Любоў Скрыпко – сацыяльны работнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 21 год свайго жыцця яна аддала гэтай працы, якая толькі здаецца простай…

Шчыра суперажываць і клапаціццаЭпіграфам да гэтага артыкула я б хацела пакінуць прымаўку “Жыццё пражыць – не поле перайсці”, бо яна як нельга лепш апісвае жыццё нашай гераіні. На долю сацыяльнага работніка Любові Скрыпко выпала нямала выпрабаванняў, але жанчына захавала цвёрдасць духу, упэўненасць у сваіх сілах, веру ў Бога. І яна, мабыць, як ніхто ведае кошт жыцця. Пра тое, чым адгукнуліся ў яе душы радасць і боль, яна падзялілася з намі.

Любоў Георгіеўна нарадзілася і вырасла ў Новых Галоўчыцах. Скончыла 8 класаў сярэдняй школы, паступіла ў Пінскае вучылішча на швачку. Адказны падыход да вучобы, дысцыпліна ў вывучэнні швейнай справы зрабілі яе спачатку лепшай навучэнкай, а затым і лепшай работніцай. Выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі. Затым лёс распарадзіўся такім чынам, што яны пераехалі ў Мазыр па новым месцы працы мужа.

– Мы былі звычайнай сям’ёй. Жылі ні бедна, ні багата, – пачала Любоў Георгіеўна. – Хоць, па праўдзе сказаць, пра беднасць я ведаю ўсё. Так, мы паволі з мужам нала-джвалі быт, у нас нарадзіўся хлопчык. Жыццё ішло сваёй чаргой.

Затым нарадзілася другое дзіця. І з гэтага моманту мой спакой скончыўся. Урачы так і не змаглі паставіць дзіцяці дакладны дыягназ. Ніхто не мог даць адказ, ці будзе жыць мой сынок. Колькі разоў ён паміраў у мяне на руках…
Мы з сям’ёй пераехалі назад у Петрыкаўскі раён, на свежае паветра. Я была аформлена па доглядзе за інвалідам. Я акружыла дзіця клопатам, аддавала яму ўсю сябе. Тады дзіцячы педыятр Альбіна Васільеўна сказала: “Такіх маці я яшчэ не сустракала”. І, напэўна, дзякуючы майму цярпенню і догляду, выкарабкаліся.
Сынок паступіў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога. Пасля сесіі ён выйшаў на павышаную стыпендыю. Але 10 гадоў таму адбылася трагедыя, якая падзяліла маё жыццё на “да” і “пасля”.

Студэнты вярталіся ў Гомель з практыкі, якую праходзілі на прадпрыемстве ў Гомельскім раёне, як адбылася страшная аварыя. Кіроўца МАЗа абганяў воз, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе ў лабавую сутыкнуўся з легкавой іншамаркай, у якой было пяць студэнтаў. Сярод іх быў мой сынок.

– Зараз я ратуюся працай, на пасаду сацыяльнага работніка ўладкавалася ў 2000 годзе, – працягнула наша гераіня. – Шчаслівая, што яна ў мяне ёсць. Першы час мне вельмі дапамагала адміністрацыя Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Працоўны дзень Любові Георгіеўны пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Ёсць пенсіянеры, догляд за якімі патрабуецца штодня. Да некага прыходзіць усяго некалькі разоў на тыдзень. У кожнага кліента – свой час: да адных спяшаецца з самай раніцы, хтосьці чакае сваю добрую і старанную памочніцу ў абед. Любоў Георгіеўна ходзіць па крамах, купляе для сваіх дзядкоў прадукты, лекі, часам вопратку. Яна ведае пра перавагі сваіх кліентаў практычна ўсё.

– Зараз я дапамагаю 13 пенсіянерам з трох вёсак – гэта Старыя Галоўчыцы, Праходы, Грабнікі. Вядома, праца складаная. Да пенсіянераў таксама трэба ведаць падыход. У маім выпадку, дзякуй Богу, з усімі добрыя стасункі. Вось, напрыклад, да Таццяны і Сцяпана Маргун іду, як да бацькоў. Мы адзін аднаго вельмі добра разумеем.

Гэтай зімой вельмі складана было працаваць з-за снегу. Да брамкі ледзь дабіралася, каб снег неяк выграбці. У Грабніках праблема са святлом у цёмны час сутак. Ліхтары не гараць. Аўталаўка таксама не заўсёды працуе па гадзінах, мы толькі са старымі гадаем: “Прыедзе сёння машына ці не? ”. Аўтобусы ў наш бок не ходзяць. Адзінае выратаванне – мой веласіпед, але ў халоднае надвор’е ён ужо не таварыш.
Старэйшы сын на 50-годдзе падарыў мне трохколы веласіпед, каб мне было зручна дабірацца на працу. А праз два гады – падарыў швейную машынку. Таксама веласіпед падарыў ТЦСАН, муж прыкруціў скрыню да руля, вельмі зручна.
Асаблівых сакрэтаў у маёй працы няма. Хіба толькі заўсёды ўсміхацца. Вачыма, душой і сэрцам. Дапамагчы пажылым людзям па гаспадарцы, дзесьці пахваліць, нарыхтаваць цеста, але галоўнае – шчыра суперажываць і клапаціцца. Іх дзеці даўно выраслі і раз’ехаліся. Прыяз-джаюць нячаста. У іх свае справы, сваё жыццё.
Такая служба міласэрнасці проста неабходная таму, што пажылыя людзі заўсёды будуць мець патрэбу ў нашай дапамозе, падтрымцы і клопаце.

Мае падапечныя, у сваю чаргу, вучаць мяне шмат чаму: высакароднасці, сумленнасці, трываласці, уменню вырашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, падтрымліваюць маральна, калі на вочах наварочваюцца слёзы.
– Трэба быць цярплівым, умець стойка пераносіць удары лёсу, – сказала напрыканцы размовы Любоў Георгіеўна. – У жыцці я ўжо ўбачыла многае. Самае важнае – ставіцца да людзей гэтак жа, як хацела б, каб яны ставіліся да цябе.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о