Сёння – Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. З гэтай нагоды мы сустрэліся з старшынёю раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людмілай Петуховай, каб даведацца пра мерапрыемствы, якія ладзіліся на Петрыкаўшчыне ў час правядзення Месячніка, і зазірнуць крышачку ў гісторыю.

Месячнік Чырвонага Крыжа

– Першае згадванне пра Таварыства Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі прыпадае на 1866 год. Асабліва дзейнасць арганізацыі адзначылася ў дарэвалюцыйны час: ствараліся прытулкі для сірот, санітарныя цягнікі, бальніцы і шпіталі па доглядзе параненых, санітарна-эпідэміялагічныя атрады па барацьбе з воспай і тыфам. Былі створаны школы па падрыхтоўцы сясцёр міласэрнасці, – паглыбляецца ў гісторыю Людміла Фёдараўна, падкрэсліваючы важнасць арганізацыі ва ўсе часы. – 6 чэрвеня 1921 года ўрад Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні Нацыянальнага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Старшыня грамадскай арганізацыі дзеліцца, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў шпіталях і на франтах аказвалі дапамогу 263 тысячы медсясцёр і 451 тысяча санітараў – выпускнікоў курсаў Чырвонага Крыжа, 36 тысяч санітарных дружын. У пасляваенны перыяд 15 санітарна-эпідэміялагічных атрадаў удзельнічалі ў абеззаражанні тэрыторый, якія знаходзіліся пад акупацыяй, ліквідацыі і прафілактыцы брушнога тыфа. Пад апекай Чырвонага Крыжа знаходзіліся ўсе дзіцячыя дамы.
Сёння Беларускі Чырвоны Крыж – самая буйная і вядомая гуманітарная арганізацыя ў краіне, якая заўсёды была і застаецца надзейным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні гуманітарных задач. Месячнік Чырвонага Крыжа ў райцэнтры, праходзіць заўсёды сур’ёзна і з карысцю.
– У маі месяцы арганізацыя ўзнагародзіла лепшых вучняў школ па аказанні першай дапамогі на раённых этапах злётаў юных інспектараў руху, юных пажарных-выратавальнікаў. Напярэдадні дня Чырвонага Крыжа члены арганізацыі, сумесна з раённым Саветам ветэранаў, павіншавалі пяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з уручэннем падарункаў. У нас ёсць пастаянныя падапечныя. Гэта дзеці-інваліды з карэкцыйнага цэнтра, інваліды дзяцінства, выхаванцы Петрыкаўскай школы-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, сталыя адзінокія людзі. У ходзе Месячніка яны атрымалі гуманітарную дапамогу ў выглядзе гігіенічных набораў, кандытарскіх вырабаў. Акрамя гэтага, цяпер у раёне знаходзіцца пятнаццаць чалавек бежанцаў з Украіны, усім ім аказваецца паўнавартасная дапамога ў выглядзе прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і адзення, – расказала старшыня арганізацыі.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о