ДЭПУТАТ У СВАЁЙ АКРУЗЕ

0
472

Рука дапамогі

Пасля знаёмства з Нінай Лядней, жыхаркай Вялікіх Сялюцічаў, з’явілася перакананне: наколькі жыхарам пашанцавала мець такога аднавяскоўца. Чулая да праблем аднавяскоўцаў, адказная, уважлівая, заўсёды гатовая дзейнічаць. Менавіта гэтымі якасцям Ніна Іванаўна заваявала аўтарытэт сярод людзей. Выбаршчыкі не першае скліканне абіраюць яе дэпутатам мясцовага Савета, па сумяшчэнні, жанчына з’яўляецца старастай вёскі.

ДЭПУТАТ У СВАЁЙ АКРУЗЕ– Мая дзейнасць дэпутата звязана з простымі, але важнымі жыццёвымі момантамі жыхароў Вялікіх і Малых Сялюцічаў і Рабкі. Самакіраванне ў вёсках працуе і адчувальнае для людзей. Можа некаму здаецца: чым меншы населены пункт – тым менш задач у мясцовай улады. Гэта не так, – упэўнена суразмоўца. – У такіх вёсках засталіся жыць, у большасці сваёй, людзі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, сталыя, адзінокія. Да каго ім звяртацца, пры неабходнасці, як не да дэпутата?

Гераіня кажа, што жыхары малых вёсачак, як і аграгарадкоў, гарадоў маюць патрэбу ў розных выгодах: хадзіць па добрых дарогах, ездзіць на грамадскім транспарце, набываць неабходныя тавары, мець магчымасць атрымліваць неабходныя медыцынскія паслугі, культурна адпачыць.  Усе гэтыя пытанні – у полі зроку дэпутата.

– Людзі могуць звярнуцца да мяне, на першы погляд, па нязначных момантах. Неабходна паслуга электрыка, спецыяліста пажарнай службы, сабраць пакет дакументаў на атрыманне пенсіі або адраснай дапамогі, падтрымаць адзінока пражываючых – працягвае размову Ніна Іванаўна. – Звязваюся з Грабаўскі сельскім Саветам, кіраўніцтвам мясцовага сельгаспрадпрыемства, лясніцтва, установы адукацыі. Бывае – патрэбна замовіць слова перад раённымі службамі, грамадскімі, дабрачыннымі арганізацыямі. Яшчэ ніхто ў дапамозе не адмовіў. Даводзіцца выконваць просьбы і   самой, калі еду ў Грабаў або райцэнтр.

Побыт кожнай сям’і дэпутат ведае, як ніхто іншы, бо бывае па роду сваёй дзейнасці ў кожным доме. Ніна Іванаўна – фельчар. Мясцовы ФАП стаў яе першым і адзінным месцам працы. Сама гераіня з Брынёва. У Сялюцічы прыехала па размеркаванні ў пачатку васьмідзясятых, пасля атрымання медыцынскай адукацыі. Тут знайшла свайго нарачонага – прытым, не з мясцовых. У савецкія часы на ўборку бульбы ў калгас прыехалі салдаты. Сярод іх быў малады чалавек з Закарпацця. Маладая доктарка запала яму ў сэрца. Пасля службы прыехаў у госці ў Сялюцічы і застаўся жыць на беларускай зямлі. Муж з жонкай пабудавалі дом, выхавалі і далі пуцёўку у жыццё двум сынам, сёння іх радуюць пяцёра ўнукаў. Гаспадар працуе ў Грабаўскім лясніцтве, а наша гераіня дбае пра здароўе жыхароў Савета і вядзе актыўную грамадскую дзейнасць.

– Сваю задачу бачу ў тым, – заключае Ніна Іванаўна, – каб паслядоўна, адказна рабіць сваю справу, бо дэпутацкі мандат гэта не толькі знак даверу, а і вялікая адказнасць.

Святлана СОБАЛЕВА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о