Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі

0
559

Наша юная таленавітая зямлячка, вучаніца гімназіі, пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве Ганна Ганчар правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі. Паездка стала магчымай дзякуючы праграме Расійскага супрацоўніцтва “Добры дзень, Расія!” пры падтрымцы Рускага дома ў Гомелі. У рамках праекту сустрэліся прадстаўнікі 9 краін: Беларусі, Азербайджана, Малдовы, Румыніі, Ірландыі, Казахстана, Туніса, Кіпра, Польшчы. “Петрыкаўскія навіны” сустрэліся з Ганнай і запісалі самыя яркія ўражанні дзяўчыны ад паездкі.

– Сем дзён, якія мы правялі ў чароўнай Паўночнай Асеціі, праляцелі вельмі хутка, аднак уражанні пакінулі незабыўныя. Гэты маленькі куток вялізнай краіны запомніцца мне надоўга. З самага пачатку і да апошняга імгнення мы атрымлівалі неверагодныя ўражанні і не пераставалі дзякаваць лёсу, што ён падарыў нам магчымасць пабываць тут. На Каўказе нас уражвала практычна ўсё: прырода, традыцыі, менталітэт мясцовых жыхароў.

Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі Вучаніца гімназіі правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі

За кароткі час паміж намі, жыхарамі 9 краін свету, склаліся цёплыя адносіны, і на гэтыя 7 дзён мы сталі адной вялікай дружнай сям’ёй. Разам смяяліся, захапляліся, плакалі, перажывалі. Нас усіх аб’ядналі магутная руская мова, любоў да свету, у якім мы жывем, і наш творчы пачатак.

Дарэчы пра творчасць. Ні на хвіліну, дзе б мы ні знаходзіліся, не пераставала гучаць музыка. Яна была ўсюды: у атэлі, у аўтобусе, на лакацыях. Усе рабяты падключаліся да агульнай атмасферы весялосці і прапаноўвалі свае народныя кампазіцыі. Танцавалі, дарэчы, мы не менш. Знакаміты польскі паланэз, грэчаскі “Сіртакі”, нацыянальныя асяцінскія танцы і многія іншыя кожны вечар мы выконвалі з такой стараннасцю, што арганізатары і суправаджаючыя не пераставалі дзівіцца нашай бясконцай энергіі. Яе ў нас сапраўды было ў лішку. А зараджаліся мы ёй менавіта ў гарах. Найчыстае паветра, бурныя бірузовыя рэчкі з неверагодна салодкай мінеральнай вадой, якую можна было піць адусюль. Крыніцы, святыя месцы – з-за ўсяго гэтага мы не маглі заставацца ў спакоі і сядзець на адным месцы. Таму нават пасля цэлага дня ў дарозе, мы прыязджалі і адразу ж ладзілі дыскатэку.

За час паездкі я зразумела некалькі простых ісцін: па-першае, шчасце не за гарамі, яно ў гарах. Гэтая мясцовасць сапраўды ўражвае. Тут адчуваеш сябе па-новаму, калі хочаце, – перараджаешся. Кожны раз, глыбока ўдыхаючы горнае паветра, адчуваеш такую свабоду, якой больш няма нідзе. І пасля гэтага даеш сабе абяцанне сюды вярнуцца.

А яшчэ, трэба казаць жыццю “Так”, толькі тады яно пройдзе не дарма. Паляцець за 2000 кіламетраў ад дома? ТАК! З нуля навучыцца танцаваць? ТАК! Пагайдацца на арэлях над прорвай? ТАК! Падняцца пешшу на паўтара кіламетра ў гару? Без сумневу ТАК! Вывучыць некалькі фраз на розных мовах? Усе мы ведаем правільны адказ. Ніколі не трэба баяцца нязведаннага, яно можа надаць жыццю толькі новыя фарбы.

І, ведаеце, сяброўства народаў свету – не міф, а прыемная рэальнасць. Пазнаёміўшыся з кавалачкам кожнай культуры, разумееш, наколькі ўсе мы розныя і ў той жа час аднолькавыя ў сваёй любові да нацыянальнай гісторыі, культуры, традыцый. Я пераканана, што любыя супярэчнасці гэтага свету можна вырашыць мірам. Згадваю момант фотасесіі ў гарах: нават пад рознымі сцягамі, усё роўна мы адчувалі сябе адзіным цэлым. Мы ўсе гаворым на розных мовах, але гэта ніколі не перашкодзіць нам шчырым сэрцам і адкрытай душою разумець адзін аднаго. Ва ўсіх розныя каштоўнасці, але галоўнымі нязменна застаюцца сяброўства, каханне і салідарнасць.

Не магу не адзначыць тых, хто жыве на асяцінскай зямлі. Гэта людзі з найшырэйшай душой і анамальнай для нас гасціннасцю. Мясцовыя заўсёды былі гатовыя накарміць нас асяцінскімі пірагамі, напаіць гарбатай з горнай травы, прадаць сувеніры танней. Дзіўна канешне, але яны не спяшаюцца жыць, атрымліваюць асалоду ад кожнага моманту. Асяціны неверагодна добрыя, спакойныя, добразычлівыя і спагадлівыя. Галоўнае ў любой краіне – гэта яе людзі. Тут, на зямлі старажытных аланаў, я чарговы раз у гэтым пераканалася.
Шчыры дзякуй усім, хто быў побач на працягу гэтага цудоўнага часу – вы назаўжды застанецеся ў маім сэрцы. Нізкі паклон арганізатарам за збытыя мары і падараваную казку.


Расійскае супрацоўніцтва рэалізуе праграму культурна-адукацыйных паездак “Добры дзень, Расія!” для маладых суайчыннікаў з 2014 года. Кожны год падлеткі ад 14 да 18 гадоў з блізкага і далёкага замежжа прыязджаюць у Расію, каб пазнаёміцца з яе гісторыяй і славутасцямі, падцягнуць рускую мову і знайсці новых сяброў. Прыняць удзел у праграме могуць пераможцы творчых конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў на веданне гісторыі Расіі, яе культуры і мовы.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о