Тамара Міхайлаўна Буглак – чалавек у раёне вядомы і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Усё жыццё аддана адной прафесіі – урач-эпідэміёлаг. Доўгі час яна з’яўлялася галоўным санітарным урачом раёна. Цяпер узначальвае аддзел эпідэміялогіі дзяржаўнай установы “Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.

Місія – клопат пра здароўе грамадства– Тамара Міхайлаўна, кажуць, урач клапоціцца пра здароўе чалавека, а санітарны ўрач – пра здароўе грамадства. Раскажыце, чаму Вы выбралі прафесію санітарнага ўрача?
– Пасля заканчэння школы па прапанове бацькоў я паступіла ў Ленінградскі санітарна-гігіенічны медыцынскі інстытут. Родам я з Калінкавіцкага раёна, але мяне не збянтэжыла аддаленасць навучальнай установы ад бацькоўскай хаты.
Вучоба давалася мне лёгка. Ужо на апошніх гадах вучобы вызначылася з накірункам – урач- эпідэміёлаг. Першае месца работы было ў Бранскай вобласці, але я хацела вярнуцца ў Палескі край. Ў 1979 годзе я прыехала ў Петрыкаўскі раён на пасаду ўрача- эпідэміёлага. У прафесіі ўжо сорак тры гады, сямнаццаць з якіх з’яўлялася галоўным санітарным урачом Петрыкаўшчыны. Сёння, пасля столькіх гадоў работы, я прызнаюся, што ў выбары прафесіі не расчаравана. Кожны дзень іду на работу з жаданнем і задавальненнем.

– Доўгі час вы ўзначальвалі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Ці быў у вас свой погляд на тое, як арганізаваць работу цэнтра. Вы ў большай ступені наватар ці прадаўжальнік традыцый?
– Я захавала традыцыі, закладзеныя ў калектыве маім папярэднікам, Ермаліцкім Мікалаем Канстанцінавічам, які пакінуў мне ў спадчыну вопытных супрацоўнікаў, ну і, безумоўна, укараніла новае. Заўсёды імкнулася, каб урач-гігіеніст, эпідэміёлаг, лабарант, валеолаг працавалі зладжана, адной камандай.
Лічу, што асноўная якасць кіраўніка – адукаванасць. Кіраўнік і любы працуючы павінны ведаць законы, нарматыўныя прававыя дакументы. Не менш важная і прынцыповасць. Нас часам крытыкуюць за нашу дзейнасць. Аднак хочацца, каб людзі разумелі, што мы ажыццяўляем наглядную дзейнасць на карысць усіх жыхароў горада і раёна, для ўмацавання і захавання здароўя кожнага. Пагэтаму спецыяліст цэнтра павінен граматна растлумачыць праблему і давесці яе да вырашэння.
У адносінах да калег “залатое” правіла ніхто не адмяняў: адносіцца да другіх трэба так, як хочаш, каб адносіліся да цябе.

Заўсёды ставіла і стаўлю задачу для сябе быць арыенцірам для моладзі. Пагэтаму ўвесь час у самаразвіцці ішла і іду наперад.

– З савецкіх часоў за службай санэпіднагляду замацавана рэпутацыя службы, якая правярае, і якую ўсе баяцца…
– Скажу так: наглядная функцыя ў нас займае не асноўную частку нашай работы. Яна максімальна празрыстая і адпавядае патрабаванням заканадаўства. Дзяржаўны санітарны нагляд – усё больш пераходзіць на папераджальныя, прафілактычныя метады работы. Сёння прасочваецца выразная пазіцыя ў працы ўсіх кантралюючых служб: ад функцыі пакарання – да папярэджання: накіроўваем прадпісанні, даём магчымасть выправіць парушэнні.

– І ўсё ж самы строгі рэвізор – гэта спажывец. Якім чынам наладжана ўзаемадзеянне цэнтра з насельніцтвам?
– Сувязь наладжана і яна рэальна працуе. Кожны дзень мы прымаем званкі ад насельніцтва, звароты праз сайт цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прыходзяць лісты па самых розных пытаннях і не толькі ад грамадзян, але і ад арганізацый.
Галоўны санітарны ўрач асабіста выходзіць на дыялог, кантакт з насельніцтвам.

