Гэтым артыкулам мы распачынаем серыю публікацый, прысвечаную 500-годдзю Петрыкава. Скажу шчыра: заўсёды цікава абвяшчаць пра стварэнне новай рубрыкі, тым больш – з нагоды юбілею роднага горада. Колькі цікавага можна распавесці чытачам, а колькі яшчэ неспазнанага ці малавядомага чакае наперадзе? Гэты матэрыял як раз адзін з такіх.

Кожны, хоць крыху дасведчаны ў краязнаўстве гараджанін, хіба не на памяць ведае радкі, што тыражуюцца і даведачнымі выданнямі, і інтэрнэт-публікацыямі: “Згодна з паданнем, Петрыкаў быў заснаваны ў Х стагоддзі яцвяжскім князем Пятром, у прастамоўі – Петрыкам, у гонар якога месца і атрымала сваю назву”. Калі так, дык чаму Петрыкаў святкуе толькі 500-годдзе, а не юбілей, які налічвае звыш за тысячу гадоў?

Імем яцвяжскага князя ў сівым паданні
Знешні выгляд яцвягаў

Адказ, насамрэч, просты: пад спрошчаным паняццем “года нараджэння” населенага пункту часцей за ўсё разумеюць першы ўспамін у пісьмовых дакументах. Маўляў, не пазней гэтага часу тут дакладна пачалі жыць людзі, а што да паданняў – то ніякай супярэчнасці няма: паселішча магло ўзнікнуць нашмат гадоў раней.

Разуменне ў гэтаю тэму ўносяць археолагі, але і яны не могуць сказаць з дакладнасцю да года, калі ўзнік населены пункт: наша матэрыяльная культура яшчэ некалькі стагоддзяў таму развівалася вельмі павольна, а археолагам часцей за ўсё прыходзіцца працаваць на невялікіх участках зямлі, дзе працягам стагоддзяў ішло будаўніцтва і старажытныя культурныя пласты руйнаваліся новымі пабудовамі. Акрамя таго, само разуменне гісторыі населенага пункта як бы падказвае: недастаткова аднаго толькі факту, што на гэтым месцы колісь пасяліліся людзі. Гісторыя горада ці вёскі прадугледжвае больш строгую фармулёўку: жыццё тут павінна пачынацца і бесперапынна цягнуцца да сучаснасці.

Так, усе ведаюць, што адна з самых старажытных стаянак чалавека на тэрыторыі Беларусі з’явілася 26 тысяч гадоў таму ў наваколлі Юравічаў, але ніхто ж не будзе казаць, што гэтай вёсцы ў Калінкавіцкім раёне 26 тысяч гадоў. Так, людзі тут жылі, але насельніцтва мігрыравала і людзі пакідалі тыя мясціны на стагоддзі ці, нават, тысячагоддзі. А вось першае згадванне пад 1430 годам Юравічаў як раз і гаворыць, што з гэтага часу тут бесперапынна існуе населены пункт, нягледзячы на ўсе павароты гісторыі.

Прыкладна такая ж сітуацыя склалася вакол нашага Петрыкава і мноства іншых населеных пунктаў. Асобныя археалагічныя даследаванні паказваюць, што людзі жылі ў гэтых мясцінах як мінімум з сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры, пра што сведчыць выяўлены ў розных частках і на ваколіцах гораду матэрыял пражскай культуры. Але, як доўга працягвалася тут жыццё ў тыя часы – сказаць складана.

Далей, нібы ў Х стагоддзі на гістарычнай арэне ўзнікае яцвяжскі князь Петрык. І археалагічныя пласты гэтых часоў на месцы сучаснага парку сапраўды ёсць. Здавалася б, вось табе ўсе факты: і горад, і імя князя, і яго этнічнае паходжанне, і нават час падзей, няхай не з дакладнасцю да года, але ж даволі канкрэтны. Але, чым больш дакладнасцей паўстае перад намі, тым больш пытанняў узнікае.

Першае, што робяць даследчыкі, калі да іх трапляе нейкае гістарычнае паведамленне – звяртаюцца да яго першакрыніцы. У сітуацыі з пісьмовымі носьбітамі інфармацыі ўсё прасцей: знайшоў тэкст летапісу ці іншы дакумент – вось і пацверджанне. У сітуацыі з носьбітам фальклорным, як нашае паданне, куды больш цяжка: даследчык павінен дакладна, з захаваннем фанетыкі запісаць усё ад распавядаючага і пакінуць дадзеныя апошняга. У крыніцы няма месца ўласнаму тлумачэнню ці ўдакладненню навукоўца, нават, калі яны здаюцца дарэчнымі, зразумелымі і лагічнымі.
Але так было не заўсёды, у дарэвалюцыйныя часы, калі даследаванне мінуўшчыны ператваралася з справы аматарскай у прафесійную, навукоўцы маглі сабе дазволіць не запісваць працяглыя фальклорныя крыніцы, а толькі пазначаць іх сутнасць, зыходзячы з уласнага разумення. Такім чынам, выніковыя запісы маглі значна адрознівацца ад таго, што насамрэч распавядаў даследчыку чалавек.

