З надыходам вясны і пасяўных работ у сельскагаспадарчых арганізацыях пачынаецца сезон пратручвання насення. Гэты від работы патрабуе захавання пэўных мер бяспекі.

Праца з пестыцыдамі, аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі падлягае дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе, што ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.
Меры прафілактыкі пры працы з пестыцыдамі заключаюцца перш за ўсё ў максімальна магчымым абмежаванні на ўсіх этапах працы кантакту з такімі рэчывамі і рэгламентуюцца санітарнымі правіламі “Гігіенічныя патрабаванні да захоўвання, ужывання і транспарціроўкі пестыцыдаў і аграхімікатаў”.
Работнікі, якiя прыцягваюцца для працы з пестыцыдамі (пастаянна або часова), ва ўстаноўленым парадку праходзяць медыцынскі агляд, а таксама гігіенічнае навучанне і інструктаж па тэхніцы бяспекі. Не дапускаецца прыцягваць да правядзення пратручвання насення асоб, якія не прайшлі прафесійную падрыхтоўку або не маюць неабходных медыцынскіх аглядаў ці маюць супрацьпаказанні, а таксама дзяцей, падлеткаў і жанчын.
Працягласць працоўнага дня пры працы з пестыцыдамі вызначаецца адпаведна заканадаўству аб працы. Пратручваць насенне можна толькі механізавана. У дні працы з пестыцыдамі персанал павінен атрымліваць у прафілактычных мэтах малако або раўнацэнныя харчовыя прадукты.
Захоўванне пэстыцыдаў дапускаецца толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага складах або прыстасаваных складскіх памяшканнях.
Для абароны арганізма ад траплення пестыцыдаў праз органы дыхання, скуру і слізістыя абалонкі ўсе працуючыя з хімічнымі рэчывамі павінны забяспечвацца сродкамі індывідуальнай абароны, у камплект якіх уваходзіць спецвопратка, спецабутак, рэспіратар, процівагаз, ахоўныя акуляры, пальчаткі або рукавіцы. Захоўваюць сродкі абароны ў індывідуальных шафах у чыстым памяшканні пры складзе пестыцыдаў. Насіць спецвопратку і спецабутак пасля працы катэгарычна забараняецца. Спецвопратку пасля работы неабходна чысціць ад пылу і вывешваць для ветрання і прасушкі пад навесам або на адкрытым паветры на 8-12 гадзін. Акрамя механічнага выдалення пестыцыдаў са спецвопраткі, яна перыядычна павінна падвяргацца мыццю і абеззаражванню па меры забруджвання.
Пры захоўванні пестыцыдаў неабходна сачыць за цэласнасцю тары. У выпадку яе парушэння, прэпараты неадкладна перазатарваюцца ў спецыяльныя ёміс-тасці. Тара для пестыцыдаў павінна мець выразную маркіроўку. Катэгарычна забараняецца пакідаць пестыцыды рассыпанымі або разлітымі. Для нейтралізацыі гэтых хімічных рэчываў склады павінны быць забяспечаны дэзактывіруючымі сродкамі – хлоркавай вапнай, кальцыніраванай содай і іншымі сродкамі, прызначанымі для гэтых мэтаў.
Забараняецца выкарыстоўваць памяшканні складоў для захоўвання прадуктаў харчавання, фуражу, розных рэчаў гаспадарчага і бытавога прызначэння, а таксама немагчыма захоўванне пэстыцыдаў у памяшканнях, не прызначаных для гэтых мэтаў і пад адкрытым небам.

Пратручанае насенне павінна захоўвацца ў мяшках са шчыльнай тканіны, а таксама ў папяровых або поліэтыленавых. Мяшкі, бочкі, скрыні з-пад пестыцыдаў забаронена выкарыстоўваць для захоўвання збожжа, мукі, гародніны і іншых прадуктаў. Транспарціроўка пестыцыдаў магчыма толькі спецтранспартам, які перыядычна абясшкоджваецца.

У час работ забараняецца прымаць ежу, піць, курыць, здымаць сродкі індывідуальнай аховы. Гэта дапускаецца рабіць у час адпачынку на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы пасля стараннага мыцця рук, паласкання рота і носа. Таму месцы адпачынку і прыёму ежы павінны быць абсталяваны бачком з пітной вадой, рукамыйнікам з мылам, аптэчкай першай даўрачэбнай дапамогі, індывідуальнымі ручнікамі.

Пры з’яўленні скаргаў з боку работнікаў на пагаршэнне здароўя ён вызваляецца ад далейшай працы і прымаюцца меры па аказанні першай дапамогі (пры неабходнасці – з выклікам урача), выяўленні і ліквідацыі магчымых прычын захворвання (атручвання). Правілы аказання першай дапамогі прыведзены ў інструкцыях па ўжыванні на канкрэтныя віды прэпаратаў.
Прычынамі атручванняў часцей за ўсё з’яўляюцца нядбайнасць, невыкананне санітарна-гігіенічных правіл пры захоўванні, транспарціроўцы і выкарыстанні хімічных прэпаратаў або пры абыходжанні з імі. Такія атручванні часцей назіраюцца ў людзей, якія перавозяць, расфасоўваюць, грузяць пестыцыды ці непасрэдна працуюць з імі пры пратручванні насення.

Пестыцыды могуць быць занесены нямытымі рукамі ў страўнікава-кішачны тракт з ежай, вадой і пры курэнні, пры заглынанні паветра ў час ежы, калі яно насычана пестыцыдамі.

Строга выконваючы ўсе правілы гігіены, можна пазбегнуць выпадкаў атручванняў, работа з пестыцыдамі будзе бяспечнай для навакольных.

Дзмітрый ЧЫЧЫКАЙЛА, памочнік урача гігіеніста.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о