Аграрыі зноў у крытыцы

0
686

Першачарговыя задачы і надзённыя пытанні забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва абмеркавалі на пасяджэнні пры старшыні райвыканкама.

Прывагі і надоі – зона адказнасці № 1

Паказчыкі жывёлагадоўлі павінны расці штодзень у кожным сельгаспрадпрыемстве – такую задачу перад кіраўнікамі і адказнымі за гаспадарку паставіў кіраўнік раёна Аляксандр Кохан. – Забяспечце для пачатку своечасовае і якаснае выкананне элементарных першачарговых работ: вываз арганікі, падсцёл жывёлы і тэхналагічна вытрыманае кармленне. Гэта не звышзадачы, але і па іх выкананні ў мяне шмат пытанняў да большасці кіраўнікоў гаспадарак. Лічбы надояў і прываг не растуць, а дырэктары бяздзейнічаюць. У адносінах да такіх кіраўнікоў час прымаць кадравыя рашэнні, – з самага пачатку нарады задаў тон Аляксандр Кохан.

Рамонт тэхнапарку – на асабістым кантролі старшыні
Падрабязна ў разрэзе кожнай гаспадаркі спыніўся кіраўнік раёна і на пытанні падрыхтоўкі тэхнікі да вясенне-палявых работ. Як паказаў аб’езд гаспадарак старшынёй райвыканкама, не ўсе прытрымліваюцца даведзеных графікаў. Задача – паскорыцца. З тэхнікай, якая патрабуе складанага рамонту, дапаможа разабрацца аграсервіс, дробныя непаладкі неабходна ўхіліць сваімі сіламі ў майстэрнях мехдвароў. Пытанні з пастаўкамі запчастак і камплектуючых інжынернай службай райсельгасхарчу павінны вырашацца аператыўна. На сённяшні дзень сродкаў на рамонтныя работы хапае ў кожнай гаспадарцы, таму і затрымак быць не павінна. Адставанне ад даведзеных графікаў рамонту тэхнапарку раёна – сур’ёзнае парушэнне і адказнасць за яго будзе адпаведнай, дадаў Аляксандр Кохан.

Зімовы павадак на Пцічы
Па прычыне адлігі і плюсавых тэмператур на Петрыкаўшчыне не першы тыдзень расце ўзровень вады ў рацэ Пціч. Па інфармацыі начальніка РАНС Мікалая Карабца, новых падтапленняў не выяўлена, аднак па-ранейшаму застаецца падтопленым участак аўтадарогі Лучыцы-Хвойня, працягласцю каля 50 метраў. Жыццядзейнасць жыхароў Хвойні забяспечваецца на належным узроўні: па графіку ездзіць аўталаўка, медыцынскія і сацыяльныя работнікі.
Аляксандрам Коханам дадзена даручэнне трымаць сітуацыю на пастаянным кантролі, каб насельніцтва неабходныя тавары і паслугі атрымлівала своечасова.
Акрамя пазначаных былі разгледжаны пытанні стану санітарна-эпідэмічнай абстаноўкі ў раёне, выканання графіку ўвядзення станцый абезжалезвання, работы камунальнікаў і дарожнікаў і іншыя.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о