На Петрыкаўшчыне праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”

У суботу на Петрыкаўшчыне распачалася рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”, прысвечаная Году міра і стварэння.

Надвор’е выдалася цудоўнае. На дзялянцы бліз вёскі Смятанічы супрацоўнікі лесаахоўнай службы беражліва высаджвалі хвою на плошчы больш за сем гектараў. Трэба адзначыць, што сёлета акцыя праходзіць ужо ў 16-ты раз.

Пакуль адны шчыравалі над саджанцамі, раскладаючы іх па кошыках, іншыя – літаральна давалі дрэўцам жыццё, вызначаючы іх месца пад сонцам. Дарэчы, акрамя хвоі сваё месца ў гэтым лясным масіве знойдуць таксама і бярозкі.

Нагадаем, што прыняць удзел у акцыі можа кожны жадаючы. Для гэтага асобны чалавек, сям’я, кампанія ці калектыў павінны звярнуцца ў лясгас ці бліжэйшае лясніцтва, якія забяспечаць валанцёраў саджанцамі, неабходным інвентаром і вызначаць месцы, што маюць патрэбу ў пасадцы лесу ці прыбіранні смецця на тэрыторыі ляснога фонду, добраўпарадкаванні месцаў адпачынку. Учора далі жыццё маладым дрэўцам працаўнікі нацпарку “Прыпяцкі”. Неўзабаве ў акцыі прымуць удзел супрацоўнікі мясцовай улады, сілавых структур, адукацыі, Белдзяржстраху і актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Не пакідайце справу на потым – далучайцеся да гэтага цудоўнага мерапрыемства. Арганізатары асабліва чакаюць удзелу ў акцыі падрастаючага пакалення, бо апрача стваральнага ўчынку на карысць прымнажэння нашых прыродных багаццяў, пасадка лесу – выдатны прыклад экалагічнага выхавання дзяцей і моладзі.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о