Сёння свой 94-ты дзень нара-джэння святкуе ветэран Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Лук’янавіч Куц. Падзеі той вайны наш герой памятае даволі-такі падрабязна. Падлеткам сустрэў ён вайну ў чэрвені 1941, салдатам-вызваліцелем – Перамогу ў маі 1945.

Памяць беражэ ўспаміныАнатоль Лук’янавіч Куц – ура-джэнец вёскі Дубавое, што на Брэстчыне, вось ужо 70 гадоў жыве ў Залессі. Валянціна Сцяпанаўна, нябожчыца-жонка нашага героя, прывезла Анатоля на сваю малую радзіму з Бабруйска, дзе да дэмабілізацыі ў 1950 го-дзе ён праходзіў тэрміновую службу, а яна працавала на цагельна-чарапічным заводзе. Спадабалася Залессе Анатолю Лук’янавічу, асабліва лес, якога ў роднай вёсцы не было. Тут стварылі сям’ю, пабудавалі дом, нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей: двух сыноў і дзвюх дачушак. Трыццаць чатыры гады сумеснага шчаслівага жыцця было адмерана лёсам ім з Валянцінай, і вось ужо трыццаць шосты год Анатоль Лук’янавіч жыве адзін. Да заўчастай смерці жонкі далучыліся пахаванні сына і дачкі – ягоны самы моцны боль, што не гоіцца гадамі.

Даваеннае жыццё ўсплывае ў памяці ветэрана, па нашым разуменні і ўспрыманні, сапраўднымі сюжэтамі гістарычных хронік. Мяркуйце самі: вучоба ў польскамоўнай школе; немцаў і польскіх жаўнераў ён пабачыў яшчэ да пачатку вайны; жыў паблізу сапраўднага панскага маёнтка, які знаходзіўся побач з вёскай, і куды з сябрамі-аднагодкамі бегалі ўпотай ад бацькоў; далучэнне Заходняй Беларусі да Савецкай – усе гэтыя падзеі памяць беражэ старанна.

Добра памятае Анатоль Лук’янавіч і раніцу, калі прачнуўся ад матулінага: “Дзеткі, уставайце, вайна!” Словы маці прыйшлі ў свядомасць разам з выбухамі снарадаў. Па словах мужчыны, гэта быў сапраўдны жах!

Пасля былі тры гады жыцця на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Гады страху і працы – трэба ж было выконваць харчовую норму, даведзеную да кожнага двара. Аслухацца ці парушыць нямецкі парадак значыла адно – немінучую смерць. Але неяк выжылі.

І вось ужо дачакаліся вызвалення Беларусі. Вялікія страты панесла наша армія за час вайны, пачалі мабілізаваць у войска тых, хто дасягнуў прызыўнога ўзросту. Трапіў пад прызыў і наш герой. Па сённяшні дзень не разумее таго, як выжыў ён на той вайне. Больш таго, пераможным маршам змерыў Польшчу, Усходнюю Прусію, Германію. Камандзір гарматы трэцяй батарэі, якая была прыкамандзіравана да 29 танкавага корпуса, разам з баявымі таварышамі артылерыйскім агнём падтрымліваў наступальныя аперацыі танкістаў. “Надзвычай моцна і апантана абараняліся ворагі на тэрыторыі Германіі, баі за ўзяцце Кёнігсберга былі асабліва крывавыя, – успамінае Анатоль Лук’янавіч. – Здавалася: вайна прайграна, а яны б’юцца за кожную вуліцу, за кожны зруйнаваны дом. Таксама запомніўся мне бой у ваколіцах Сопата. Пры падтрымцы ваенных караблёў з Балтыйскага мора проста паласавалі вынішчальным агнём берагавую лінію мы са свайго боку, немцы – са свайго. Ад выбухаў вадзяны слуп узнімаўся на 40 метраў. Ведаеце, кулі сапраўды свішчуць, ды яшчэ як! Аднак Перамога ўсё роўна была за намі, інакш і быць не магло”.

– Калі думаю пра мужнасць і самаахвярнасць салдат, тое, што дасталася пехацінцам, робіць іх ці не галоўнымі героямі той вайны, – сказаў мой субяседнік і задумаўся, нібы нешта ўспомніў.

На маё запытанне пра ўзнагароды – сціпла паведаміў: “З баявых узнагарод маю Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі за ўзяцце Кёнігсберга і за перамогу над Германіяй, а таксама шэраг юбілейных узнагарод. Аднак галоўная ўзнагарода той вайны – жыццё ”.

Колькі мудрасці ў гэтых словах Анатоля Куца. А жыццё шчодра ўзнагароджвае яго клопатам і ўвагаю дзяцей і ўнукаў, што частыя госці ў яго хаце. Пераяз-джаць ні да дачкі ў Клецк, ні да сына ў Маскву мужчына пакуль не збіраецца. “У стане пра сябе паклапаціцца сам,” – не без гонару зазначае ветэран. Верым. Калі мы завіталі да Анатоля Лук’янавіча, то засталі гаспадара за няхітрай мужчынскай справай – ён калоў дровы. Што тут яшчэ дадаць!
Анатоль Лук’янавіч, прымайце нашы віншаванні разам з пажаданнямі моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця, а ў падарунак – падпіску на “раёнку”.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о