Калі мы звернемся да першакрыніцы – тэксту падання пра заснаванне Петрыкава, то з нечаканасцю высветлім што яго… няма. Так, наўпрост не існуе, ці тэкст гэты невядомы. Ёсць толькі яго сціплы пераказ у тыя самыя некалькі слоў, што ўпершыню з’яўляюцца на старонках капітальнага выдання “Маляўнічая Расія” ў другой частцы трэцяга тому над назвай “Беларускае Палессе”, што пабачыў свет у 1882 годзе пад рэдактарствам Адама Кіркора.

Імем яцвяжскага князя ў сівым паданні
“Маляўнічая Расія”: другая частка трэцяга тому над назвай “Беларускае Палессе” пабачыла свет у 1882 годзе пад рэдактарствам Адама Кіркора

Што не так з пераказам? Здзіўляе дакладнасць фактаў, не характэрная для вуснай народнай творчасці. Такой факталогіі пазайздросціць любы летапіс. Па-першае, фальклор, перадаваўся з вуснаў у вусны і “пазбаўляюся” дакладных дат. Паспрабуйце знайсці іх у былінах, казках, легендах… Насупраць, апавяданні пачынаюцца са слоў: “Жылі-былі”, “Было гэта даўно”. Я ўжо не кажу пра тое, што да пэўнага часу летазлічэнне на нашых землях вялося не ад нараджэння Хрыста, а ад стварэння свету – толькі прад доўгі час 7208-мы год змяніў больш звыклы нам 1700-ты.
Такім чынам, з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што ўдакладненне стагоддзя – самавольнае дапаўненне даследчыка. Відаць навуковец, быў гэта Адам Кіркор, ці нейкі іншы адукаваны чалавек, сыходзіў з логікі, што звесткі пра гарады на тэрыторыі Старажытнай Русі масава пачынаюць з’яўляцца ў Х стагоддзі, таму з доляю дапушчэння вырашыў аднесці да гэтага часу легендарныя падзеі пра заснаванне Петрыкава. Шчыра кажучы, існуе не мала паданняў, якія толькі ў дэталях адрозніваюцца ад вызначанага сюжэту, дзе ў часы фарміравання Старажытнай Русі нейкі населены пункт заснавала асоба высакароднага паходжання. Вядома, з рэчаіснымі фактамі змест такіх паданняў стасуецца далёка не заўсёды.

Імем яцвяжскага князя ў сівым паданні
Калі мы звернемся да першакрыніцы, то з нечаканасцю высветлім што яго… няма. Ёсць толькі яго сціплы пераказ у тыя самыя некалькі слоў, што ўпершыню з’яўляюцца на старонках капітальнага выдання “Маляўнічая Расія”.

Па-другое, этнічнае вызначэнне князя. Яцвягі сапраўды пакінулі свой след у гісторыі Старажытнай Русі, але з’явіліся на палітычнай арэне значна пазней (праз гадоў трыста) і былі звязаны з гісторыяй Заходнерускіх земляў – ад Навагрудка да тэрыторыі сучаснай Польшчы. А ў Х стагоддзі яцвягі не ўяўлялі сабой значнай ваенна-палітычнай сілы.
Малаверагодна, што мясцовыя жыхары добра ведалі характэрныя этнічныя асаблівасці розных літоўскіх саюзаў плямёнаў, разбіраліся ў дыялектычных акалічнасцях іх маўлення, каб дакладна адрозніваць: гэта – яцвяг, вось – жамойт, поруч – аўкшайт, а вось гэты чалавек – латгальскага паходжання. Яшчэ менш верагодна, што народная памяць захавала гэтую дэталь, што, мяркуючы па пераказу падання, ніякім чынам у далейшым не паўплывала на гісторыю Петрыкава. Здаецца, што і паходжанне князя – таксама ўдакладненне даследчыка, бо менавіта ў другой палове ХІХ стагоддзя навукоўцы пачалі праяўляць да яцвягаў інтарэс.

Па-трэцяе, здаецца амаль не магчымым, што выхадзец з літоўскага саюзу плямёнаў быў хрысціянінам і атрымаў пры хрышчэнні грэчаскае імя Пётр: па назіраннях даследчыкаў гэтае імя прыходзіць ва ўжытак толькі ў XV стагоддзі. Існавала яно, канешне, і значна раней, але на землях усходніх славян і, тым больш, балтаў наўпрост не ўжывалася. Больш за тое, першыя спробы хрышчэння яцвягаў адбыліся значна легендарных падзей – толькі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя.

Такім чынам, можна падвесці вынік: мы маем справу не з паданнем пра заснаванне Петрыкава, а толькі з сціплым і дастаткова вольным пераказам яе сутнасці з удакладненнямі даследчыка, што маюць не фактычны, а хутчэй гіпатэтычны характар у разуменні даследчыка пазамінулага стагоддзя. Хутчэй за ўсё, паданне гэта было ў большай сваёй частцы прыдумана згодна са стандартным сюжэтам легенд пра паходжанне многіх населеных пунктаў.
Калі ў вас узнікла канкрэтнае пытанне, ці быў той Петрык, – магу адказаць з дапушчэннем: магчыма, чалавек такі і існаваў, але значна пазней за Х стагоддзе. А ці меў гэты персанаж дачыненне да княжацкай дынастыі і яцвягаў – застаецца пытаннем.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о