Беларуськалій: 65 гадоў шчырай працы дзеля росквіту краіны

0
438

У чацвер, 24 жніўня, у актавай зале Петрыкаўскага рудаўпраўлення прайшоў урачысты канцэрт з нагоды надыходзячага Дня шахцёра, што адзначаецца ў апошнюю нядзелю жніўня, і 65-годдзя ААТ “Беларуськалій”.

Беларуськалій:  65 гадоў шчырай працы дзеля росквіту краіныНа мерапрыемстве прысутнічалі генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты, дырэктар Петрыкаўскага рудаўпраўлення Юрый Пятроўскі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава, прадстаўнікі прафсаюза на чале са старшынёй Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Белхімпрафсаюза Дзмітрыем Швайбам.

Адкрыццё ўрачыстасці распачалося з гімна Петрыкаўскага рудаўпраўлення, словы якога напісаў мясцовы спецыяліст горназдабываючай галіны Матвей Хрысталюбаў, а музыку – вядомая ў горадзе і далёка за яго межамі вакалістка Юлія Калеснік.
Звяртаючыся да прысутных, Іван Галаваты заўважыў: “Нас яднае адзіная мэта. Шахцёры – людзі адказныя, мэтанакіраваныя і шчырыя, што працуюць плячо да пляча. Ад усёй душы дзякую вам за працу і прафесіяналізм, адданасць рудаўпраўленню, гораду і краіне. Упэўнены, што з кожным годам Петрыкаўскі край будзе толькі развівацца, дзякуючы вам!”.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандра Янчанкава зачытала віншаванне ад кіраўніка раёна Аляксандра Кохана: “Горназдабываючая прамысловасць – адна са стратэгічна важных галін айчыннай вытворчасці, менавіта яна робіць істотны ўнёсак у экспартны патэнцыял краіны. Шахцёры не толькі захоўваюць вытворчыя традыцыі, але і ўпэўнена рухаюцца па шляху дынамічнага развіцця. Прыміце шчырыя пажаданні здароўя, поспеху, дабрабыту і шчасця кожнай шахцёрскай сям’і”.

Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі прафсаюза. Мікалай Швайба адзначыў: “Трэба заўважыць – тое, што адбываецца ў Петрыкаве, складана пераацаніць: на нашых вачах нараджаецца новая шахцёрская ментальнасць. Вы ў гэтым сэнсе – першапраходцы. Паглядаючы на гэтых маладых людзей, што ўжо глыбока ўцягнуты ў вытворчы працэс і вопытных спецыялістаў, можна зазначыць, што вы паспяхова вырашаеце галоўную задачу ўзбуйнення вытворчасці і стварэння новага шахцёрскага горада”.

Не абышлося, вядома, і без узнагарод: нагрудныя знакі “Шахцёрская слава” ІІ і ІІІ ступені, Ганаровыя граматы і Падзякі Петрыкаўскага райвыканкама, Ганаровыя знакі і Граматы Рэспубліканскага камітэта Белхімпрафсаюза знайшлі сваіх герояў як сярод старажылаў здабываючай галіны, так і сярод моладзі, якая годна пераймае эстафету вытворчых дасягненняў у старэйшых калег.
Урачыстасць была аздоблена творчымі нумарамі ў выкананні працаўнікоў рудаўпраўлення і іх блізкіх.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о