– Якія задачы сёння стаяць перад раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі?
– Можна выдзяліць некалькі накірункаў. Першы – гэта прафілактыка інфекцыйных захворванняў. Гэта і ВІЧ- інфекцыі, туберкулёз, вострыя кішачныя інфекцыі, рэспіраторныя захворванні. Другая задача – уплыў на неінфекцыйныя захворванні, якія аказваюць вялікі ўплыў на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне і нашым рэгіёне. Сюды ўваходзіць барацьба з хваробамі сістэмы кровазвароту, рознымі залежнасцямі, якія могуць прычыніць шкоду здароўю. У задачы дзяржнагляду ўваходзіць прапаганда здаровага ладу жыцця.
У апошні час адзін з асноўных накірункаў у рабоце цэнтра па прафілактыцы захворванняў – тлумачальная работа з насельніцтвам раёна па сітуацыі з успышкай захворвання COVID-19. Выходзім у калектывы, выязджаем на прадпрыемствы з мэтай тлумачэння неабходнасці вакцынацыі для выпрацоўкі калектыўнага імунітэту.

– Што параіце па дадзенай сітуацыі нашым чытачам?
– Сітуацыя сур’ёзная. Адносіцца да яе раўнадушна, лічыць, што вас гэта не датычыцца – самая вялікая памылка сярод насельніцтва. Многія лічаць, што меры прафілактыкі выконваць не абавязкова. Ёсць катэгорыя людзей, якія праяўляюць абыякавасць як да свайго здароўя,так да здароўя навакольных. Кожнаму з нас патрэбна строга выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, а часам і патрабаваць гэтага ад сваіх калег, сяброў, блізкіх.

У цяперашняй сітуацыі ёсць неабходнасць лішні раз нагадаць пра важнасць асабістай гігіены – такія, на першы погляд, простыя рэчы, як мыццё рук, захаванне правілаў пры кашлі і чханні,захаванне сацыяльнай дыстанцыі, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны – маюць на самой справе вялікае значэнне не толькі для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, але і для шматлікіх другіх інфекцый.

– Тамара Міхайлаўна, раскажыце пра сябе па-за прафесіяй?
– Я маці двух дачок, якія звязалі сваё жыццё з медыцынай: Ганна – урач-педыятр Петрыкаўскай раённай бальніцы, Лідзія – фельчар-лабарант цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Я бабуля трох унукаў – Сафіі, Міхаіла, Ганны. Унукі – мая радасць, гонар і ўцеха. На выхадныя дні стараюся як мага больш часу праводзіць з імі. Падзяляю іх захапленні.

– Не магу не задаць пытанне, як Вам удаецца так добра выглядаць пры такой напружанай працы?
– Вы напэўна павялічваеце? Аднак я прытрымліваюся здаровага ладу жыцця. З самага рання – зарадка. Мяне можна ўбачыць з унукамі на гарадскім стадыёне, дзе мы займаемся фізічнымі практыкаваннямі. Яшчэ адзін важны момант – стараюся ўжываць карысную і якасную ежу. Як доктар ведаю, што неабходна ўмець адцягваць увагу ад работы для стабілізацыі псіхічнага здароўя. Пагэтаму, канечне, выбіраю зносіны з прыродай, паходы ў лес, на рэчку.

– І ў заканчэнні нашай размовы, што б вы хацелі пажадаць сабе і нашым чытачам?
– Адносіцца да свайго здароўя адказна. Умець любіць, спачуваць, радавацца жыццю.
Для сябе – здароўя маёй сям’і.
Быць мудрымі і моцнымі. Каб было ўсё ў гармоніі.
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у дзейнасць па паляпшэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту раёна, па выніках 2020 года Тамары Міхайлаўне прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на раённую Дошку гонару сярод работнікаў сацыяльнай сферы.
Узнагарода знайшла свайго героя.
Прафесіяналізм, цвёрдая прынцыповая пазіцыя і асабістая абаяльнасць робяць магчымай любую справу для гэтай жанчыны.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о