Я – курсант чацвёртага, выпускнога, курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Тры гады таму, пасля заканчэння Чалюшчавіцкай сярэдняй школы, я паступіў на Ваенна-тэхнічны факультэт на спецыяльнасць “Бранетанкавае ўзбраенне і тэхніка”. Чаму сярод пяці спецыяльнасцяў я абраў менавіта гэтую?

Браня моцная!У гады Вялікай Айчыннай вайны бясстрашныя героі-танкісты грамілі цэлыя калоны нямецкіх танкаў, вызвалялі гарады, ва ўзаемадзеянні з пяхотай знішчалі ворага, а наш савецкі танк Т-34 стаў сімвалам Вялікай Перамогі савецкага народа. Майстэрскае абыходжанне з гэтай шматтоннай машынай захапляе. І, часам, цяжка ўявіць, як механік-кіроўца здольны кіраваць гэтай шматтоннай браніраванай глыбай.

Вось гэтае майстэрства я і захацеў набыць, паступіўшы на Ваенна-тэхнічны факультэт. За час навучання я сутыкнуўся з працай камандзіра танкавага ўзвода і яго абавязкамі, а таксама з шэрагам спецыяльных дысцыплін па баявой падрыхтоўцы і шмат чым іншым. Вывучэнне сваёй спецыяльнасці з галавой акунае ў будучую прафесію, а праходжанне практык і стажыровак у воінскіх часцях Рэспублікі Беларусь шматгранна выхоўвае сапраўднага ваеннага інжынера-механіка. Кожная практыка, безумоўна, была цікавай, аднак самым уражлівым стаў вопыт другога курса, дзе нас вучылі ваджэнню баявых машын Т-72 Б3 і БМП-2.

Дзякуючы нашаму ўніверсітэту, я развіваюся не толькі як вайсковец, але і як кваліфікаваны інжынер, вывучаючы тэхнічныя навукі і гуманітарныя дысцыпліны. Шырокімі ведамі і бясцэнным вопытам дзеляцца з намі высокакваліфікаваныя выкладчыкі. Вядома, навучальнага матэрыялу шмат, але такая тэарэтычная і практычная падрыхтоўка выточваюць з леташняга школьніка каштоўнага спецыяліста.

Алег Арцюх,
курсант 4-га курса
Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о