Неахайнасць як лад жыцця

0
294

Уваходныя групы ў вашых пад’ездах выглядаюць гэтак жа неахайна?

Неахайнасць як лад жыцця

 Пытанне, паважаныя нашы чытачы, канешне ж, рытарычнае, і не прамога адказу мы ад вас чакаем. У дадзеным выпадку жадаем звярнуць увагу на праблему “пераўтварэння” ўваходных груп пад’ездаў большасці шматпавярховак райцэнтра ў дошкі аб’яў. А што, даволі зручна: абсалютна бясплатна, не прыкладваючы вялікіх намаганняў ідзе “паляванне” на кліента – спажыўца той ці іншай паслугі ці тавара.

Аднак пры гэтым мы чамусьці не задумваемся наконт законнасці падобнага дзеяння. А варта было б. Так, для аб’яў прадугледжаны інфармацыйныя дошкі, а не ліхтарныя слупы, агароджы, дзверы і сцены пад’ездаў. Пакараць парушальніка (як варыянт адмыць сапсаваную сцяну) не складана – усю неабходную інфармацыю пра сябе яны неабачліва, пры нашым падыходзе да апісанай сітуацыі, пакінулі. Самае дзіўнае і парадаксальнае ў гэтай сітуацыі тое, што самі камунальнікі, у чые прафесійныя абавязкі ўваходзіць утрыманне ў належным стане нашых пад’ездаў і прыдамавых тэрыторый, грашаць падобным спосабам “зносінаў” са сваімі кліентамі. Сярод пакінутых на сцяне аб’яў ёсць і камунгасаўская.

Што да дошак аб’яў, то яны, канешне ж, маюцца ў райцэнтры. Больш таго, размешчаны ў самых зручных месцах, аднак на сённяшні дзень аказаліся незапатрабаванымі: сучасны чалавек прывык атрымліваць інфармацыю імгненна па запыце, да дошкі аб’яў на суседнюю вуліцу наўрад ці хто пойдзе ў пошуку цікавячай паслугі ці тавару.

Не забываем яшчэ пра адзін дзейсны сродак пошуку спажыўца тавараў і паслуг – рэклама ў раённай газеце. Танна, законна, запатрабавана – паспрабуйце і вы будзеце прыемна здзіўлены.

Вяртаючыся да ўзнятай праблемы зазначу: усеагульны камфорт, парадак і дабрабыт пачынаецца вось з такіх, нязначных на першы погляд сітуацый, якія з цягам часу перарастаюць у звычку, а пасля становяцца ладам нашага жыцця. Аднак, не хацелася б…

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о