Мабыць, яшчэ ніколі ў гісторыі не надавалася столькі ўвагі прафесійнай арыентацыі чалавека, як цяпер. Курсы, лекцыі, тэсціраванне, аўтарскія праграмы самавызначэння – усё гэта вялікая праца, каб дапамагчы чалавеку не памыліцца ў выбары прафесіі. Вы правільна зразумелі, сёння гаворка пой-дзе пра прафарыентацыйную работу, якая праводзіцца на Петрыкаўшчыне.
– З навучэнцамі старэйшых класаў на працягу навучальнага года вядзецца актыўная прафарыентацыйная работа, – распавяла загадчык Петрыкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марына Кульба. – З мэтай праф-арыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца дні вучнёўскага самакіравання, у рамках якіх навучэнцы выступаюць у ролі педагогаў, праводзяць урокі.
Па словах Марыны Эдуардаўны, вялікая ўвага ў рамках прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі надаецца прафесіям, запатрабаваным у рэгіёне.
– У студзені 2021 года ва ўстановах адукацыі прайшлі праф-арыентацыйныя сустрэчы з супрацоўнікамі Петрыкаўскага РАНС, у лютым – з супрацоўнікамі Петрыкаўскага РАУС, у сакавіку адбылася прафарыентацыйная сустрэча навучэнцаў гарадскіх устаноў адукацыі з прадстаўнікамі Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя В.Ф. Міцкевіча.
У красавіку навучэнцы 11 класа сярэдняй школа № 1 сустрэліся з галоўным спецыялістам Мазырскага НПЗ, па пытаннях паступлення на аграрныя прафесіі. У красавіку прайшлі сустрэчы з прадстаўніком Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
З мэтай актывізацыі прафарыентацыйнай работы ў 2018 годзе на базе Чалюшчавіцкай сярэдняй школы створаны рэсурсны цэнтр па працоўным выхаваннi і праф-арыентацыі. У красавіку ўстановай ініцыіравана правядзенне раённага конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку па прафесіі ”Гароднінавод”.
Таксама з 2018 года на базе Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі функцыянавала рэспубліканская інавацыйная пляцоўка па тэме “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як ўмова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”.
Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Таццяна Шпак, карыстаецца папулярнасцю адукацыя па мэтавым накіраванні.
– Права прэтэндаваць на атрыманне мэтавага накіравання на навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах маюць выпускнікі базавых, сярэдніх школ, гімназій пры пэўных умовах, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна. – Найперш, калі ёсць патрэба ў спецыялістах вызначанай прафесіі; калі арганізацыі, якія выдаюць накіраванні, знаходзяцца ў населеным пункце з колькасцю да 20 тысяч чалавек, сельскім населеным пункце або на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Важна, каб атрымальнікі накіраванняў мелі выніковыя адзнакі па профільных прадметах не ніжэй 6 балаў.
Нагадаю, што для атрымання мэтавага накіравання канкрэтна на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікі могуць звяртацца ў аддзел адукацыі. Усю інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 5-45-50.
Прыемна ўсведамляць, што ў раёне больш за 80 % маладых спецыялістаў працягвае працаваць на месцах.
– Хутка споўніцца год, як я працую настаўнікам замежнай мовы ў гімназіі горада Петрыкава, – падзялілася з намі Анастасія Галавач. Дзяўчына, якая атрымала адукацыю пры дапамозе мэтавага накіравання.
– Англійская мова як прадмет падабалася мне яшчэ з пачатковай школы. Захопленасць прадметам дала нядрэнныя вынікі: на працягу некалькіх гадоў я была лепшай у раённай алімпіядзе па англійскай мове. Выбар будучай прафесіі быў відавочным, таму што для мяне важна займацца менавіта любімай справай.
У 2016 годзе я паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на факультэт замежнай мовы па мэтавым накіраванні. Так, так, менавіта па мэтавым. У гэтым і заключалася здзіўленне ўсіх маіх знаёмых, таму што з набранымі 299 баламі я праходзіла на бюджэтнае навучанне па многіх спецыяльнасцях у МДЛУ. Але мне таксама было важна пасля вучобы мець магчымасць размеркавацца ў любімы раён.
Чаму Гомель? Гэты ўніверсітэт у свой час заканчвала мая мама. У Гомелі ў нас ёсць сваякі, а ў Мінску – нікога. “Ну добра Гомель, але навошта табе вяртацца ў Петрыкаў адразу пасля ўніверсітэта? Ты паспееш сюды вярнуцца ў любы момант”, – гэта мне казалі ўсе запар.
Цярпліва тлумачыла, што ў мяне тут ёсць жыллё, што я – вельмі сямейны па сваёй сутнасці чалавек і для мяне важна мець магчымасць прыйсці ў бацькоўскі дом не толькі ў выхадныя або ў час адпачынку, але і ў любы іншы дзень тыдня, што Петрыкаў – гэта не толькі месца, дзе я нарадзілася. Тут нарадзілася і вырасла некалькі пакаленняў маіх сваякоў. Адсюль у 1941 годзе на фронт сыходзілі мае два прадзеда і сюды ж вярнуліся з перамогай. Тут і цяпер жывуць усе самыя дарагія для мяне людзі.
Мне пашанцавала з маім першым працоўным месцам. Мяне накіравалі працаваць у родную гімназію. Мае настаўнікі – гэта ўжо мае калегі. Гэта да шмат чаго абавязвае, хочацца быць такім жа прафесіяналам сваёй справы, як і яны. Працу сваю люблю, падабаецца дзяліцца сваімі ведамі з вучнямі.
Планую павышаць сваю кваліфікацыю і развівацца ў сферы замежнай мовы і далей.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Оставить комментарий