Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

0
897

Сёння ў нашай краіне сваё прафесійнае свята і 25-годдзе МНС Беларусі адзначаюць выратавальнікі. Напярэдадні гэтага дня мы пагутарылі з супрацоўнікам службы выратавання, які святкаваў 19 студзеня ажно тры знамянальныя падзеі – апрача Дня выратавальніка яшчэ 48-мы дзень нараджэння і выхад на заслужаны адпачынак!

Іван Шпакевіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і на Століншчыне, у вёсцы Цераблічы. “Я быў у сям’і самы меншы, дванаццаты. Імя мне далі па царкоўным календары. Бацькі працавалі ў сельскагаспадарчай галіне. Скончыўшы сельскую школу, я наведаўся ў госці да сястры, што жыла ў Навасёлках, на Петрыкаўшчыне. Там і знайшоў сваю другую палову”, – падзяліўся Іван Рыгоравіч.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

Так, малады чалавек, ства-рыўшы сям’ю, перабраўся на Петрыкаўшчыну. Першапачаткова працаваў у лесаахоўнай галіне, а ў 2002 годзе працаўладкаваўся на пажарны аварыйна-выратавальны пост № 16 у аграгарадку Навасёлкі Петрыкаўскага РАНС.

Пачаліся будні курсанта, бо, каб авалодаць прафесіяй, Івану Шпакевічу трэба было дасканала спазнаць навуку выратавання. Суразмоўца адзначае, што з маленства сябраваў са спортам – асабліва з лёгкай атлетыкай і гіравым спортам, таму пытанняў па фізічнай падрыхтоўцы ніколі не ўзнікала, ён і зараз прабягае дыстанцыю ў кіламетр за 3 хвіліны 40 секунд і падцягваецца на перакладзіне 15 разоў. Але літаральна з першага дня пачаліся новыя трэніроўкі: лесвіцы, рукавы, магістральныя лініі – ад будучага камандзіра аддзялення патрабуецца адпрацоўка навыкаў баявога разгортвання да аўтаматызму.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

– Істотна дапамагалі калегі. У калектыў прынялі мяне цёпла, заўсёды падказвалі, раілі. Таму, дзякуючы вопытным старэйшым таварышам, усё новае давалася даволі лёгка. Хіба што складанасці выклікала складанне вяроўкі, бо яе, даўжынёю ў 50 метраў, па патрабаваннях трэба звязаць у невялікі клубок. Але гэта адзіная нязручнасць, з якой я сутыкнуўся ў час засваення прафесіі, – з усмешкай адказаў выратавальнік.

Пасля пяцігадовай службы камандзірам аддзялення, Івана Рыгоравіча прызначылі на пасаду начальніка паста. Вядома, усіх здарэнняў за гэтыя больш чым два дзясятка гадоў не згадаеш, але на просьбу адзначыць тыя надзвычайныя сітуацыі, якія асабліва яскрава адклаліся ў памяці, выратавальнік адзначае верхавы пажар на тарфяніку каля вёскі Бобрык у пазамінулым годзе.
– Лета ў той час выдалася спякотным: іншы раз у канавах нават вады не было. Спрацавалі мы тады годна: на першым этапе тушэння было задзейнічана шэсць машын. Але ў такое сухое надвор’е агонь распаўсюджваўся вельмі шпарка – усё ж стыхія была мацней. Урэшце, ліквідаваць пажар прыйшлося на вялікай плошчы, дзе працавала наша авіяцыя і звыш дзвюх соцень калег з усё вобласці.
Вядома, застаюцца ў памяці і здарэнні, у час якіх гінуць людзі, – з сумам рэзюмаваў пажарны.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння
Лета ў той час выдалася спякотным: іншы раз у канавах нават вады не было. Спрацавалі мы тады годна: на першым этапе тушэння было задзейнічана шэсць машын. Але ў такое сухое надвор’е агонь распаўсюджваўся вельмі шпарка – усё ж стыхія была мацней.

