Магчыма, нехта з чытачоў памятае, як у пазамінулым нумары я адзначаў, што ў паўсядзённым жыцці наведваю не больш чатырох крам. Дык вось, адна з такіх належыць гандлёваму прадпрыемству “Рубіконгандаль”, бо асартымент тут здзіўляе разнастайнасцю. Працаваць тут умеюць, пра што сведчыць наступны факт – “Рубіконгандаль” прызнаны лепшым прадпрыемствам гандлю Петрыкаўшчыны. Яшчэ адзін бясспрэчны доказ шчырай працы калектыву – вопыт, бо ўжо больш за чвэрць стагоддзя гэтая гандлёвая сетка не пакідае пакупнікоў без набыткаў і ўважліва сочыць за іх густам і патрэбамі.
Пра цяжкасці гандлю на вёсцы і перспектывы прадпрыемства мы запыталі ў дырэктара “Рубіконгандлю” Уладзіміра Фурмана.

“А мне не ўсё роўна, што скажуць людзі”Хоць Навасёлкі бачылі і лепшыя часы, але і зараз гэты аграгарадок якасна адрозніваецца ад блізляжачых вёсак. Навакольныя Ванюжычы, Аносавічы, Філіпавічы стаяць нібы зачараваныя і толькі брэх сабакі ці дым з коміну нагадвае – жыццё тут усё ж такі ёсць.

Пейзажы сумныя, і я намагаюся ўявіць твар якога-небудзь мінскага прадпрымальніка, пасля прапановы распачаць тут гандлёвы бізнес. Якія эмоцыі я б убачыў: грэблівасць, здзіўленне, смех? А як бы ён выглядаў, калі б даведаўся, што тут узяла пачатак паспяховая гандлёвая сетка, якая была лепшай і найбуйнейшай у вобласці ў галіне гандлю ў сельскай мясцовасці?

Пакуль мая галава была занята гэтымі разважаннямі, наш легкавік прыпыніўся каля прадпрыемства “Рубіконгандаль”. На ганку мы сустрэліся з яго дырэктарам Уладзімірам Фурманам. Завязалася размова.

Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў Навасёлках, да гэтага часу тут і жыве. Працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, у 90-х гадах мужчына пачаў займацца бізнесам: спачатку атрымаў статус індывідуальнага прад-прымальніка і адкрыў на малой радзіме 26 год таму краму “Вясёлка”. Пэўна, з гэтай падзеі і пачынаецца гісторыя вясковага прадпрымальніцтва. Ішоў час, адкрываліся новыя гандлёвыя кропкі і ў 2003 годзе было зарэгістравана вядомае многім жыхарам Петрыкаўшчыны гандлёвае прадпрыемства. Праз пэўны час “Рубіконгандаль” стаў найбуйнейшым прадпрыемствам вобласці ў галіне гандлю ў сельскай мясцовасці. Зараз сетка налічвае 13 аб’ектаў: у Бабунічах, Галубіцы, Грабаве, Капаткевічах, Колках, Конкавічах, Ляскавічах, Мышанцы, Навасёлках, Новых Галоўчыцах, Чалюшчавічах і Петрыкаве. Што тычыцца райцэнтра, то тут працуюць дзве крамы: “Фартуна” у заходняй частцы горада і “Аўрора” ў цэнтры, таму арыентаванасць гандлёвага прадпрыемства ўжо не назавеш уласна вясковай.

– Зараз, з вышыні гадоў, я магу падвесці некаторыя вынікі. Магчыма, для кагосьці гэта прагучыць не вельмі сціпла, але наўрад ці ў Петрыкаўскім раёне знойдзецца яшчэ які-небудзь суб’ект гандлю, што можа стварыць нам канкурэнцыю на вёсцы.
Разам з тым, мы не прыпыняемся ва ўдасканальванні нашай гандлёвай сеткі: пастаянна паляпшаем як знешні выгляд, так і напаўненне нашых аб’ектаў. Вось глядзіце, калі раней прыватнікаў настойліва прасілі перайсці да арганізацыі самаабслугоўвання, то зараз, здаецца, нікога пераконваць у такіх мерах не трэба: прадавец за прылаўкам і шматлікімі паліцамі – мінулае стагоддзе. Сёння пакупніку трэба ўважліва разгледзець тавар, даведацца пра яго склад і пахо-джанне. Таму з 13 нашых гандлёвых кропак 11 працуюць па прынцыпе самаабслугоўвання. У “20 стагоддзі” засталіся толькі крамы ў Бабунічах і Новых Галоўчыцах. Аднак у бабуніцкім магазіне ўжо вядзецца рэканструкцыя і на працягу месяца ён будзе адноўлены. Далей у чарзе новагалоўчыцкая крама.

