На мехдвары сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Анатоліем Жукаўцом, які распавёў нам пра арганізацыю касавіцы ў сельгаспрадпрыемстве.

СТАРТ СЕЗОНА ЎЗЯТЫ
– У сезон мы ўвайшлі ў аптымальны тэрмін з поўнай гатоўнасцю тэхнікі і ўкамплектаванымі звёнамі механізатараў. Да таго ж, традыцыйна, у самы адказны і напружаны час побач з механізатарамі гаспадаркі працуюць работнікі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, што заўсёды з’яўляецца для нас істотнай падтрымкай. Штодзень у сем гадзін раніцы механізатары ўжо на рабочым месцы. Спачатку яны прадуваюць і чысцяць агрэгаты, запраўляюць трактары і машыны, праходзяць перадрэйсавы агляд і толькі тады выязджаюць у поле, – увёў у курс справы галоўны аграном.
Што да планавых паказчыкаў, то, як зазначыў Анатолій Пятровіч, пад першы ўкос адведзена 848 гектараў. Па стане на 10 чэрвеня скошана і прыбрана 522 гектары, а гэта больш за 60% ад запланаванага. Астатнія плошчы разлічаны на нарыхтоўку сена.

ПРА ТЭХНАЛАГІЧНЫЯ СТАНДАРТЫ
– Каб закладваемы сянаж быў якасным і спажыўным для жывёлы, вельмі важна паспець скасіць травы ў аптымальную фазу, – тлумачыць у час размовы Анатолій Пятровіч. – Затым праходзіць абавязковы працэс падвяльвання зялёнай масы, і толькі потым – трамбоўка і ўкрыццё – фінальныя аперацыі пры нарыхтоўцы кансерваваных кармоў у траншэі. Памылкі і недапрацоўкі на гэтых этапах вядуць да сур’ёзных страт спажыўных якасцей сенажу. Таму мы імкнемся забяспечыць раўнамернае ўшчыльненне падвяленай масы, каб стварыць у пласце беспаветранае асяроддзе. Важны аспект – якасная падрыхтоўка саміх траншэй перад запаўненнем: іх мы абавязкова вычышчаем, дэзынфіцыруем і белім, – адзначыў у час гутаркі Анатолій Пятровіч.

Шматгадовыя травы, як вядома, ідуць на сена. Яго ў гаспадарцы нарыхтавана ўжо 25 тон. Думаюць у сельгаспрадпрыемстве ўжо і пра другі ўкос, таму і пачалі ўносіць падкормку ў выглядзе мінеральных угнаенняў пад травы першага ўкосу – толькі так можна зябяспечыць высокія паказчыкі якасці кармоў 2-га ўкосу.

СЁННЯШНІ ВЫНІК –ІХ ЗАСЛУГА
– Хочацца адзначыць лепшых механізатараў, намаганнямі якіх і дасягнуты такі вынік. Так, на нарыхтоўцы сенажу лепшымі былі Дзмітрый Гадун і Іван Жукавец. На варушэнні і зграбанні зялёнай сянажнай масы вылучыліся Віктар Точка і Мікалай Абібак. На падборы і здрабненні з падачай у транспартны сродак – Уладзімір Шульга і Сяргей Пашук. Лепшымі на транспарціроўцы сянажнай масы з урочышча Найда ў яму на МТК “Ляскавічы” былі Мікалай Крэс і Павел Краменскі. Нельга не адзначыць работу Сяргея Козела і Сяргея Канстанцінава, Мікалая Савошкі і Мікалая Краўчэні.

На 10 чэрвеня спрасавана ў рулоны з выкарыстаннем палімернай плёнкі – 265 тон сена, а гэта – 396 цюкоў.
На трамбоўцы сенажу адзначу Сяргея Сазонава, Рыгора Марціновіча і Мікалая Цімашэню. У сянажную яму закладзена 1725 тон сенажу, – рэзюмаваў Анатолій Пятровіч.

З кожным днём корманарыхтоўчая кампанія ў раёне набірае абароты. І сёння вельмі важна якасна і ў тэрмін завяршыць першы ўкос траў. Спрыяльных умоў надвор’я вам, аграрыі, і высокіх ураджаяў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтар

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о