Бармэн – гэта яшчэ і псіхолаг

0
495

Бармэн нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Ірына Жукоўская ганаравана званнем “Лепшы па прафесіі – 2022” за шматгадовую добрасумленную працу і за дасягненне паказчыка па рознічным тавараабароце грамадскага харчавання ў памеры 120,8 працэнта ў фактычных цэнах да 2021 года.

Бармэн – гэта яшчэ і псіхолаг

Мая гераіня працуе ў нацыянальным парку вось ужо 9-ы год. Пачынала афіцыянткай, а потым ёй прапанавалі працаваць бармэнам.
Суразмоўца адзначае, што прафесія ёй вельмі падабаецца, хаця цяжкасцяў у ёй нямала:
“Работа, безумоўна, не з лёгкіх, – пачала размову Ірына. – Па-першае, пастаянна трэба быць на нагах, а па-другое, трэба яшчэ быць свайго роду псіхолагам, каб дагадзіць капрызнаму кліенту. Так, мы, афіцыянты, кухары і бармэны практычна прапускаем усе важныя мерапрыемствы. Напрыклад, фестываль “Кліч Палесся” я змагла паўнавартасна наведаць ужо будучы ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Новы год мы таксама “на нагах”, але кіраўніцтва аплачвае нам працу ў падвоеным тарыфе паводле дамовы, таму скардзіцца не бачу сэнсу, мы ж самі выбралі сабе такую прафесію. Ды і заработная плата ў нас адна з высокіх у раёне”.

Ірына нарадзілася і вырасла ў адной з вёсак Пінскага раёна. Скончыўшы каледж па спецыяльнасці “Агент па забеспячэнні”, па размеркаванні трапіла ў Петрыкаўскі раён. Тут яна і знайшла свой лёс: выйшла замуж за мясцовага хлопца і нарадзіла дваіх дзяцей. Старэйшы сын ходзіць у 7 клас Ляскавіцкай сярэдняй школы, малодшая дачка – у 5-ы клас.

“Разам з кіраўніцтвам аддзела турызму “Прыпяцкага” мы распрацоўваем разнастайныя варыянты прыцягнення кліентаў у наша кафэ “Дом Палешука”, – працягнула жанчына. – Так, мы заўсёды прапануем тэматычныя праграмы да 23 лютага, да 8 сакавіка. Мы імкнёмся прадбачыць, што можа захапіць сучаснага чалавека, які прыйшоў не толькі смачна паесці і выпіць, але і цікава і карысна правесці час. Для дзяцей мы часта рыхтуем сувенірную прадукцыю – гэта радуе і дзетак, і іх бацькоў”.

Бармэн – гэта яшчэ і псіхолаг
Кіраўніцтва нацпарку імкнецца прадбачыць пажаданні кліента

На пытанне, як Ірына перайшла з афіцыянтак у бармэны, адказала так: “Мне цікава разбірацца ў тонкасцях напояў, вывучаць культуру спажывання. Гэта новыя веды, не люблю стаяць на месцы”.

Са слоў гераіні, вынік агульнай працы залежыць ад зладжанай работы ўсяго калектыву.
“Трэба разумець, што афіцыянт – гэта галава кафэ, а повар – яго шыя. На якім бы вышэйшым узроўні не абслугоўваў афіцыянт сваіх кліентаў, усё гэта не мае сэнсу, калі ежа прыгатавана нясмачна. Магу з радасцю паведаміць, што такой праблемы ў нашай установе няма. У гэтым плане мы – дружны і згуртаваны калектыў. У маёй змене працую я, бармэн-афіцыянт, і два повары – Валянціна Дубіна і Алена Шаўцова. Мы ведаем, дзе і ў які момант павінны падстрахаваць адзін аднаго. Паверце, гэта дарагога каштуе”.

У канцы размовы Ірына сказала, што ёй аказаны вялікі гонар такім званнем: “Лепшы па прафесіі” – да такога ўзроўню павінен імкнуцца кожны спецыяліст у нашым раёне”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о