Курс на надзейнае супрацоўніцтва

0
352

Беларусь ратыфікавала мемарандум аб абавязацельствах рэспублікі для атрымання статусу дзяржавы – члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Закон № 313-З ад 27 лістапада 2023 года падпісаны кіраўніком дзяржавы і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

ШАС – адна з найбольш уплывовых арганізацый у азіяцкім рэгіёне. А калі дадаць да спіса дзяржаў-удзельніц краіны, што маюць статус партнёра па дыялогу, назіральніка ці падаўшых заяўку на статус назіральніка, то геаграфія ШАС пашыраецца да Афрыкі і Блізкага Усходу.

Беларускі бок не раз падкрэсліваў, што ўплывовасць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва зараз адчуваецца не толькі ў эканамічнай сферы, але і ў галіне міжнароднай бяспекі. Звяртаючы ўвагу на важнасць узаемадзеяння і распрацоўкі зладжаных сумесных адказаў на выклікі з боку глабальных пагроз, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліваў: “Трэба прызнаць, ранейшая сістэма бяспекі не была ідэальнай, але тым не менш прадугледжвала механізмы стрымання і процівагі, абавязковасць выканання норм міжнароднага права. Сёння ж мы бачым поўны злом усіх правіл і паняццяў. Таму нядзіўна, што ШАС вымушана яшчэ больш сфакусіравацца не на пытаннях эканомікі, а на праблемах бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З іншага боку, краіны-ўдзельніцы неаднаразова давалі зразумець, што Беларусь з’яўляецца жаданым суб’ектам у арганізацыі. Таму і развіццё супрацоўніцтва з ШАС ішло планамерна: першыя абавязацельствы па выкананню мэт і прынцыпаў арганізацыі наша краіна ўзяла на сябе яшчэ з 2002 года.

Ратыфікацыя мемарандума не толькі сведчыць пра згоду ў поглядах і дамоўленасцях у азіяцкім рэгіёне. Стратэгічнае партнёрства па ключавых пытаннях дае магчымасць краінам развівацца ўласным вызначаным шляхам на прынцыпах узаемнай зацікаўленасці, агульнай карысці і справядлівасці.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о