Спартыўныя, разумныя і творчыя

0
248

Віншуем каманду сярэдняй школы № 2 і яе кіраўніка Вадзіма Кавальчука з 2-ім месцам у занальным злёце юных выратавальнікаў-пажарных.

Спартыўныя, разумныя і творчыя
На базе школы № 11 горада Мазыра праходзіў занальны этап конкурсу “Злёт юных выратавальнікаў-пажарных”. Наш раён прадстаўляла каманда з другой гарадской школы. Рабяты з поспехам праходзілі этап за этапам, але, на жаль, да першага месца не хапіла некалькіх балаў.

Як распавёў адзін з удзельнікаў спаборніцтваў, у праграме былі тэарэтычныя, практычныя і творчыя конкурсы. Так, юныя “Знаўцы” прадэманстравалі свой узровень падрыхтоўкі ў час аднайменнага тура.

“Мы адчулі сябе сапраўднымі турыстамі пры ўстаноўцы палаткі, а дакрануцца да прафесіі выратавальнікаў дазволіла баявое разгортванне ад аўтацыстэрны з апрананнем баявога адзення і рыштунку, – пачаў Мікіта Чырыч. – Таксама нам трэба было ліквідаваць імправізаваную надзвычайную сітуацыю. Акрамя гэтага, мы прайшлі конкурс “Выдатны стралок”, “Аказанне першай дапамогі”, “Агляд строю”.

Усе этапы конкурсу мы адпрацоўвалі незлічоную колькасць разоў. Нічога не магло даставіць праблем, аднак быў адзін конкурс, які выклікаў цяжкасці: першая даўрачэбная дапамога. З-за хвалявання я забыўся прадэманстраваць некаторыя дзеянні суддзям. Выратавала мяне мая каманда, якая дапамагла выправіць мае недахопы”.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя, кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню Вадзім Кавальчук канстаціраваў, што падрыхтоўка да конкурсу ішла на працягу ўсяго навучальнага года. “На занальным этапе вучні выклаліся цалкам, няхай і не дайшоўшы да 1-га месца. Я вынікам задаволены. Журы адзначылі, што ў нашых байцоў ёсць камандны дух і спаборніцкі азарт, а гэта сведчыць пра важнасць такіх конкурсаў, якія гуртуюць удзельнікаў”, – адзначыў настаўнік.

“Штогод злёт праводзіцца для фарміравання ў моладзі свядомых і адказных адносін да пытанняў асабістай і грамадскай бяспекі. Гэта і практыка-арыентаваны фармат навучання навыкам і ўменням пра-вільных паводзін у экстрымальных сітуацыях. Акрамя таго, у час такіх мерапрыемстваў развіваюцца творчыя здольнасці вучняў.

Таксама гэта магчымасць для дзяцей атрымаць незабыўныя эмоцыі, уражанні, новыя знаёмствы”, – адзначыла Алёна Герасіменка, інспектар РАНС.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о