Інтэрв’ю з першым сакратаром Петрыкаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Васілінай Маславай.

– Васіліна Алегаўна, вы адносна нядаўна занялі пасаду першага сакратара ГА “БРСМ”, але ўжо сёння вядзеце за сабой такіх жа палаючых сэрцам хлопцаў і дзяўчат, як і самі. Дзе нарадзілася Ваша актыўнасць?
– Здаецца, яшчэ ў школе, бо мне падабалася быць у гушчы падзей, прымаць удзел у розных канцэртах, конкурсах. А, між іншым, я ўраджэнка Мазыра, там жа скончыла сярэднюю школу, а таксама музычную па класе баяна. Вышэйшую адукацыю я атрымала ў БелДУТ на завочным аддзяленні, спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці на чыгуначным транспарце, інжынер-эканаміст”. Як бачыце, жыццё ўсё роўна прывяло мяне, у нейкай ступені, у творчасць, бо там, дзе моладзь, там заўсёды б’е творчасць.
– Сёння з моладдзю дастаткова няпроста знайсці агульную мову. Вы адкрылі нейкі сакрэт?
– Добрыя якасці нашай моладзі – яе актыўнасць і амбіцыйнасць, яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, адкрыта да ўсяго новага. Дзякуючы гэтым якасцям ісці на кантакт з ёй не складана.
– Моладзь сёння шмат вольнага часу праводзіць у інтэрнэце. Часта можна пачуць, што яна “іншая”…
– Вядома, іншая! Зараз час інфармацыйных тэхналогій. І, улічваючы інтарэсы і захапленні нашай моладзі, мы ідзем у нагу з часам. Менавіта таму мы праводзім розныя конкурсы, у тым ліку ў анлайн-рэжыме.
Наша работа прадстаўлена ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, мы актыўна развіваем розныя праекты ў Instagram. І праз усё гэта адчуваем і бачым сучасную моладзь.
– Колькі актывістаў налічвае БРСМ?
– Сёння ў дзейнасці Петрыкаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” удзельнічаюць больш за 700 юнакоў устаноў адукацыі і прадпрыемстваў нашага раёна. Яны ініцыятыўныя, актыўныя, упэўненыя ў сваіх сілах, лічаць, што ўсё магчыма, калі аб’яднацца і агульнымі намаганнямі рухацца насустрач добрай будучыні. І галоўнае, яны гатовы ўвасабляць свае ідэі ў жыццё.
У склад раённай арганізацыі ўваходзяць 75 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць юнакоў і дзяўчат.
– Чым яшчэ плануеце зацікавіць маладых людзей?
– У першую чаргу студэнцкімі атрадамі. Дзеці змогуць атрымаць свой першы працоўны вопыт і зарабіць першыя грошы, а таксама, абзавесціся новымі знаёмствамі. Для спагадлівых, хто не можа заставацца ўбаку, ёсць валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”.
– БРСМ заўсёды ўдзяляў шмат увагі грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Як будзе развівацца гэта накірунак сёлета?
– Яго стане больш, бо гэты год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Плануецца арганізацыя пешых і велаэкскурсій па славутых мясцінах нашай Петрыкаў-шчыны, а ў нас іх дастаткова, і гісторыя нашага краю вельмі цікавая і разнастайная.
Не менш важны для нас і рэферэндум, які пройдзе заўтра, бо мы лічым яго свайго роду стартам для новых ідэй і ініцыятыў. Новая Канстытуцыя закране дастаткова пунктаў, якія тычацца дзейнасці БРСМ. Надышоў час мяняцца, як унутрана, так і знешне. І ў бліжэйшы год мы да гэтага прыступім. Наша мэта – зрабіць так, каб кожны малады чалавек прыносіў карысць краіне.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не толькі арганізуе вольны час моладзі, але і рэалізуе шэраг сацыяльных праектаў. Мы таксама зробім вялікі ўпор на валанцёрскую дзейнасць.
Агучу некаторыя мерапрыемствы, якія мы запланавалі. Гэта праект “Роднае-народнае”, накіраваны на папулярызацыю дзяржаўнай сімволікі, “Кветкі Вялікай Перамогі” – патрыятычны праект, упадабаны праект па хуткаснай зборцы спілс-карт Рэспублікі Беларусь, рэалізоўваецца праект “Зімовы патруль”.
– Вы, як кіраўнік арганізацыі, якой бачыце моладзь?
– Неабыякавай, смелай, крэатыўнай, адважнай, гатовай мяняць, паляпшаць усё, што акружае.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о