Генацыд: наша памяць і наш боль

0
357

У Год гістарычнай памяці пра генацыд беларускага народа мы расказваем не толькі праз успаміны відавочцаў тых страшных падзей. Праліць святло на факты злачынстваў дапамагаюць таксама і архіўныя дакументы.

Працягваем серыю публікацый сумеснага з пракуратурай раёна праекта “Генацыд: без тэрміну даўніны” і прапануем вашай увазе чарговы архіўны матэрыял, у якім расказваецца пра бесчалавечнасць акупантаў і іх пасобнікаў, зафіксаваную ў актах расследавання злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі супраць савецкіх грамадзян на тэрыторыі Смятаніцкага сельскага Савета. Дакументы публікуюцца ўпершыню.
Як адзначыў у час сустрэчы пракурор раёна Сяргей Таболіч, акты створаны на падставе паказанняў сведак, якія перажылі ўсе жахі вайны і выжылі, каб данесці гэтую страшную праўду да нас. Далей – сухой мовай дакумента.
“7-га сакавіка 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі пад кіраўніцтвам гебітскамісара Петрыкаўскага раёна Рэтке акружылі вёску Людзвіноў, пачалі людзей зганяць у хлеў, які пасля падпалілі. У агні згарэла 70 мясцовых жыхароў, сярод якіх былі дзеці і старыя.
У чэрвені 1942 года акупанты ўварваліся ў вёску Смятанічы. Група на чале з начальнікам паліцыі станцыі Муляраўка немцам Пармалам пачала арышты мірных жыхароў. Іх сагналі ў школу, дзе пратрымалі амаль суткі, а пасля, пад маркай адпраўкі ў райцэнтр, вывезлі на ўскраіну вёскі і расстралялі. Ахвярамі фашыстаў у той дзень сталі 22 чалавекі.”
Архіўныя дакументы сведчаць, што ў чэрвені 1943 года нямецкая ахова чыгункі прымушала мірных жыхароў вёскі Сярэдняя Рудня ахоўваць дарогу. На некаторых участках чыгункі партызаны ладзілі дыверсіі, пускаючы пад адхон цэлыя эшалоны. Помста немцаў – 17 расстраляных мірных жыхароў.
На працягу 1943-1944 гадоў былі расстраляны 8 мірных жыхароў вёскі Коржаўка за тое, што хаваліся ад немцаў у лесе. У гэты ж час пад выглядам сувязі з партызанамі былі расстраляны 15 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці вёскі Слабада. Усяго ж па Смятаніцкім сельскім Савеце на працягу гэтага перыяду спалена і расстраляна 138 чалавек.
Спіс злачынстваў, на жаль, можна працягваць доўга… Адно зразумела: работа з архіўнымі дакументамі – унікальны шанц абудзіць грамадскую свядомасць і прымусіць кожнага быць у адказе за наш мірны сённяшні і заўтрашні дзень.
– І па прашэсці Года гістарычнай памяці супрацоўнікі пракуратуры працягнуць работу па ўстанаўленні гістарычнай праўды і ўшанаванні герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Ведаеце, з кожным вывучаным дакументам расце не толькі спіс злачынстваў фашысцкіх акупантаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі, а і наша грамадзянская адказнасць перад памяццю бязвінна знішчаных суайчыннікаў і будучымі пакаленнямі.
З новымі акалічнасцямі справы генацыду беларускага народа мы і надалей будзем знаёміць чытачоў раённай газеты, – адзначыў у час размовы пракурор раёна Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о