Петрыкаўшчына па праве лічыцца адным з самых маляўнічых куткоў Беларускага Палесся. Векавыя лясы, унікальная пойма Прыпяці і найбагацейшыя прыродныя рэсурсы – гэта не проста візітная картка раёна, але і каласальная адказнасць. У сучасных рэаліях захаванне экалагічнага балансу патрабуе штодзённага кантролю і шчырай адданасці сваёй справе.
Напярэдадні сусветнага дня навакольнага асяроддзя аб кантролі за чысцінёй паветра і вадаёмаў, абароне рэдкіх відаў, навядзенні парадку на зямлі і аб тым, як кожны жыхар Петрыкаўшчыны можа дапамагчы захаваць родны край для нашчадкаў, мы пагаварылі з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігарам Зянкевічам.

– Скажыце, як гэта – ахоўваць прыроду краю, які сам па сабе з’яўляецца эталонам спрадвечнай Беларусі?
– Гэта вялікі гонар і яшчэ большая адказнасць. Наш раён унікальны: больш за 56% тэрыторыі пакрыта лясамі, а пойма Прыпяці – гэта сусветны транзітны калідор для мільёнаў мігруючых птушак. Амаль траціна раёна – гэта запаведныя і ахоўныя тэрыторыі: нацпарк “Прыпяцкі”, водна-балотны заказнік “Пойма Пцічы”, ландшафтны заказнік “Камаровіцкі”, гідралагічны заказнік “Варанецкі мох” і 7 помнікаў прыроды.
Ахоўваць такую экасістэму – значыць штодня балансаваць паміж развіццём раёна і захаваннем яго прыроднай душы.
– Давайце пяройдзем да вострых праблем. Пачнём з бытавых адходаў. Як на Петрыкаўшчыне вырашаецца пытанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі?
– Сітуацыя мяняецца ў лепшы бок, але праблемы застаюцца. Штогод на тэрыторыі раёна ўтвараецца каля 6,5 тысяч тон цвёрдых камунальных адходаў. Наша галоўная задача – мінімізаваць пахаванне адходаў на палігонах і ўцягнуць у гаспадарчы абарот максімум другасных матэрыяльных рэсурсаў: пластыка, шкла, паперы. За мінулы год узровень выкарыстання ДМР склаў 43%. Мы кантралюем графік вывазу смецця, стан кантэйнерных пляцовак, ліквідацыю міні-палігонаў у сельскай мясцовасці.
Разам з тым, паасобны збор смецця павінен стаць нормай для кожнага жыхара раёна.
– Яшчэ адзін нябачны, але небяспечны вораг – інвазіўныя расліны. Як арганізавана работа па рэгуляванні распаўсюдж-вання залатарніка канадскага?
– Барацьба ідзе бесперапынна. Расліна з’яўляецца не толькі небяспечным алергенам, але і прадстаўляе пагрозу біялагічнай разнастайнасці. На тэрыторыі раёна выяўлена і пастаўлена на ўлік больш за 20 месцаў распаўсюджання залатарніка. “Лідарамі” з’яўляюцца Ляскавіцкі, Лучыцкі, Бабуніцкі і Муляраўскі сельсаветы. У бягучым годзе для хімічнай апрацоўкі месцаў распаўсюджання інвазіўных раслін выдаткавана з бюджэту амаль 4,5 тысяч рублёў.
– Нашы чытачы часта пытаюцца пра прамысловую экалогію. У прыватнасці, што такое тампанаж свідравін і навошта ён патрэбен?
– Гэта крытычна важнае пытанне для абароны падземных вод. У раёне ёсць старыя, закінутыя артэзіянскія свідравіны, як правіла на былых фермах. Калі такую свідравіну не закансерваваць, то праз яе ў глыбокія ваданосныя гарызонты, адкуль мы п’ем ваду, можа патрапіць бруд, хімія і бактэрыі.
– Экалагічны парадак дня цесна звязана з мадэрнізацыяй вытворчасці. Наколькі актыўна наш раён укараняе чыстыя тэхналогіі?
– Развіццё прамысловасці не павінна “забіваць” прыроду. Сельская, жыллёва-камунальная гаспадаркі, транспарт – у кожнага свая нагрузка на экалогію і ўзроўні ўздзеяння на прыроду, а таксама свае спосабы і магчымасці яе аховы. Усе мы знаходзімся ў пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем і задача перад намі стаіць агульная: мінімалізацыя ўздзеяння на прыроду, яе ахова. Важна асвойваць “чыстыя” тэхналогіі, будаваць сучасныя ачышчальныя збудаванні па ачыстцы сцёкавых вод і выкідаў у атмасферу.
– Добраўпарадкаванне Петрыкава і малых населеных пунктаў – гэта таксама частка вашай працы?
– Безумоўна. Добраўпарадкаванне – гэта свайго роду твар раёна. Мы сочым за азеляненнем вуліц, зносам пустых лядашчых дамоў, рэкультывацыяй зямель. Петрыкаўшчына павінна быць месцам, дзе камфортна дыхаць і жыць.
– Сусветны дзень навакольнага асяроддзя – прафесійнае свята эколагаў, але тычыцца яно кожнага. Што можа зрабіць звычайны жыхар раёна для аховы прыроды?
– Прырода не патрабуе ад нас подзвігаў, ёй патрэбная элементарная культура: не кідайце пластык у лесе, данясіце батарэйку да спецыяльнай урны, пасадзіце дрэва ля свайго пад’езда, не выпальвайце сухую траву ўвесну – гэта забівае ўсё жывое. І яшчэ памятайце: чысты раён пачынаецца не з працы інспектара, а з чысціні ў думках і ўчынках кожнага з нас. Зямля ў нас адна, і іншай не будзе.

Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о