Калі казаць увогуле, то лічу наяўнасць нашых аб’ектаў у вёсках добрай справай, бо яны робяць свой уклад у паляпшэнні якасці жыцця вяскоўцаў. Мы будуем свой гандаль так, каб у нашай краме спажывец мог зрабіць і буйныя набыткі, напрыклад, бытавую тэхніку, і знайшоў у нас нейкія дробязі, накшталт іголкі з ніткаю, якія так патрэбны ў паўсядзённасці, – падзяліўся Уладзімір Фурман.

На пытанне, чаму мужчына вырашыў адкрываць гандаль на вёсцы і ці не было трывожна так рызыкаваць у сярэдзіне 90-х, калі краіну кранула столькі сацыяльных і эканамічных патрасенняў, Уладзімір Іванавіч адказвае шчыра:
– Было не тое, што боязна, было страшна. Час быў неспакойны. Жылі і не ведалі, што нас чакае заўтра. Хадзілі чуткі, што калі зменіцца палітычны курс, то ў прадпрымальнікаў наўпрост усё адбяруць. Не існавала прыватных аптовых прадпрыемстваў, на дзяржаўных аптовых базах нічога не было. Гэта зараз звыш 90 % прадуктаў харчавання ў нашым продажы выключна беларускія і я лічу гэта правільным, свайго вытворцу трэба падтрымліваць! Але ж у тыя часы такой шырокай харчовай вытворчасці проста не існавала.

Цяжка было і псіхалагічна. Уявіце, я працаваў у саўгасе, меў пэўны статус, адпаведна і людзі адносіліся да мяне, як да чалавека працы, што робіць уклад у агульную справу. І ў адзін момант усё гэта руйнуецца, аднавяскоўцы негатыўна адносяцца да ўсяго прыватнага, рэзка негатыўна. У такіх выпадках некаторыя адзначаюць, маўляў, мне ўсё роўна, што пра мяне будуць думаць іншыя… А я так сказаць не магу, бо мне не ўсё роўна. З цягам часу адносіны людзей змяніліся ў станоўчы бок.

А што да арыентацыі нашага гандлю на вёску, то тут усё проста. Я мясцовы, ведаю раён, дзе ўсё зразумела, вядомыя і патрэбы людзей. Тым больш, што Петрыкаўшчына – рэгіён аграрны, тут неабходна развіваць гандаль для людзей, а намаганні стварыць крамы ў іншых гарадах ці сталіцы цягнуць за сабою лагістычныя выдаткі, – адзначыў Уладзімір Іванавіч.

Зразумела, гандаль на вёсцы сутыкаецца з цяжкасцямі. Як адзначыў суразмоўца, прыбытак залежыць ад поспехаў сельскай гаспадаркі, бо большасць пакупнікоў – занятыя ў аграрнай галіне. Але хваліцца поспехамі сельгаспрадпрыемствам не выпадае. Акрамя гэтага, людзі з’язджаюць з вёсак, сталае пакаленне скарачаецца.
– Улічваючы ўсе гэтыя прычыны, адзначу, што перспектывы атрымання вялікага прыбытку мы не бачым. Таму наша ўвага сканцэнтравана на захаванні і мадэрнізацыі таго, што ёсць – людзі жывуць і мы будзем працаваць дзеля іх патрэб. Акрамя таго, прадпрыемства дае работу больш за паўсотні працаўнікам. У кожнага сям’я і гэта значыць, што як мінімум 150 чалавек маюць сямейны даход, упэўненасць у заўтрашнім дні, будуюць планы, дзякуючы, у тым ліку, і “Рубіконгандлю”.
Падводзячы вынікі нашай размовы, Уладзімір Фурман адзначыў: “Я лічу, што абраў правільны шлях, працаваў не толькі для сябе, але і для людзей. Але за ўсе дасягненні варта дзякаваць калектыву, бо адзін я нічога не быў бы варты. Магчыма, гэта смешна, але трэба падзякаваць яшчэ і былым канкурэнтам – Райспажыўтаварыству. З-за таго, што яны ў вёсках зачынялі свае крамы, у наш штат трапілі класныя, адукаваныя і вопытныя спецыялісты!”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о