З надзеяй і верай у сэрцы

0
532

Міжнародная навукова-асветніцкая канферэнцыя “Дарога да Святыняў” 29 раз крочыць па беларускіх гарадах і вёсках. Яе ўдзельнікі – духавенства, навукоўцы, вядомыя культурныя дзеячы, напярэдадні дня пісьменства з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга наведваюць храмы, памятныя  і грамадскія мясціны, дзеляцца з людзьмі святлом і сілай духоўнага слова.

З надзеяй і верай у сэрцы
Наведалі асветнікі і нашую малую Радзіму. Першым прыпынкам стаў аграгарадок Ляскавічы. Ганаровым гасцям – ганаровая сустрэча. Песняй,  танцам і караваем сустракала паломнікаў нашая зямля. Сярод прысутных – прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, жыхары раёна.
– Жыхары Петрыкаўшчыны з пачуццём вялікай радасці сустракаюць  дэлегацыю на сваёй гасціннай зямлі. Такія мерапрыемствы дапамагаюць адчуць духоўную еднасць беларусаў, знайсці правільныя арыенціры ў жыцці, – адзначыла ў прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько. – Адметна, што сустрэча праходзіць у Год гістарычнай памяці і ў чарговы раз акцэнтуе ўвагу на багатай спадчынеу роднага краю, нагадвае пра трагічнае мінулае Бацькаўшчыны, дазваляе адчуць сілу мудрага слова.
Важнасць падзеі для вернікаў петрыкаўчан, паказаў Хрэсны Ход ад Свята-Узнясенскага Храма да Свята-Мікалаеўскага Храма горада. Землякі з кветкамі,  пажаданнямі бліжнім дабрабыту, міру і светлых думак зліліся ў адным жывым ручайку.  Жадаючых прыкрануцца да духоўнага, чыстага, светлага аказалася шмат. Многія людзі прыйшлі  сем’ямі, было нямала моладзі і дзяцей, але што адметна: у прысутных на тварах была радасць, усмешкі, нейкая патаемная мілата.
Калі прагледзець, якая колькасць жыхароў прыйшла на малебен у Храм Архангела Міхаіла ў Ляскавічах, Свята-Мікалаеўскі Храм горада і  Свята-Пакроўскі Храм Капаткевічаў, становіцца зразумелым, наколькі духоўная цеплыня, вера ў Бога патрэбны сучаснаму грамадству і як з павагай адносяцца людзі да сваіх каранёў суайчыннікі. Свечкі з Жыватворным агнём прыхаджане перадавалі як святыню і з радасцю выносілі з царквы, неслі дадому як найкаштоўнейшы скарб.

З надзеяй і верай у сэрцы
Другі дзень экспедыцыі на капаткевіцкай зямлі азнаменаваны быў важнымі падзеямі. Члены дэлегацыі ўсклалі кветкі да помніка ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а ў знак далучэння да традыцый, на тэрыторыі Сада Малітвы была высаджана алея з маладых дрэў у гонар славянскага адзінства. Да гэтай нагоды была прывезена капсула з зямлёй з тых мясцін, дзе пабывалі члены дэлегацыі. Знайшоўся час  у культурных дзеячаў наведаць установы адукацыі. Сустрэчы атрымаліся змястоўныя. Лейтматывам гутарак з падрастаючым пакаленнем была думка, што духоўныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасці – важныя паняцці  і яднаюць людзей.
Правядзенне мерапрыемстваў на нашай зямлі ў рамках навукова-асветніцкай канферэнцыі “Дарога да Святыняў” сапраўдны падарунак для нас. Няхай Жыватворны агонь, прывезены на Петрыкаўшчыну,  сагравае нашы душы, а цёплыя сонечныя дні саступаюць ціхім і добрым вечарам. І так будзе заўсёды.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о