Заўтра знамянальная дата – дзень аб’яднання дзвюх  сясцёр, саюзніц, аднадумак. Менавіта так характарызуюцца адносіны сінявокай Беларусі і маляўнічай Расіі. Для маладога пакалення беларусаў гэты дзень – прызнанне даверу, павагі да суседзяў, жаданне супрацоўніцтва, партнёрскіх адносін. Для пакалення людзей, народжаных у СССР, свята сімвалізуе непарушальнасць шматвяковага брацтва. З распадам Саюза роднасць савецкіх лю-дзей нікуды не знікла. Была зменена палітычная і эканамічная сістэмы. Аднак для большай часткі грамадзян таго часу гэта не азначала адмову ад гістарычнай спадчыны. Утварэнне Саюзнай дзяржавы толькі замацавала надзейныя адносіны дзвюх краін. Тое, што ў беларуска-рускіх адносінаў адзіныя славянскія каштоўнасці, жаданні, погляды і доўгая шчаслівая будучыня, красамоўна кажуць звязаныя ў адзінае лёсы людзей, якія пражываюць на тэрыторыях дзвюх краін і не падзяляюць іх на “сваю” і “чужую”.

Паміж сэрцамі няма мяжы

У госці да жыхароў Навасёлак Аляксандра Буга і Антаніны Маслюковай мы напрасіліся з нагоды. Хацелася паглядзець, як інтэрнацыянальная сям’я ўладкавалася ў прыгожай палескай вёсцы. Сядзіба гаспадароў красамоўна паказвала, што тут жывуць працавітыя людзі і сядзець на месцы, склаўшы рукі, спасылаючыся на пенсійны ўзрост – гэта не пра іх. Акуратна высаджаны вінаграднік, клумбы для кветак, зона адпачынку, цяпліца, якая чакае свайго часу – балазе з вокнаў хаты “выглядвала” расада перцаў і памідор. Прыемнае і запамінальнае ўражанне прынесла і знаёмства з гаспадарамі: пазітыўнымі, цікавымі і гасціннымі людзьмі. Размова за кубкам гарбаты і выпечанымі да нашага прыезду булачкамі, дазволіла нам убачыць перад сабой землякоў, якія, пакінуўшы за плячыма  шлюбы, якія не склаліся, сустрэліся дваццаць восем гадоў таму, каб ісці па адной жыццёвай дарозе, будаваць новыя планы і ўвасабляць іх у жыццё.

Дзяцінства і юнацтва Аляксандра Уладзіміравіча прайшло ў Малдавіі. Там жа, у Кішынёўскім універсітэце, юнак атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Дысцыплінаванаму, здольнаму выконваць пастаўленыя задачы, рашучаму ў справах, яму прызначана было звязаць сваю дзейнасць з ваеннай справай. Геаграфія яго ваеннага жыцця ўражвае: Прыбалтыка, Перадняпроўе, Чэхаславакія, апалены вайной Афганістан.

– Абраў такі шлях свядома. Родная зямля для мяне мае важнае значэнне, а абарона яе інтарэсаў – справа гонару. Калі Радзіма казала “трэба”, я адпраўляўся служыць, – дзеліцца герой. – Я выхадзец з СССР, і роднаснымі лічу многія народы былога Саюза. Асабліва Беларусь.

Пасля заканчэння службы, былы ваенны размясціўся ў Бранскай вобласці. У звычайным мірным жыцці трэба было шукаць сябе нанава. Вырашыў паспрабаваць сілы ў сферы бізнэсу. Часта па справах даводзілася бываць у блізкім замежжы, дзе аднойчы, у беларускім Гомелі, сустрэў сваю другую палову.

Малая радзіма Антаніны Іванаўны – вёска Навасёлкі. Пасля заканчэння мясцовай школы дзяўчына накіравалася ў абласны цэнтр, дзе атрымала спецыяльнасць прадаўца і асела ў гарадской мітусні. Не думала і не гадала, што пераступіўшы праз чацвёрты дзясятак, сустрэне чалавека і, кінуўшы наладжаны побыт, паедзе з ім у далёкі расійскі куток на цэлых пятнаццаць гадоў.

– Чаму пераехалі ў Беларусь? Нягледзячы, што ў Расіі мы жылі добра, у нас на той момант быў дом, кватэра і блізкае кола сяброў, я вельмі хацела вярнуцца на Радзіму, – не хавае суразмоўца. – Муж быў не супраць: наша краіна заўсёды славілася сваімі людзьмі, зямлёй, багатай на прыродныя дары. Спачатку вырашылі набыць дом каля абласнога цэнтра, але думка, што ў Навасёлках самотна стаіць дом маці – не давала пакою. Прыехалі, паглядзелі і ўзяліся за працу.

За два гады добраўпарадкавання бацькоўская сядзіба набыла сучасны выгляд. У доме – камфортныя ўмовы, якія не саступаюць гарадскім. Але галоўнае – там пануе любоў і ўвага адзін да аднаго.

Сям’ю жыхары аграгарадка прынялі з радасцю. Аляксандр Уладзіміравіч атрымаў від на жыхарства і адчувае сябе сваім на Петрыкаўшчыне.

Нашы героі – шчаслівыя людзі. У іх на дваіх трое дзяцей і шэсць унукаў. Усе яны – адна вялікая сям’я. Родных чакаюць у прыгожай беларускай вёсцы, каб падараваць чарговую порцыю любві і клопату, паказаць на ўласным прыкладзе сапраўдныя сямейныя каштоўнасці, закладзеныя агульнымі продкамі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о