Па словах Івана Шпакевіча галоўнае ў справе выратавальніка – веды і навыкі, што забяспечаць і тэрміновасць, і ўласную бяспеку, і правільнасць дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі. “Канешне, працуючы ва ўмовах абмежаванай прасторы і задымлення, трэба ўмець не страціць самавалодання, не паддацца страху. Гэта таксама выпрацоўваецца паслядоўна. Было некалькі маладых байцоў, што перад палаючым будынкам, ахутаным дымам, рабілі крок назад. У такія моманты варта падтрымаць таварыша, пайсці першым, каб ён адчуваў надзейнае плячо і ішоў за табою. А ўжо на другі, трэці раз навабранец будзе больш упэўненым і сам зробіць гэты крок наперад, самастойна перамагаючы хваляванне”.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння
Так выратавальнікі праважаюць калег на заслужаны адпачынак

Сын Аляксандр Іванавіч таксама пайшоў па бацькоўскім шляху. Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, тата адразу прапанаваў юнаку прыглядзецца да працы ў МНС, але хлопец цвёрда вырашыў спачатку адслужыць у арміі, а потым прыняць рашэнне. Пасля дэмабілізацыі Аляксандр атрымаў спецыяльнасць інжынера-электрыка і шчыра сказаў бацьку, што жадае працаваць пажарным. Зараз ён нясе службу ў гарадскім пасёлку Капаткевічы.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

Малодшы сын атрымлівае спецыяльнасць вадзіцеля ў Калінкавічах і ўжо ў гэтым годзе будзе таксама ўладкоўвацца ў Навасёлкаўскі пажарны аварыйна-выратавальны пост. Праўда бацька з усмешкай адзначае, што пэўную прафарыентацыйную работу яшчэ прыйдзецца правесці: Дзмітрый, паглядзеўшы на тату і старэйшага брага, жадае быць байцом, у той час як у падраздзяленні патрэбны вадзіцель пажарнай машыны з ліку мясцовых.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння– Выхоўваў сыноў я таксама ў павазе да спорту. Раней на лета набываў ім адразу з дзясятак футбольных мячоў – так яны любілі ганяць круглага, што снарады вытрымлівалі толькі тыдзень-два.
Зрэшты, усё ў жыцці склалася належным чынам: і ў сям’і, і на працы. Шчыра скажу: не шкадую, што так склаўся лёс. Зараз мяне чакае адпачынак і першае, што я планую зрабіць – наведацца ў госці да сваіх братоў і сясцёр. Самая далёкая кропка маршруту – горад Смаленск.
Ну а зрэшты, спраў у мяне на адпачынку хапае: трымаем з жонкай, Аленай Іванаўнай, немалую гаспадарку: каля 30-ці індыкоў, 40-ка курэй, 7 свінняў. Займаюся рыбалкай, паляваннем, адпаведна маю двух паляўнічых сабак. Зноў такі, прыватныя машыну і трактар трэба трымаць у належным стане. Ужо шэсць гадоў, у вольны ад службы час, я дапамагаў мясцоваму сяльгаспрадпрыемству на жніве. Таму да пачатку палявых работ трэба будзе падрыхтаваць і калгасную тэхніку, каб працаваць на палетках у гэтым сезоне. На наступную зіму буду ўладкоўвацца качагарам – адпаведнае пасведчанне я ўжо атрымаў. Ну і, канешне, мару пра ўнукаў.
Вядома, буду наведваць і пажарны пост. Я і раней, калі быў у водпуску і працаваў на камбайне, хіба не кожны дзень перад пачаткам працоўнага часу і па яго сканчэнні наведваў ПАВП. А як інакш, калі аддаў гэтаму прызванню амаль больш за дваццаць гадоў жыцця, калі ўсе мне тут нібы родныя?!”.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэнняЛёс, прадвызначаны днём нараджэнняНапрыканцы нашай гутаркі я віншаваў нашага героя з надыходзячым трайным святам. Ён, у сваю чаргу, зычыў калегам моцнага здароўя, “сухіх рукавоў” і поспехаў на службе і ў жыцці.

Лёс, прадвызначаны днём нараджэння

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о