У ААТ “Курыцічы” выбралася з самага ранку, аднак усё роўна перахапіць механізатараў на мехдвары не паспела. Яно і не дзіўна, у сезон працоўны дзень аграрыяў пачынаецца рана: ужо з 7 гадзін раніцы шчыруюць яны на палетках роднага сельгаспрадпрыемства.
Нагодай для візіту ў ААТ “Курыцічы” сталі факты статыстычных дадзеных. Так, адразу чатыры механізатары сельгаспрадпрыемства па выніках мінулага тыдня з’яўляюцца лідарамі пасяўных работ: Генадзій Чарнобылец, Мікалай Картыннік, Дзмітрый Качэля і Руслан Чарнобылец. Безумоўна, кожны з іх неаднаразова з’яўляўся на старонках нашага выдання, аднак, пагадзіцеся, калі ёсць нагода, чаму не зрабіць гэта яшчэ раз?

Дбайныя гаспадары курыціцкіх палеткаў

Генадзій Чарнобылец па выніках мінулага тыдня з’яўляецца абсалютным лідарам на сяўбе кукурузы. Ён на “Беларус-1221” з “ТСМ-8000” пасеяў 573 гектары плошчы. Генадзій Сцяпанавіч 41 год працоўнага жыцця аддаў роднаму сельгаспрадпрыемству. Ужо два гады на пенсіі, але працягвае працаваць. Яго вопыт і майстэрства ў гаспадарцы цэняць, таму і зацікаўлены ў такім работніку. Як адзначыў у час гутаркі Генадзій Сцяпанавіч, сёлета ён працаваў і на ворыве, і вывозіў арганіку, дыскаваў і араў глебу, цяпер сее кукурузу. Што да аб’ёмаў, то за працоўны дзень у залежнасці ад умоў надвор’я і глебы сее па 25-35 га плошчы. Насення хапае, ды і з падвозам праблем няма ніякіх: вадзіцель Анатолій Семяніцкі справу сваю добра ведае – прастою не дапускае.

Дбайныя гаспадары курыціцкіх палеткаў

Мікалай Картыннік у раёне з’яўляецца адным з лідараў на падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Ён на “Беларус-3522” з “Дыскапак-6” прадыскаваў 1272 гектары глебы. Больш за 10 гадоў курыціцкія палеткі пад яго наглядам. На сваім энерганасычаным трактары дыскуе глебу пад ворыва. Перш чым замацавацца ў гаспадарцы, прайшоў шлях ад качагара да работніка сельгастэхнікі, затое цяпер адчувае сябе на сваім месцы – таму і вынікі стабільна высокія. І ў сям’і парадак: старэйшы сын вучыцца ў педагагічным універсітэце на фізіка-праграміста, малодшы – 10-класнік. Што яшчэ чалавеку трэба для шчасця?

Як адзначыла ў час гутаркі выконваючы абавязкі старшыні гаспадаркі Галіна Боўсун, гэта чацвёрка – яе гонар і надзея. Механізатары ўсе вопытныя, адказныя, старанныя і працавітыя. Заўсёды радуюць і цешаць сэрца старшыні іх адносіны да тэхнікі і якасць выкананых работ. Пяць энерганасычаных трактараў, што маюцца ў сельгаспрадпрыемстве, падрыхтаваны да сезона іх працавітымі рукамі. Галіна Іосіфаўна распавядала, што сёлета гаспадаркай пад кукурузу адведзена 1200 гектараў. Нават з улікам позняй вясны і неспрыяльных умоў надвор’я большая частка палеткаў засеяна. Што да іншых культур, то сельгаспрадпрыемствам пасеяна 180 га зерневых, 1200 га азімых, 198 – свірэпіцы.

Дбайныя гаспадары курыціцкіх палеткаў

Руслан Чарнобылец – адзін з лепшых на ворыве глебы. Ён на “Беларус-3022” з “ППУ 8-40” з пачатку сезона прадыскаваў ужо больш за 800 гектараў. Руслан Генадзьевіч 15 гадоў працуе ў гаспадарцы. Апошнія 10 – на энерганасычаным трактары “Беларус-3022”, які беражэ, абслугоўвае своечасова і якасна, таму і служыць той без збояў з сезона ў сезон вось ужо цэлае дзесяцігоддзе. Годны сын свайго бацькі працягвае сямейную дынастыю, славячы на ўвесь раён прозвішча Чарнобылец.
– Засталіся тарфяныя палеткі, аднак з улікам дажджоў прадуктыўнасць знізілася: супраць ранейшых 30 га зараз маю 18-22 га, – дзеліцца Руслан.

Дбайныя гаспадары курыціцкіх палеткаў

На сяўбе ранніх яравых і зерневых у ліку лепшых у раённай зводцы-пратаколе Дзмітрый Качэля. Ён на “Беларус-3022” з “Amazone Cirrus 6003-2с” пасеяў 550 гектараў плошчы. З 2011 года, адразу па завяршэнні вучобы ў школе, з перапынкам на службу ў арміі, Дзмітрый працуе ў родным сельгаспрадпрыемстве. Малады мужчына таксама працягвае сямейную дынастыю: бацька лідара сяўбы працуе ў гаспадарцы слесарам. З захапленнем і энтузіязмам распавядае Дзмітрый пра сёлетнюю сяўбу: насення і паліва хапае, вось толькі ўмовы надвор’я – суцэльнае выпрабаванне. Амаль штотыдзень наведваецца Дзмітрый да сваіх ранніх яравых і зерневых – правярае, ці дружна і шчыльна ўзыходзяць.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о