Мы працягваем цыкл публікацый, у якіх знаёмімся з маладымі спецыялістамі, трапіўшымі на Петрыкаўшчыну. Іх, дарэчы, па розных спецыяльнасцях прыбыла на Петрыкаўшчыну 39 чалавек, 11 прыйшлі на адпрацоўку па мэтавым накіраванні.

Першыя прафесійныя будні маладых спецыялістаўАляксандра Баранчык прыехала ў Петрыкаў з Гомеля. Там яна скончыла сярэднюю школу № 28 з музычным ухілам, дзякуючы чаму атрымала яшчэ адукацыю па класе фартэпіяна.

Доўгі час дзяўчына мэтанакіравана рыхтавалася паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, але дзве спробы не ўвянчаліся поспехам.

– Я паставіла сабе ўмову, калі з другой спробы не паступлю на медыцынскі, то на гэтым спынюся, – падзялілася з намі Аляксандра Аляксандраўна. – Мне вельмі падабалася спецыяльнасць патолагаанатама. Чаму? У мяне нават няма адказу на гэтае пытанне, ніхто з родных і блізкіх да гэтай прафесіі не мае ніякага дачынення. Мама – працуе краўцом, бацька – вайсковец. На жаль, я не паступіла, не хапіла некалькіх балаў, таму выбрала біялагічны факультэт.

Па размеркаванні я прыехала ў гімназію горада Петрыкава. Калектыў аказаў сардэчны прыём, дапамагае паглыбіцца ў нюансы працы з дзецьмі.
Маладая настаўніца вядзе хімію ва ўсіх класах з 7-га па 11-ты, біялогію – у 6-м. Па словах дзяўчыны, працаваць з дзецьмі нялёгка, вельмі цяжка іх зацікавіць і заматываваць.

– Мяркую, гэта звязана з развіццём інтэрнэту і сацыяльнымі сеткамі. Бо ў сетках сябры і цікавыя відэа, фота, а ў рэальнасці – урокі, на якіх трэба быць засяроджаным і ўнікаць у матэрыял. Хоць, вядома ж, ёсць і ўнікальныя вучні. У цэлым – працоўным месцам задаволеная. Здымаем кватэру з калегай, з захапленняў – люблю чытаць кнігі і вязаць.

Першыя прафесійныя будні маладых спецыялістаўВольга Верасовіч прыехала з Лельчыцаў. Дзяўчына пасля заканчэння сярэдняй школы спыніла свой выбар на спецыяльнасці сацыяльнага педагога.
– Я выбрала факультэт тэхналогіі, але праз год навучання ён быў перайменаваны ў факультэт дашкольнай і пачатковай адукацыі.
Мая спецыяльнасць – “Сацыяльная праца (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”. Вядома, прафесія не з лёгкіх, педагог сацыяльны адказвае за шматлікае. Я яшчэ ўнікаю ў сутнасць сваёй працы, але ўжо дакладна ведаю, што мне важна разумець дзяцей, іх праблемы.

Калі ў настаўніка галоўная задача – перадаць дзіцяці веды, каб ён засвоіў навучальны матэрыял, то ў педагога сацыяльнага – быць уважлівым да асаблівых дзяцей, у якіх ёсць цяжкасці. Мы павінны быць вельмі пільнымі да такіх дзяцей, рэагаваць на кожны іх сігнал. Цяпер вельмі шмат псілахагічных праграм, трэнінгаў, анкет, дзякуючы якім мы даведваемся пра ўсе праблемы дзяцей. Вялікая колькасць матэрыялу, які мы, педагогі сацыяльныя, маем, дапамагае хутка вырашаць праблемы з дзецьмі. І калі такая праца дае свой першы плён, мы атрымліваем велізарную матывацыю працаваць далей.
Пакуль я пра сваю далёкую будучыню не думала. Два гады ад-працоўкі – досыць вялікі прамежак часу. Мне падабаецца калектыў гімназіі, дзеці тут таксама цікавыя і непасрэдныя.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з архіва гімназіі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о