Новыя жыхары  нацпарку –  Дзіў і Лель Новыя жыхары  нацпарку –  Дзіў і Лель Новыя жыхары  нацпарку –  Дзіў і Лель

У нацыянальны парк “Прыпяцкі” прывезлі пару ўнікальных палескіх коней.

Ужо два тыдні пара палескіх коней жыве на тэрыторыі сафары-парку “Прыпяцкі”. Яго загадчыца Галіна Гралька расказала нашаму выданню, чаму жывёлы ўнікальныя не толькі для нашай мясцовасці, але і для ўсёй краіны.
– Два жарабя Дзіў і Лель – палескія коні, але ў народзе іх называюць беларускімі поні з-за невялікага памеру, – пачала размову Галіна Аляксандраўна. – Чаму нашы жарабцы ўнікальныя? На жаль, у наш час палескі конь знаходзіцца на стадыі вымірання. У 2021 годзе на Прыпяцкім Палессі экспедыцыям удалося выявіць усяго 65 галоў палескай абарыгеннай папуляцыі.
Па словах Галіны Гралька, верагодна, што некаторыя асобіны могуць сустракацца на прыватных падворках палешукоў. Для падтрымання папуляцыі неабходны 1000 кабыл і 20 жарабцоў. Існуе версія, што палескі конь можа быць нашчадкам і носьбітам генаў старажытных лясных дзікіх коней – тарпанаў, папуляцыя якіх знікла стагоддзі таму.
– Нашы героі ўжо паціху абжываюцца, тэрыторыя вальера для жарабцоў дастаткова вялікая, так што ім ёсць дзе павесяліцца. Казаць пра размнажэнне віду нельга, бо асобіны мужчынскага полу. Пакуль у нас адно жаданне, каб турысты сафары змаглі ўжывую ўбачыць, пагладзіць і пакарміць рэдкіх жывёлін, від якіх быў вельмі папулярным на беларускай зямлі некалькі стагоддзяў таму. Між тым, коні вельмі кантактныя і любяць “размаўляць” з людзьмі.
Як паведамляе ўстанова, палескі конь стагоддзямі фарміраваўся без умяшання чалавека ў суровых ізаляваных умовах Прыпяцкага Палесся. Балоты, разлівы рэк, высокая вільготнасць, багацце гнюсу, бедныя асаковыя пашы, цяжкапраходныя тэрыторыі зрабілі гэтага коніка нізкарослым (вышыня ў холцы складае ад 130 да 140 сантыметраў), мускулістым, цягавітым, непатрабавальным і незаменнай падмогай у сельскай гаспадарцы палешукоў. Адрозніваецца ад іншых поні памяркоўным характарам.
– Цяпер у краіне ідзе сур’ёзная праца па захаванні нацыянальнага набытку – палескай папуляцыі коней, – у завяршэнні размовы дадала спецыяліст. – Спадзяемся, што новыя гадаванцы сафары-парку стануць пачаткам вяртання беларускіх поні на Палессе.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о