Поспехі адукацыі – гэта поспехі ўсяго раёна

0
566

Ужо традыцыйным стала напярэдадні навучальнага года абмяркоўваць пытанні далейшага развіцця адукацыі на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.
У зале петрыкаўскага гарадскога Дома культуры сабраліся кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый-шэфаў, кіраўнікі, педагогі, старшыні прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі раёна.
– Акрамя найважнейшай задачы навучання, школа вырашае сур’ёзную функцыю ў самавызначэнні выпускнікоў, – адзначыў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. – У новым навучальным годзе працу трэба праводзіць з улікам кадраў нашага раёна. Улічваючы недахоп спецыялістаў у сельскай гаспадарцы неабходна арганізаваць мэтанакіраваную прафарыентацыйную работу ў гэтым напрамку, варта ўлічыць тут і навучанне праз мэтавае накіраванне.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, тэм для абмеркавання дастаткова.
– Ідэалагічная і выхаваўчая работа з дзецьмі і моладдзю ў сучасных умовах павінны быць напоўнены канкрэтным зместам. На чале – патрыятычнае выхаванне, здаровы лад жыцця і працавітасць.

Поспехі адукацыі – гэта поспехі ўсяго раёна
У цэлым, адзначыў Аляксандр Васільевіч, назіраецца выдатная дынаміка ў рабоце сістэмы адукацыі, але спыняцца на дасягнутых выніках нельга.
Начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец у сваім выступленні падвяла вынікі мінулага навучальнага года і акрэсліла задачы на бягучы.
– У новым навучальным годзе неабходна прадоўжыць работу па развіцці як бясплатных, так і платных паслуг па рэалізацыі праграм адукацыі дзяцей і моладзі, неабходна якасна арганізаваць работу па падрыхтоўцы выпускнікоў 9 і 11 класаў да выніковай атэстацыі.

Поспехі адукацыі – гэта поспехі ўсяго раёна
Людміла Мікалаеўна канстатавала, што гэта быў цікавы навучальны год, ёсць чым ганарыцца.
– Ёсць добрыя вынікі ў алімпіядах рэспубліканскага ўзроўню па вучэбных прадметах.
Па выніках 2021/2022 навучальнага года ў конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі былі ўручаны Пераходныя Кубкі: гімназіі – за забеспячэнне якасці адукацыі, Конкавіцкаму дзіцячаму саду-сярэдняй школе – за выхаваўчую і ідэалагічную работу, сярэдняй школе № 2 – за фінансава-гаспадарчую дзейнасць, Курыціцкай сярэдняй школе – за стварэнне бяспечных умоў ва ўстанове адукацыі, Дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці – за забеспячэнне якасці адукацыі навучэнцаў сярод устаноў дашкольнай адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, Капаткевіцкаму яслі-саду № 2 – за забеспячэнне якасці адукацыі навучэнцаў сярод устаноў дашкольнай адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.
На педагагічнай нарадзе ўручылі заслужаныя ўзнагароды педагогам. Канферэнцыя скончылася святочным канцэртам, які арганізавалі школьнікі нашага раёна, а падрыхтаваныя выставы расказалі, чым вучні займаліся на працягу папярэдняга навучальнага года і летніх канікулаў.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о