Не так даўно ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Міхедавічы паважанага ўзросту. Нагода для размовы была цудоўная: жанчына, не хаваючы эмоцый, распавядала пра новага ляснічага Міхедавіцкага лясніцтва, які ўразіў мясцовых сваёй чуласцю да людзей і добрасумленным падыходам да сваёй справы. “Нават калі на машыне едзе і заўважае нейкае смецце на ўзбочыне, абавязкова прыпыніцца і прыбярэ”, – адзначыла жанчына. Такое апісанне, зразумела, не магло застацца незаўважаным і мы накіраваліся, каб пагутарыць з маладым чалавекам, як кажуць, сам на сам.

Андрэй Марцынкевіч працуе на пасадзе ляснічага Міхедавіцкага лясніцтва не так даўно – з кастрычніка, але вопыт у галіне лесааховы мае не малы. На просьбу распавесці пра тое, што паўплывала на выбар прафесіі, малады чалавек адзначыў: “Калі прыйшоў час абіраць працоўную спецыяльнасць, я меў намер звязаць свой лёс з юрыспрудэнцыяй. Але бацькі звярнулі ўвагу на сферу лясной гаспадаркі. Наша краіна багатая на лясныя ўгоддзі і пры належным карыстанні служба лясной аховы дае і прыбытак для дзяржавы, і дабрабыт з стабільнай будучыняй для сваіх працаўнікоў, і захоўвае прыродную спадчыну для нашчадкаў. Бацька і зараз працуе ў лясгасе, таму пра прафесію я меў пэўныя ўяўленні. Ды і жыццё ў палескай правінцыі, да якой з аднаго боку падступае велічная рака Прыпяць, а з трох астатніх наш горад атачаюць лясы, верагодна, аказала свой уплыў. Пасля заканчэння першай гарадской школы я паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на спецыяльнасць “Інжынер лясной гаспадаркі”, – адзначыў Андрэй Віктаравіч.

Навучанне, па словах ляснічага, напачатку было няпростым.
– З першага курса пачалося глыбокае вывучэнне біялогіі, хіміі, матэматыкі. Але з цягам часу і па меры засваення матэрыялу адчувалася, што вучоба ўсё больш прываблівае. Да гэтага праграма прадугледжвала шмат практыкі, што замацоўвала тэарэтычныя веды і дазваляла атрымаць першы каштоўны вопыт.
Скончыўшы навучальную ўстанову, малады чалавек ўладкаваўся на сваё першае месца працы – майстрам лесу ў Рубчанскім лясніцве. “Там я як мага больш уважліва прыслухоўваўся да вопытных калег, што аддалі прафесіі ўсё сваё жыццё”. Паралельна Андрэй Марцынкевіч навучаўся ў магістратуры.

Новы ляснічы ўразіў мясцовых сваёй чуласцюДалей была праца на лесапункце па дрэванарыхтоўцы, потым – у Міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце, а з гэтага году Андрэй Віктаравіч працуе ляснічым у Міхедавіцкім лясніцтве. “З прыходам на пасаду ляснічага мы ў першую чаргу пачалі працаваць з заявамі па рэалізацыі дроў. На дадзены момант мы задаволілі больш за паўтара дзясятка заяў. Таксама заняліся смеццем. Не магу сказаць, што тут існавала істотная праблема, але пасля сезону грыбоў і ягад некаторыя аматары ціхага палявання пакідаюць пасля сябе пластыкавыя бутэлькі і пакеты. Вось і атрымліваецца, што чысціня нашага навакольнага асяроддзя дасягаецца намаганнямі і супрацоўнікаў лясніцтва, і, зразумела, добрасумленнасцю яго наведвальнікаў. Але ёсць асобныя грамадзяне, што сваімі безадказнымі паводзінамі псуюць нашу агульную справу”, – адзначыў ляснічы.
Калектыў, па словах Андрэя Марцынкевіча, у Міхедавіцкім лясніцтве падабраўся моцны. Зараз у падпарадкаванні нашага героя 26 чалавек, якія працуюць на 10 тысячах гектараў ляснога фонду.

Малады чалавек, які жыве ў Петрыкаве, устае каля 6-ці гадзін раніцы. У 7 гадзін пачынаецца працоўны дзень: трэба паставіць задачы і накіраваць супрацоўнікаў па месцах, заправіць транспарт, праверыць ахову працы, абысці тэрыторыю і пракантраляваць выкананне работ. “Хачу адзначыць, што правяраць якасць працы сваіх падначаленых – не праява недаверу да супрацоўнікаў, а работа на карысць уласнай кампетэнцыі. Кіраўнік павінен ведаць, што робіцца на месцах, каб лепей усведамляць акалічнасці работы і больш кемліва ставіць задачы”, – заўважыў суразмоўца.

Андрэй Віктаравіч адзначае, што першачарговая задача супрацоўнікаў лясгасу, як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка – лесааднаўленне. Паралельна вядзецца вялікая работа ў плане аховы ляснога фонду. Істотнай увагі патрабуюць і ідэалагічныя пытанні, у прыватнасці – работа з насельніцтвам і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. У гэтым плане Міхедавіцкае лясніцтва працуе з вучнямі Бабуніцкай школы і некаторыя выхаванцы ўстановы адукацыі ўжо выказалі жаданне звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай.

З планамі на гэты год лясніцтва спраўляецца, сярод бліжэйшых надзённых задач – рэалізацыя навагодніх дрэў. Прыгажуні міхедавіцкіх лясоў будуць прадавацца на ёлачных базарах у Петрыкаве 27 і 29 снежня. Што да вызначэння мэт на будучыню, то тут ляснічы адзначае: “Як мінімум варта захаваць нашы паказчыкі ў наступным годзе, але, зразумела, ёсць жаданне вывесці лясніцтва на лідзіруючую пазіцыю. Усё неабходнае для гэтага ёсць. Што да асабістых планаў, то я апошні год навучаюся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспцублікі Беларусь па спецыяльнасці правазнаўства. Так, я не пакінуў намер атрымаць юрыдычную асвету і з цягам часу толькі пераканаўся, што спецыяліст не толькі павінен мець глыбокія веды ў межах сваёй кампетэнцыі, але і разбірацца ў шэрагу сумежных навуковых дысцыплін”.
Дома маладога чалавека чакае жонка Аліна. На пытанне, як удаецца паспяваць, улічваючы сямейныя справы, напружаны працоўны графік і вучобу, Андрэй Марцынкевіч адказаў: “Было б жаданне і характар. Магчымасці заўсёды можна знайсці, а цяжкасці – пераадолець”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о