Надыходзячы 2023 год будзе самым шчаслівым і ўдалым, заявіў наш Прэзідэнт журналістам пасля прыбыцця на нефармальную сустрэчу лідараў СНД. Варта таксама адзначыць, што апошнія дні снежня – традыцыйны час і для падвядзення вынікаў адыходзячага года. І можна смела заключыць, што год гэты аказаўся для нашай краіны не толькі даволі ўдалым, але і забяспечыў надзейны задзел на будучыню.

Сказана
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
– 2022 дае падставы сцвярджаць з асцярожным пакуль аптымізмам, што мы спраўляемся, і даволі нядрэнна, з эканамічнымі выклікамі. Нечакана для саміх сябе раскрываем той наш велізарны патэнцыял, які ў іншыя часы проста не бачылі ці не верылі ў яго. Але патрэбна хуткасць у прыняцці і рэалізацыі рашэнняў. Час зараз важней грошай.
У час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, 19 снежня 2022 года.

Падмурак дзяржбудаўніцтва
Рэспубліканскі рэферэндум, які адбыўся 27 лютага, на якім грамадзяне краіны выказаліся за змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, адкрыў новую старонку ўмацавання беларускай дзяржаўнасці. І яна пішацца дагэтуль: нарматыўная база прыводзіцца ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка адзначыў:
– Год у плане дзяржаўнага будаўніцтва быў вельмі ўдалы і дзейсны. Беларусь чарговы раз явіла свету беспрэцэдэнтны прыклад таго, як трэба аб’ядноўваць грамадзян вакол нацыянальнай ідэі. Таму што, як трапна сказаў Прэзідэнт, Канстытуцыя краіны – гэта свайго роду нацыянальная ідэя, якая аб’ядноўвае ўсіх грамадзян.
Самае галоўнае: беларуская дзяржава выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязкі і функцыі. З тых жа пазіцый – нацыянальных інтарэсаў і агульнанароднай прымальнасці – працягваецца і працэс далейшага фарміравання і развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Прамая народная дэмакратыя
Гэты год ва ўсёй паўнаце раскрыў патэнцыял грамадзянскай супольнасці ў такой важнай дзейнасці, як заканатворчая, адзначыў у інтэрв’ю часопісу “Беларуская думка” намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі:
– Абмеркаванне законапраекта аб УНС паказала, што людзі прызнаюць і давяраюць гэтай форме фактычна прамой народнай дэмакратыі. Гэта пляцоўка для балансу грамадскіх сіл, для выпрацоўкі грамадскай дамовы, калі хочаце. УНС будзе выконваць ролю стабілізуючага фактара, які дазваляе з мінімальнымі стратамі пераадольваць крызісы. Фармат грамадскіх абмеркаванняў вельмі запатрабаваны, мы будзем і надалей яго развіваць. Натуральна, праведзеная работа ўказала і на напрамкі ўдасканалення інстытута грамадскіх абмеркаванняў.
На змену колькасным паказчыкам павінны прыйсці якасныя. Упор трэба рабіць на арганізацыю экспертных абмеркаванняў, калі сваё меркаванне выказваюць профільныя спецыялісты.
У той час, калі нашыя з вамі суграма-дзяне вядуць дыскусіі пра дзяржаўнае будаўніцтва і грамадскае развіццё, грама-дзяне брацкай Украіны знаходзяцца літаральна на мяжы выжывання, да якой іх падштурхнулі гора-палітыкі.
На думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Паўла Папко, вопыт Беларусі, як і Расіі, можа і павінен быць прыкладам для іншых краін – у прыватнасці, у аспекце адносін улад да жыхароў сваіх краін:
– Гэты той разрыў, які адчуваецца ў іншых краінах, калі эліты прымаюць рашэнні выключна на сваю карысць, просты народ для іх чужы нават па ідэалагічным прынцыпе. У той жа час, кіраўніцтва нашых краін прымае рашэнні ў інтарэсах людзей.

