У мінулую сераду адбылася доўгачаканая для мясцовых аматараў футбола падзея – футбалісты петрыкаўскага “Шахцёра” атрымалі бронзавыя медалі першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі. Гэты сезон выдаўся для “калійшчыкаў” даволі ўдалым – калектыў прынёс шмат радасці сваім заўзятарам, доўгі час узначальваў турнірную табліцу другога дывізіёну, паставіў рэкорд па забітых і розніцы ў забітых і прапушчаных мячах. Ігракі клуба пастаянна зіхацелі ў статыстыцы лепшых футбалістаў, а адзін з нападаючых атрымаў адразу два медалі чэмпіянату 2022 года.

У зале кінатэатра “Беларусь” быў аншлаг. Здавалася, што трапіў на стадыён – паўсюль сустракаеш знаёмых, бо павіншаваць любімую каманду прыйшлі як зусім юныя наведвальнікі матчаў, так і аматары футбола паважанага ўзросту. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, кіраўніцтва футбольнага клуба “Шахцёр”, адміністрацыя Петрыкаўскага раёна і ААТ “Беларуськалій”.

У сваёй прамове памочнік генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” Вадзім Шумак павіншаваў футбалістаў з неблагім вынікам і адзначыў, што прадпрыемства заўсёды з вялікай увагай ставілася і будзе ставіцца да развіцця спорту.

Пасля творчага падарунка ад вакальнай групы “Дзінь-Дон” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, узнагароду атрымаў лепшы асістэнт “Шахцёра” Вадзім Курловіч. Ён, як ніхто іншы, дапамагаў забіць таварышам па камандзе, здзейсніўшы 12 перадач, што завяршыліся галамі. Клубны трафей лепшага бамбардзіра, што запісаў на свой рахунак 13 галоў і самага карыснага іграка з 10-цю асістэнцкімі перадачамі, атрымаў Максім Кавалевіч. Узнагарода за найпрыгажэйшы гол сезону, які вызначылі галасаваннем самі прыхільнікі клуба, атрымаў Саідходжы Мухамадшарыфі, а “прарывам сезона” трэнерскі штаб прызнаў Івана Зянькова.

Лепшымі ігракамі, па меркаванні балельшчыкаў, былі прызнаны Данііл Куцапалаў і Максім Кавалевіч. Сярод футбалістаў і трэнераў  было праведзена апытанне з мэтай выяўлення самага карыснага іграка. Такім чынам, трэцюю пазіцыю ў гэтым рэйтынгу заняў Вадзім Курловіч, на другім радку размясціўся варатар Павел Шчарбачэня, а перамог у галасаванні ўсё той жа Максім Кавалевіч.

Для правядзення ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання быў запрошаны намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў і спецыяліст дэпартаменту па правя-дзенні спаборніцтваў федэрацыі футбола Яўгеній Капытаў. Футбольныя функцыянеры адзначылі, што ім заўсёды прыемна назіраць за камандамі, што ставяць перад сабой самыя высокія задачы, дасягаюць іх і аказваюцца, урэшце, сярод прызёраў.

З віншаваннямі на адрас петрыкаўскага “Шахцёра” звярнулася і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, якая падзякавала за моманты радасці ад спартыўных поспехаў клуба. Потым быў зачытаны і віншавальны адрас ад старшымі райвыканкама Аляксандра Кохана, дзе кіраўнік раёна адзначыў, што петрыкаўчане заўсёды будуць рады падтрымаць клуб і пажадаў, каб у наступным сезоне вынікі каманды былі не горшыя за сёлетнія.

Са зваротным словам ад імя каманды выступіў галоўны трэнер петрыкаўскага “Шахцёра” Станіслаў Сувораў. Мужчына, як і належыць футбольнаму кіраўніку, першапачаткова папрасіў дараваць прыхільнікаў за тое, што клуб не заўсёды апраўдваў спадзяванні мясцовых заўзятараў. “Мы ўдзячныя за падтрымку, якая была асабліва каштоўнай на апошняй хатняй гульні, калі было абвешчана, што матч адбу-дзецца пры пустых трыбунах. Тое, што нашыя прыхільнікі знаходзіліся па перыметры стадыёна – вельмі каштоўна. На жаль, не ўсе планы ўдалося здзейсніць, але мы шчыра намагаліся заўсёды ісці наперад. У мяне засталося яшчэ адно жаданне – кожны раз каманда распачынала гульню з адпаведнага дэвізу. Хочацца, каб сёння мы прамовілі яго ўсе разам”. У адказ на гэтую прапанову футбалісты і заўзятары ўзнёсла пракрычалі: “Разам і да канца!”.

