Дзень смутку. У Петрыкаўскай цэнтральнай бібліятэцы прайшла Гадзіна памяці

0
475

У Петрыкаўскай цэнтральнай бібліятэцы прайшла Гадзіна памяці, прысвечаная Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Журналісты газеты заўсёды ў ліку запрошаных на дыялогавыя пляцоўкі, якія праводзяць работнікі раённай бібліятэкі. Мерапрыемствы праходзяць на высокім узроўні: тэматычныя выставы, прэзентацыі, запрошаныя спецыялісты, прадстаўнікі ўлады, вядомыя жыхары Петрыкаўшчыны – усё гэта робіць наведванне цікавым і запамінальнымі. У якасці гледачоў часта прысутнічаюць вучні сярэдніх і старэйшых класаў гарадскіх устаноў адукацыі. Неаднойчы даводзілася назіраць цікавасць з боку маладога пакалення да пытанняў гісторыі малой радзімы, гераічнага мінулага беларускага народа.

Гадзіна памяці, на якую прыйшлі навучэнцы другой гарадской школы, нагадала падрастаючаму пакаленню пра зверствы фашыстаў над мірным насельніцтвам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Міжнародны дзень вызвалення вязняў стаў сімвалам вялікай трагедыі і смутку, сімвалам стойкасці і мужнасці людзей, воляй лёсу апынуўшыся ў засценках лагераў рабскай працы і смерці. Гэта чарговы напамін пра закатаваных, застрэленых, задушаных у газавых камерах, замораных голадам мільёнах ні ў чым не павіных людзей. Дахаў, Майданак, Асвенцым, Саласпілс, Бухенвальд – гарады, дзе стагнала зямля. З Беларусі ў Германію было вывезена 399 474 чалавек, з якіх дзясяткі тысяч загінулі. Трагічныя месцы былі і на нашай зямлі. У гады вайны дзейнічала палітыка фашысцкага генацыду – гэта карныя аперацыі і тысячы спаленых вёсак, лагеры смерці і месцы прымусовага ўтрымання. Чырвоны Бераг, Мінскае гета, Масюкоўшчына, Трасцянец, Азарычы – самыя маштабныя месцы гібелі людзей у нашай краіне. У перыяд вайны ў Беларусі функцыяніравала звыш 40 пунктаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, 260 лагераў смерці і 170 гета, у якіх знішчана не менш за 1,4 мільёна чалавек.

Гадзіна памяці нагадала ўсім прысутным: каб захаваць мірную будучыню, неабходна памятаць урокі гісторыі, шанаваць памяць пра загінуўшых.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о