Перад вамі адкрыты ўсе шляхі

0
670

Хутка ў краіне важная падзея – выпускныя вечары ва ўстановах адукацыі. Маладыя людзі са стужкамі “Выпускнік-2022” стануць аб’ектам усеагульнай увагі. І гэты дзень усё будзе выключна для іх, апранутых з іголачкі юнакоў і дзяўчат у вячэрніх уборах і з шыкоўнымі прычоскамі. Мерапрыемства для старшакласнікаў – не проста растанне з дзяцінствам, гэта крок у дарослае жыццё. Яны выходзяць са школьных сцен цалкам самастойныя, рашучыя да новых перамог і адкрыццяў. З першых крокаў у краіну ведаў да хвілін развітання, з юнакамі і дзяўчатамі былі тыя, хто крочыў побач па школьных прыступках і ствараў умовы для іх жыццёвай рэалізацыі. Гэта і іх свята, хоць крыху сумнае, але з усведамленнем зробленай працы.

Перад вамі адкрыты ўсе шляхіЛюдміла Жукавец, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:
– У пятніцу выпускнікі школ раёна атрымаюць першыя ў жыцці дакументы аб адукацыі. Атэстаты аб заканчэнні сярэдняй школы ўручаць 184 юнакам і дзяўчатам. 11 адзінаццацікласнікаў будуць узнагароджаны залатымі і срэбнымі медалямі. Сярод выпускнікоў – пераможцы раённых, абласных, рэспубліканскіх этапаў алімпіяд, даследчых работ, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, ініцыятары сацыяльна-знакавых акцый і праектаў. Петрыкаўшчына ганарыцца вамі! Вашы поспехі – гэта вынік вялізарнай працы педагогаў, якія вялі вас праз школьныя гады, укладвалі ў кожнага з вас веды і часцінку свайго сэрца. Не забывайцеся пра гэта!
Шчыра жадаю вам, дарагія сябры, міра, шчасця, здароўя, здзяйснення ўсіх вашых задум, натхнення на працоўныя дасягненні. Няхай заўсёды вашымі спадарожнікамі будуць Дабрыня, Любоў, Вера і Надзея.
У добры шлях!

 

Перад вамі адкрыты ўсе шляхіСяргей ЯРОТА, дырэктар ДУА “Колкаўскі дзіцячы сад-базавая школа”:
– Дарагія выпускнікі! Для нас, кіраўнікоў устаноў адукацыі, за гады вучобы вы сталі роднымі і блізкімі людзьмі. За пражыты час разам, школа ўкладвала ў вас веды, вучыла добраму і светламу. Настаў момант, калі вы пакідаеце нас і пераходзіце да новага этапу ў сваім жыцці. Гэта самы адказны момант – час выбару сваёй будучыні. Вы павінны прыслухацца да меркавання ўсіх: бацькоў, настаўнікаў, сяброў, але рашэнне прыняць самі, таму што, зрабіць нешта добрае, якаснае, атрымаецца тады, калі любіш справу, якой займаешся. Прыслухайцеся да свайго сэрца і смела ідзіце да сваёй мары. На вашым шляху будуць і поспехі, цяжкасці і няўдачы, але як вы ведаеце: усе перамогі пачынаюцца з перамогі над самім сабою.
Мы верым у вас! Няхай усё атрымаецца!

 

Перад вамі адкрыты ўсе шляхіТаццяна Арцюх, першы настаўнік выпускнікоў ДУА “Чалюшчавіцкая сярэдняя школа”:
– Настаўнік пачатковых класаў – першы, хто вас, яшчэ такіх няўпэўненых і крыху капрызных сустракаў каля школьных дзвярэй, браў за руку і вёў у цікавы свет ведаў. Здаецца, учора вы, першакласнікамі спяшаліся за парты, а сёння стаіце на парозе дарослага жыцця. Усе адзінаццаць гадоў мы назіралі за вамі, як вы раслі, сталелі,станавіліся мудрэйшымі. Настаўнікі імкнуліся ўкласці ў вашыя сэрцы ўсё самае лепшае. Памятайце нашы мудрыя парады і настаўленні.
Жадаю выпускнікам Петрыкаўшчыны светлых дзён і прыемных падзей. Бярыце ад жыцця ўсе ўрокі, заўсёды і ва ўсім захоўвайце пачуццё ўласнай годнасці і вернасць сваім перакананням.
Поспехаў вам, нашы любімыя дарослыя дзеці!

 

Перад вамі адкрыты ўсе шляхіВадзім КАВАЛЬЧУК, класны кіраўнік выпускнікоў ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:
– Не памылюся, калі адзначу, што класны кіраўнік для вучня – бліжэйшы сябар і дарадчык. За гады вашай вучобы ў школе мы прывыклі адзін да аднаго, навучыліся давяраць і вырашаць разам пастаўленыя перад намі задачы. І вось вы пакідаеце школу – і гэта, на жаль, непазбежна. Наперадзе ў кожнага з вас свая дарога, напоўненая новымі эмоцыямі, падзеямі, знаёмствамі.
Ад імя класных кіраўнікоў раёна, жадаю вам, каб вы знайшлі сябе ў жыцці, а задуманае рэалізоўвалася без перашкод і складанасцяў. А калі раптам будзе нялёгка, успамінайце нашы парады, гутаркі “па душах”. Не забывайце найвялікшыя каштоўнасці жыцця: бацькоў, сям’ю, Радзіму. Умацоўвайце свае крылы і ляціце да сваёй мары.
Мы не забудзем вас ніколі!
Віншую вас! Спадарожнага вам ветру!

 

Перад вамі адкрыты ўсе шляхіСвятлана БОНДАР, маці выпускніцы 2022 года ДУА “Гімназія горада Петрыкава”:
– Шчыра веру, што для ўсіх бацькоў выпускнікоў заканчэнне школы дзецьмі – таксама вельмі хвалюючая і адказная пара. За гады вучобы ў школе настаўнікі разам з бацькамі прыкладалі многа сіл, каб годна навучыць і выхаваць дзяцей. Установа стварыла неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі, а мы, бацькі, заўсёды былі побач, каб падтрымаць сваіх дзяцей.
Жадаю выпускнікам, каб атрыманыя веды сталі добрым падмуркам для здзяйснення запаветных мар.
Усім бацькам – моцнага здароўя, цярпення, жыццёвай мудрасці і бясконцай веры ў светлую будучыню сваіх дзяцей.

Запісала Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о