ўрад, дастаткова для таго, каб можна было выбудаваць бізнес, – падкрэсліла яна. – Сёння меры і па экспартным крэдытаванні дазваляюць кожнаму вытворцу скарыстацца ў тым або іншым выпадку льготным крэдытаваннем для падтрымкі бізнесу і, калі трэба, яго маштабавання. Дзяржава наколькі можа, настолькі імкнецца дапамагчы вытворцам нават у гэты няпросты час.”
Чарговая нарада пры Прэзідэнце паказала, што калі будзем усе разам працаваць інтэнсіўна, часам звыш сіл, не шкадуючы сябе, мы выстаім, захаваем і памножым усё, што ёсць сёння ў краіне, а ёсць у нас нямала.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о