Сёння расказваем вам пра мацярынства і простае жаночае шчасце.

Гледзячы на ​​гэтую маладую жанчыну, цяжка здагадацца, што яна шматдзетная маці. Анастасія Раманоўская спакойная і ўсмешлівая, і заўсёды ўсё паспявае. Яна гаспадыня, на якой трымаецца хата, яна, безумоўна, з’яўляецца цэнтрам сям’і. А яшчэ Анастасія працуе кантралёрам на КПП у Петрыкаўскім аддзяленні аховы.

Быць шматдзетнай маці – рэдкі дарМаці чацвярых дзяцей стаўленнем да жыцця разбурае стэрэатыпы пра тое, што шматдзетныя маці нічога не паспяваюць, пастаянна стомленыя і мараць толькі аб адным – выспацца!

– Закахалася ў Мікалая з першага погляду, – пачала аповед пра сустрэчу з мужам Анастасія. – Пазнаёміліся мы ў кампаніі агульных сяброў. Я адразу зразумела, што гэта мой чалавек. У нас былі і агульныя інтарэсы, і падобныя погляды на жыццё. А праз некаторы час з’явілася і адна на дваіх мара – стварыць сям’ю. І яна здзейснілася!

Праз год пасля лёсавызначальнай сустрэчы будучыя муж і жонка змацавалі свой саюз афіцыйна: далі клятву адзін аднаму быць разам у хваробе і здароўі, у багацці і беднасці, у горы і радасці. І так ужо 11 год.

Старэйшая дачка Віялета вучыцца ў 9 класе, захапляецца маляваннем і атлетыкай, але зараз асноўны ўпор робіць на вучобу, бо наперадзе выпускныя іспыты. 11-гадовы Павел марыць стаць прафесійным спартсменам, і ўвесь вольны час бавіць на трэніроўках па лёгкай атлетыцы. Аляксею восем гадоў, ён вучыцца ў другім класе, марыць стаць вайскоўцам. Пяцігадовая Маша з уласцівай для яе ўзросту цікаўнасцю актыўна вывучае навакольны свет. Увогуле, дзеці як дзеці, у кожнага свой характар. Яны такія розныя, кожнаму хочацца шмат мацярынскага цяпла і ласкі.

Пытаю ў Анастасіі, як ёй атрымоўваецца спраўляцца з усімі абавязкамі мамы і жонкі, бо відавочна, што большая іх частка кладзецца менавіта на яе плечы.

– Так, шмат трэба паспець зрабіць, але я ніколі не панікую і ўсё заўсёды паспяваю. Я працую пазменна. У будныя дні мне дапамагае муж і старэйшая дачка. У выходны дзень усе нашыя абавязкі становяцца агульнымі. Мы гатуем ежу, прыбіраем у хаце, ходзім за пакупкамі і на прагулкі з дзецьмі – усё робім разам. І гэта абсалютна нармальна для нашай сям’і.

Быць шматдзетнай маці – рэдкі дарШто датычыцца такога надзённага для шматдзетнай сям’і пытання, як сваё жыллё, то і з ім усё вырашана. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы шматдзетных сем’яў, Раманоўскія ўзялі крэдыт на набыццё свайго жылля. Цяпер жывуць у трохпакаёвай кватэры.

Выхадныя сям’я імкнецца праводзіць разам. Яны любяць падарожнічаць, хадзіць на прагулкі ў лес і любавацца прыродай. Анастасія і Мікалай выхоўваюць дзяцей у любові і ласцы, на даверы і дабрыні. Вучаць быць адкрытымі, клапоціцца адзін пра аднаго, заклікаюць любіць прыроду і паважаць бліжняга.

Быць шматдзетнай маці – рэдкі дарБыць мамай – гэта штодзённая праца ў плане забеспячэння жыццядзейнасці сям’і, дзяцей. Маці чацвярых дзяцей ўпэўнена, што быць шчаслівай без дзяцей немагчыма.

– Лічу, што быць мамай – прызначэнне кожнай жанчыны. А быць шматдзетнай маці – рэдкі дар. Няўжо штосьці можа параўняцца з адчуваннем шчасця, якое ўзнікае, калі цябе абдымаюць адразу чатыры пары дзіцячых рук?

Наталля ПЕТРУШЭНКА

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о