Хутка на каляндары вясна, а разам з ёй для аграрыяў Петрыкаўшчыны пачнецца гарачы сезон. На працягу зімовага перыяду падрыхтоўцы машын да працы на палетках удзялялі максімум увагі, бо поспех пасяўной кампаніі ў многім залежыць ад тэхнікі. Каб даведацца, як праходзіць падрыхтоўка да вясновых работ у сельскіх гаспадарках раёна мы накіраваліся ў КСУП “Запаветы Ільіча”.

Да вясны гатовы!

Сустракала нас на мехдвары дырэктар Людміла Гарошка (на здымку), энэргіі і адданасці сваёй справе якой можна толькі пазайздросціць. Мехдвар сустрэў нас ідэальнай чысцінёй і роўна выстраенай, як “на парадзе”, сельгастэхнікай. На тэрыторыі было нешматлюдна, на што адразу знайшлося тлумачэнне:
– Пачалося галасаванне па змяненнях Галоўнага закона краіны, пагэтаму работнікі сельгаспрадпрыемства ў большасці сваёй прынялі рашэнне схадзіць на выбарчы ўчастак датэрмінова, – адзначыла кіраўнік. – У сельгаснікаў няма выхадных – многія ў дзень рэферэндуму будуць на працы.
Падышоўшы да сельгастэхнікі, Людміла Мікалаеўна адзначыла, што сёлета да рамонтных работ як ніколі падышлі адказна і зла-джана, як вынік – 95 % тэхнікі пастаўлена на лінейку гатоўнасці. Выключэнне – замена колаў, дастаўку якіх днямі чакаюць.
– У гаспадарцы шэсць энерганасычаных трактароў: чатыры – МТЗ 3522, два – МТЗ 3022. Штат механізатараў укамплектаваны, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Справа цяпер за надвор’ем і своечасовым сходам снегу з палёў.
У бягучым годзе у гаспадарцы 2000 гектараў адвялі пад пасеў азімых. Пад сяўбу яравых плануецца 500 гектараў зямлі, на сяўбу пшаніцы – 100, кукурузы – 2400. Планы гаспадаркі далёка ідучыя, пагэтаму ад гатоўнасці тэхнікі і высокакваліфікаваных механізатараў залежыць многае.
Як і належыць, прыклад у рабоце паказваюць больш вопытныя механізатары. Адзін з такіх – Мікалай Дубіна (на здымку). На работу ў мясцовую гаспадарку прыйшоў больш за дваццаць пяць гадоў назад па вяртанні са службы ў войскуі. За гэты час ён дасканала вывучыў амаль усе маркі трактараў.
– Сёння сельскагаспадарчая тэхніка рамантуецца не толькі ўласнымі сіламі. Калі ёсць неабходнасць, то і ў спецыялізаваных рамонтных прадпрыемствах можна адрамантаваць, напрыклад, рухавік або каробку перадач, – пачынае размову трактарыст. – Але звычайна падрыхтоўку трактароў праводзім уласнымі сіламі.
Мікалай Адамавіч расказвае, як пастаўлена работа ў “майстэрнях”. Пасля таго, як тэхніка пастаўлена на зімовае захоўванне, механізатар разам з інжынернай службай уважліва абследуе трактары і механізмы, праводзіць пярвічную дыягностыку тэхнікі, якую патрэбна рамантаваць, заказвае спіс неабходных запчастак інжынернай службе. Створаны спецыяльныя звёны, у склад якіх уваходзяць механізатар, за якім замацавана тэхніка, зваршчык, токар, слесар. Запчасткамі для рамонту трактароў гаспадарка сёння забяспечана.
Адразу адчуваецца, што суразмоўца – чалавек, які ведае сваю справу. Ды і па другому быць не можа: бацька ўсю працоўную дзейнасць адпрацаваў на трактары ў “Запаветах Ільіча”.
– Мяне заўсёды вабіла тэхніка. З дзяцінства ведаў, што стану механізатарам і цікавіўся адпаведнай літаратурай. Калі прыйшоў працаваць у родны КСУП, пачаў удасканальваць майстэрства на практыцы, – успамінае суразмоўца. – Калі чагосьці не ведаў, пытаў у калег. Тыя вучылі, паказвалі.
Мікалай Адамавіч адзначае, што калектыў у іх дружны, згуртаваны. Пагэтаму і з рамонтнымі работамі паспяхова спраўляюцца. Пасля размовы з механізатарам адзначыла для сябе, што ён у роднай вёсцы знайшоў работу, якая яму па душы, стварыў сям’ю, пабраўшыся шлюбам з мясцовай дзяўчынай, атрымаў ад гаспадаркі дом і ўладкаваў яго па-гаспадарску – малая радзіма стала яго лёсам.
Пасля наведвання КСУП “Запаветы Ільіча”, не прыходзіцца сумнявацца: уся тэхніка гэтай гаспадаркі выйдзе на палеткі ў тэрмін, каб унесці плённы ўклад у каравай 2022 года.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о