Бронзавы вынік з зайздроснымі паказчыкамі

Пасля танца ад харэаграфічнага калектыву “Анжэліна” прысутныя маглі задаць пытанні. З залы прагучала зацікаўленасць: як быць далей з выхадам у вышэйшую лігу? Нагадаем, што петрыкаўская дружына не мае магчымасці выступаць у першым дывізіёне чэмпіянату з-за таго, што з’яўляецца фарм-клубам, ці, прасцей кажучы, дачыннай камандай салігорскага “Шахцёра”. Намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў адзначыў, што пакуль такі статус будзе захоўвацца, то і абмежаванне бу-дзе дзейнічаць.

На пытанне да галоўнага трэнера: які клуб больш за ўсё падабаецца? Станіслаў Сувораў адказаў, што цікавяць, вядома, многія каманды, але любімы калектыў – петрыкаўскі “Шахцёр”.

Падводзячы вынікі сезону, трэба адзначыць, што каманда, на маё меркаванне, у большай ступені справілася з пастаўленай мэтай. Па-першае, дружына даволі ўдала выконвае сваю асноўную функцыю: быць падрыхтоўчай пляцоўкай для маладых футбалістаў, што пакідаюць дубль “салігарчан” і маюць жаданне, а галоўнае – здольнасці выступаць за салігорскі “Шахцёр”. Так, у гэтым годзе, на сярэдзіне дыстанцыі чэмпіянату з петрыкаўскага ў салігорскі калектыў перайшоў Ягор Карпіцкі. Юнак, якому днямі споўнілася 19 гадоў, атрымаў за сезон адразу два медалі: бронзавы – за выступленне ў першай лізе і залаты – у вышэйшай. Літаральна некалькі дзён таму засвяціўся ў саставе “салігарчан” і Максім Кавалевіч, які дапамог камандзе прайсці далей па сетцы Кубка Беларусі, забіўшы пераможны мяч у вароты футбольнага клуба “Мінск”. Разам з Кавалевічам да гульні былі прыцягнуты Андрэй Макарэнка, Іван Зянькоў і Ілья Свірыдэнка. Сустрэча скончылася з лікам 1:2 на карысць салігорскага “Шахцёра”.

Па-другое, петрыкаўская дружына паказала, што можа прыкладаць істотныя намаганні ў барацьбе з любым сапернікам. Аналіз, разлік, нястомнасць – усё гэта пра петрыкаўскі “Шахцёр” і асабліва пра работу галоўнага трэнера Станіслава Суворава. Справа далёка не ў тым, што “Смаргонь” ці “Нафтан” былі лепей, зусім не. На мой погляд, моладзь не здолела справіцца толькі з адным апанентам – уласнымі эмоцыямі, што перашкодзілі ўтрымацца на першым месцы турнірнай табліцы.

Час на падрыхтоўку да наступнага года дазваляе выправіць усе хібы, тым больш, што будучыя сапернікі не слабеюць. Мы зноў пабачым старых знаёмых: магілёўскі “Днепр” і дзяржынскі “Арсенал”, да кампаніі якіх далучаецца яшчэ і “Віцебск”. Трэба разумець, што і навабранцы з другой лігі будуць намагацца даказаць сваю адпаведнасць узроўню дывізіёна.

Што да падтрымкі петрыкаўскага “Шахцёра”, то варта канстатаваць – зацікаўленасць асобных землякоў футболам так і не вырасла ў заўзятарскую культуру. Новых людзей на трыбунах не з’яўляецца, а  па наведвальнасці матчаў стадыён “Прыпяць” займае адну з апошніх пазіцый. Магчыма, гэтаму “спрыяе” і адсутнасць хоць якога-небудзь казырка, што бараніў бы гледачоў на трыбунах ад непагадзі.

Будзем чакаць наступнага сезону, які абяцае падарыць эмоцыі і адкрыць для нас новыя імёны і клубы. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о