На варце спакою землякоў

0
974

У чацвер, 12 студзеня, у актавай зале Гімназіі горада Петрыкава адбылася ўрачыстая святочнасць з нагоды 60-годдзя ўтварэння Аддзела ўнутраных спраў Петрыкаўскага райвыканкама.

На варце спакою землякоўЗразумела, гісторыя міліцыі Петрыкаўшчыны пачынаецца нашмат раней. Стварэнне першых падраздзяленняў міліцыі на тэрыторыі раёна трэба аднесці да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Вядома, што міліцыю ў мястэчку Петрыкаў, у 1926 годзе ўзначальваў І.Сафронаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі міліцыі змагаліся супраць фашыстаў у складзе створанага знішчальнага батальёна, а затым у партызанскіх атрадах 125-й Капаткевіцскай і 130-й Петрыкаўскай партызанскіх брыгад.

Афіцыйнай датай стварэння Петрыкаўскага раённага аддзела міліцыі з’яўляецца 15 студзеня 1963 года. З пачатку ўтварэння і больш за дзесяцігоддзе ўзначальваў аддзел Уладзімір Атаманчук, штатная колькасць у той час складала 44 супрацоўніка, будынак міліцыі знаходзіўся ў райцэнтры па вуліцы Камунальнай. У 1968 годзе было пабудавана памяшканне, дзе РАУС знаходзіцца па сённяшні дзень. З 1 ліпеня 1969 года раённы аддзел міліцыі быў перайменаваны ў раённы аддзел унутраных спраў.
Сярод супрацоўнікаў міліцыі былі грамадзяне, што годна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Дваццаць пяць праваахоўнікаў былі ўдзельнікамі мерапрыемстваў па ахове адселеных вёсак Нараўлянскага, Брагінскага і Хойніцкага раёнаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Віншаванне міліцыянераў распачаў сваім зваротам старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан: “Сёння асабісты састаў аддзела годна захоўвае прафесійныя традыцыі старэйшых пакаленняў. Супрацоўнікі ўдала выконваюць свае абавязкі, нягледзячы на ўсе складанасці. Словы асаблівай удзячнасці мы выказваем ветэранам органаў унутраных спраў, сучасная работа праваахоўнікаў грунтуецца на іх каштоўным вопыце. Жадаю ўсім моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, дабрабыту і поспехаў у службе на карысць нашай Айчыны”.

Да слоў падзякі і віншаванняў далучыўся начальнік РАУС Аркадзій Масійчук: “Дзякую за добрасумленнае выкананне абавязкаў і шчырае стаўленне да выканання пастаўленых задач. Няхай усё запланаванае рэалізуецца, а кожнае пачынанне абавязкова дае свой добры вынік”.

Распачалася цырымонія ўзнагароджання. Супрацоўнікі і ветэраны міліцыі атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, Нагрудныя знакі адзнакі, Ганаровыя граматы, падзякі УУС аблвыканкама, падзячныя лісты начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, а таксама юбілейныя медалі “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Разам з вопытнымі праваахоўнікамі на сцэну выходзілі і маладыя міліцыянеры, а таксама бацькі супрацоўнікаў, якім дзякавалі за годнае выхаванне.

Са словам ад ветэранаў міліцыі выступіў старшыня Савета ветэранаў пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС Васілій Дашкевіч. Зварот мужчыны стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў, нарысам гісторыі аддзела ўнутраных спраў Петрыкаўшчыны: “Я назіраў многія пераўтварэнні і з вышыні гадоў службы магу запэўніць вас: усе яны былі на карысць! Памятаю, як у распараджэнні аддзела была толькі адна машына – аўтазак на базе ГАЗ-53, рухавік якой, здавалася, не сціхаў ні на хвіліну. Перад намі паўставалі новыя задачы, мы добра памятаем абвастрэнне злачыннай абстаноўкі ў 90-я гады, але з гонарам магу зазначыць: супрацоўнікі Петрыкаўскага РАУС ніколі не спыняліся перад цяжкасцямі і годна неслі службу”.

Асабістыя словы падзякі выказаў ветэранам міліцыі і начальнік аддзела Акрадзій Масійчук, які запэўніў, што праваахоўнікі заўсёды карысталіся вопытам папярэдніх пакаленняў і будуць беражліва захоўваць тую добрую рэпутацыю, якую заслужылі нашы ветэраны міліцыі.

З пажаданнямі дабрабыту і сямейнага шчасця звярнуўся да прысутных начальнік Петрыкаўскага аддзела Дэпартамента аховы Руслан Сцяпанаў. “Для нас не існуе святаў, а адпачынак пачынаецца толькі тады, калі мы прыходзім дадому і бачым нашых блізкіх. Няхай дзяжурствы праходзяць спакойна, а дома нас і надалей чакаюць нашыя шчаслівыя бацькі, другія паловы і дзеці, бо галоўная наша ўзнагарода – захаванне спакою ў грамадстве”.

Урачыстасць была аздоблена творчымі падарункамі настаўнікаў і выхаванцаў гімназіі. Напрыканцы мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі, ветэраны і ганаровыя госці зрабілі традыцыйнае памятнае фота.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о