Саюзнае ўдасканаленне
Тым больш ашаламляльным выглядае ўзмацненне беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў 2022 годзе. 19 снежня ў Мінску прайшла дзясятая за год сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі, канец мінулага тыдня быў азнаменаваны наведваннем Аляксандрам Лукашэнкам Зорнага гарадка, а пачатак цяперашняй – нефармальнай сустрэчай кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц СНД у Санкт-Пецярбургу. Прысвечанай у тым ліку і падвядзенню вынікаў 2022 года і абмеркаванню планаў па далейшым узаемадзеянні. Палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі канстатуе:
– Не атрымаецца пасварыць Лукашэнку і Пуціна, нягледзячы на любыя “інсайды” заходніх экспертных цэнтраў. Прэзідэнты знаходзяцца на піку даверу і ўзаемадзеяння за апошнія 20 гадоў.
Старшыня РГА “Белая Русь”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Раманаў рэзюмуе:
– Той пасыл, які абодва прэзідэнты далі і прэсе, і беларускаму, і расійскаму народу, гаворыць пра тое, што перагаворы былі паспяховымі і яны стануць асновай для прарыўных рашэнняў і руху наперад у развіцці нашых дзвюх краін.

Санкцыі робяць нас мацнейшымі
Палітыка незаконных антырасійскіх і антыбеларускіх санкцый бумерангам б’е па іх аўтарах, і сусветныя СМІ ўслед за вядучымі аналітыкамі пачынаюць гэта ўсведамляць. “2023 год будзе нашмат складаней”, – прагназуе брытанскі часопіс The Economist.
Замежная прэса і яе аналітыкі з раздражненнем канстатуюць, што санкцыі падштурхнулі Маскву і Мінск да развіцця ўласных эканомік і актывізацыі імпартазамяшчэння. Пра гэта ж заявіў і Прэм’ер міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў інтэрв’ю праграме “Пытанне нумар адзін” на тэлеканале “Беларусь 1”:
– Тыя, хто праводзіў аперацыю супраць нас, абапіраліся на разлікі, ацэньваючы меркаваны ўплыў санкцый на краіну. Мы таксама праводзілі свае разлікі і ведалі, што трэць ВУП пастаўлена пад пагрозу.
Нам трэба было спрацаваць так, каб краіна не заўважыла санкцый. Шмат у чым атрымалася. Беларусь не проста выстаяла – наша краіна годна справілася з той няпростай сітуацыяй, у якую нас паспрабавалі паставіць сёлета. Нам удалося перакінуць пастаўкі. Мы бачым, што яшчэ трэба зрабіць і будзем займацца гэтым у наступным годзе.
Прэм’ер таксама звяртае ўвагу на тое, што ў краіне трэці месяц адзначаецца дэфляцыя:
– Упэўнены: калі б не знешняя сітуацыя, мы былі б у межах устаноўленых 5 працэнтных параметраў па інфляцыі. Унутраныя фактары не адыгрываюць істотнай ролі ў інфляцыі: макраэканоміка збалансаваная, валютны рынак збалансаваны, курс беларускага рубля на працягу года ўмацоўваўся ў адносінах да кошыка валют (з ваганнямі, але сукупна мы маем умацаванне).
А вось Еўрасаюз, апроч эканамічнага бумеранга, чакае і палітычны, адзначае дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў:
– Завяршэнне вайны ва Украіне праз эскалацыю ракетна-ядзерных пагроз наўрад ці прадухіліць у Еўропе новыя буйныя крызісы прыкладна такога ж ўзроўню. Некаторыя з іх вельмі добра бачныя. Трэба рыхтавацца да некалькіх “карыбскіх крызісаў” у Еўропе.

ДАРЭЧЫ
16 лістапада 2022 года падпісана міжурадавае пагадненне пра выдзяленне Беларусі крэдыту на 105 мільярдаў расійскіх рублёў на імпартазамяшчальныя праекты. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да пачатку фінансавання 12 праектаў. Зыходзячы з бізнес-планаў, планаў-графікаў рэалізацыі праектаў, асноўны аб’ём выпуску прадукцыі пойдзе з 2024 года, расказаў Раман Галоўчанка. Разам з тым на “Гомсельмашы” і Мінскім падшыпнікавым заводзе першая прадукцыя ў рамках імпартазамяшчальных праектаў будзе выпушчана ўжо ў наступным годзе.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о