Будаўнічым матэрыялам не месца на гарадскіх вуліцах

0
171

Праблема доўгачасовага складзіравання на прыдамавых тэрыторыях прыватных домаўладанняў будаўнічых матэрыялаў – не новая для горада. Неаднаразова наша выданне ўзнімала яе на старонках газеты і ў сацыяльных сетках. Так ужо атрымліваецца, што наводзячы парадак на ўласных падворках, землякі псуюць агульны выгляд гарадскіх вуліц. Нагадвалі карэспандэнты гаспадарам і пра адміністрацыйную адказнасць за неналежнае санітарнае ўтрыманне прыдамавых тэрыторый, прызывалі аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва прытрымлівацца больш жорсткай і прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да падобных фактаў. Аднак і сёння на гарадскіх вуліцах скрозь і побач можна назіраць “гаспадарчую актыўнасць” землякоў (на фота). Некаторыя будаўнічыя матэрыялы не адзін месяц займаюць узбочыны, а яны, між іншым, пры адсутнасці тратуараў на асобных вуліцах райцэнтра з’яўляюцца адзіным адносна бяспечным месцам руху пешаходаў.

Сышоў снег, які часткова хаваў праблемы і прыхарошваў наваколле – прышоў час брацца за справу і наводзіць парадак на гарадскіх вуліцах. Як зазначыў на апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, спрыяльныя ўмовы надвор’я дазваляюць ладзіць санітарныя дні. Прыдамавыя тэрыторыі прыватнага сектару, замацаваныя гарадскія тэрыторыі і вуліцы, месцы грамадскага адпачынку маюць вострую патрэбу ў навядзенні парадку і наступным добраўпарадкаванні. Пагадзіцеся, родны горад – наша агульная зона адказнасці і разам мы павінны ўтрымліваць яго ў належным стане.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о