Заўтра, у першую нядзелю студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Пра тое, чым жывуць прадстаўнікі гэтай прафесіі і як працуе складаны механізм лічбаў, ад якіх у пэўнай ступені залежыць дабрабыт жыхароў Петрыкаўшчыны, нам расказала вядучы бухгалтар фінансавага аддзела райвыканкама Людміла Прыкота.

Людміла Міхайлаўна працуе ў аддзеле ўжо 24-ты год. З лёгкай усмешкай жанчына ўзгадвае: “Я – ураджэнка Калінкавічаў, родам з простай сям’і. Бацькі – былі працаўнікамі на фабрыцы бытавой хіміі, словам, ніхто з сям’і па сваёй прафесіі з лічбамі звязаны не быў. У школе я навучалася добра, але прываблівалі дакладныя навукі. Урэшце я паступіла і паспяхова скончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Па размеркаванні была накіравана ў фінансавы аддзел Жыткавіцкага райвыканкама. Пазнаёмілася з мужам і перабралася да яго ў Петрыкаў”.
Работа вядучага бухгалтара тычыцца гуртавання многіх патокаў даходаў такім чынам, каб потым можна было пабачыць ясную карціну: колькі іх паступіла і куды яны могуць быць размеркаваныя. Вядома, ні адзін фінансіст не выконвае ўскладзеныя на яго задачы без адпаведнага аналізу, бо бю-джэт наўпрост не будзе збалансаваным.
З вышыні свайго вопыту жанчына зазначае, што нягледзячы на вонкавую статычнасць працы фінансістаў, прафесія імкліва змяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. “Пашыраецца дакументазварот, з’яўляюцца новыя даходныя крыніцы. Мяркуйце самі, калі раней існаваў адзін падаходны падатак, то сёння іх сем. Таму спецыяліст павінен быць адказным, пільным і не забывацца пра самакантроль сваёй працы. Асобная якасць, што вылучаецца сярод іншых – адукаванасць і схільнасці да пастаяннага навучання. Удасканальваецца прававая база і мы павінны паспяваць пашыраць і паглыбляць свой узровень кампетэнцыі. Кажучы простымі словамі – тое, што было правільна ўчора, можа быць не актуальным сёння. Трэба таксама разумець, што не магчыма быць вузкім спецыялістам: у выпадку неабходнасці фінансіст павінен падмяніць калегу, каб работа не спынялася”, – падзялілася Людміла Прыкота.

Кансалідаваны бюджэт Петрыкаўскага раёна фарміруецца адпаведна прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Петрыкаўшчыны. Фінансавы аддзел ажыццяўляе выкананне бюджэту, забяспечваючы своечасовае і поўнае паступленне даходаў, а таксама мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў па ўсім напрамкам расходаў.
Бюджэт раёна за 2022 год сфарміраваны ў аб’ёме 75 мільёнаў рублёў. Асабістыя расходы пакрываюць менш за палову патрэб рэгіёна. Як следства, істотнай з’яўляецца падтрымка з вышэйстаячых бюджэтаў. Ключавой крыніцай паступленняў з’яўляецца падаходны падатак з фізічных асоб, што забяспечваюць амаль палову плацяжоў у бюджэт.
Бюджэт раёна традыцыйна захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць, што дазваляе паўнавартасна і своечасова фінансаваць установы бюджэтнай сферы і забяспечваць камфортныя ўмовы для насельніцтва раёна.

Вялікую ролю адыгрывае ў якасным выкананні задач атмасфера ў калектыве. Як адзначылі спецыялісты, тут склалася добразычлівыя і сяброўскія адносіны. “Мы не абыякавыя да калег, ведаем, хто чым жыве і  падтрымліваем адзін аднаго. Вельмі добра наладжана сувязь з вышэйстаячым кіраўніцтвам, якое пастаянна накіроўвае нас у патрэбным напрамку, ніколі не адмаўляе ў парадах і кансультацыях”, – адзначыла начальнік аддзела Валянціна Вашкевіч.
Надыходзіць Новы год – час, калі работа запавольваецца, саступаючы прыярытэт падрыхтоўцы да надыходзячых святаў. У гэтыя дні мы, як правіла, здаўшы справаздачы, можам дазволіць сабе расслабіцца, а пасля чырвоных дзён каляндара плаўна набіраць працоўны тэмп. Што да фінансістаў, то тут усё інакш – прадстаўнікі гэтай прафесіі напрыканцы адыходзячага года і ў пачатку новага актывізуюцца: “закрываюць” бюджэт 2022-га і вярстаюць бюджэт 2023-га гадоў. Ды і што казаць, калі прадстаўнікі адной прафесіі атрымліваюць заробак у канцы гэтага месяца, а іншыя – у пачатку будучага. Камунальныя паслугі, харчаванне ў школах і бальніцах, выдаткі на паліва для транспарту – гэты не поўны спіс, што патрабуе ўвагі спецыялістаў, якія працуюць з грашовымі сродкамі.
Што тычыцца пытанняў пра вольны час і сям’ю, тут Людміла Міхайлаўна шчыра ўсміхаецца: “У мяне двое дарослых сыноў, якім ужо 40 гадоў. Я – шчаслівая бабуля чатырох унукаў. У летні сезон багата часу праводжу на дачы, шчырую ў агародзе. Ну а ўзімку аддаю перавагу літаратуры, чытанне – адно з любімых заняткаў”, – падзялілася Людміла Прыкота.
Напрыканцы нашай размовы Людміла Міхайлаўна пажадала калегам напярэдадні прафесійнага свята: “Няхай усе праблемы вырашаюцца і ваш настрой будзе выключна пазітыўны. У Новым 2023 годзе хацелася б пажадаць здароўя і дабрабыту, простага чалавечага шчасця. Няхай усё запланаванае абавязкова ператворыцца ў рэчаіснасць”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о