Халодны сезон выдаўся ў гэты раз занадта снежным. Гэта, вядома, стварыла зімовы настрой, але і абумовіла пэўныя нязручнасці. Самае відавочнае пытанне, вядома, уборка ападкаў, пра што мы пісалі ў матэрыяле “А снег ішоў” пазамінулага нумара. Але не менш непрыемнасцяў можа абумовіць і праблема дарожнага руху, у прыватнасці – паркоўкі.

Калі ў агульных рысах апісваць сітуацыю, то ў выніку ачысткі ад снегу, на ўзбочынах дарог, паабапал парковак з’явіліся вялікія і доўгія снежныя сумёты. Шырыня праезнай часткі, ды і прастора на паковачных месцах, што прылягаюць да дарог, стала значна меншай. Дзе раней дарожнае палатно налічвала ўпоперак метраў шэсць – зараз снег “адваяваў” у вадзіцеляў дзе траціну, а дзе і палову гэтай прасторы. Дарогі звузіліся і прымушаюць раз’язджацца кіроўцаў з выключнай уважлівасцю.

Але некаторыя землякі як паркавалі свае транспартныя сродкі як мага бліжэй да месца прызначэння, так і паркуюць, не звяртаючы ўвагу, што зараз гэтым сваім учынкам ствараюць нязручнасці для іншых удзельнікаў дарожнага руху. А дзе нязручнасць, там поруч хаваецца патэнцыяльная аварыйная сітуацыя.

Доўга шукаць прыкладу не даводзіцца, дастаткова праехаць, скажам, па вуліцы Камунальнай – тут заўсёды на ўзбочыне прыпаркаваная машына-другая, што вымушае аўтамабілістаў выязджаць на сустрэчную паласу. Добра, калі транспартны трафік у адзначаны час не такі інтэнсіўны, але ж бываюць гадзіны, калі і дзеці са школы крочаць, і людзі на легкавіках спяшаюцца дадому ці ў гандлёвы цэнтр: толькі і глядзі ўважліва, каб раз’ехацца без наступстваў.

Эпіцэнтр жа манеўравання – скрыжаванне вуліц Валадарскага і Андрэева. Тут, каля адной з хат, што стаіць каля Т-падобнага скрыжавання, заўсёды ўвечары прыпаркаваны аўтамабіль. Калі паварочваць з Валадарскага на Андрэева, абавязкова трэба аб’язджаць транспартны сродак, скіроўваючыся такім чынам на сустрэчную паласу. Ды і далей больш зручна рухацца не выпадае: узбочына дарогі з боку крамы “Капеечка” літаральна забітая аўто да самага скрыжавання з вуліцай Камунальнай. Зразумела было б, калі поруч не існавала іншага месца для пакоўкі, але прасторы хапае – заўсёды пустая ўзбочына іншай, дарэчы больш шырокай, паловы Анрдрэва, што бліжэй да вуліцы Карла Маркса. Не так далёка паркоўка паміж памяшканнямі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і былога адміністрацыйнага будынку спажыўтаварыства.

І гэтыя радкі не простыя разважанні на тэму “Як было б зручней і бяспечней”, усё ж існуюць дакладныя патрабаванні правілаў дарожнага руху: пункт 143.2 забараняе прыпынак і стаянку ў месцах, дзе адлегласць паміж суцэльнай лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі (акрамя пазначаючай край праезнай часткі дарогі) і прыпыніўшымся транспартным сродкам складае меней 3 метраў, а таксама пункт 143.4, што забараняе прыпынак і стаянку на скрыжаваннях і бліжэй за 15 метраў ад краю перасякаемай праезнай часткі дарогі (акрамя жылых зон), за выключэннем боку насупраць бакавога праезду трохбаковых скрыжаванняў, якія маюць суцэльную лінію гарызантальнай дарожнай разметкі або суцэльную раздзяляльную паласу.

Ведаю, кожны, ствараючы нязручнасці на праезнай частцы, спадзяецца на разуменне з боку іншых удзельнікаў дарожнага руху. І адзінкавае парушэнне, насамрэч, па-чалавечы зразумець можна. Але ці варта гэтай спагадлівасцю землякоў злоўжываць, тым больш, калі неабачлівы вадзіцель відавочна грэбуе не толькі агульным камфортам, але і правіламі дарожнага руху.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о