Штогод у першую нядзелю чэрвеня меліяратары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Гэты дзень – даніна павагі людзям, чыя праца непасрэдна ўплывае на ўрадлівасць глебы, эфектыўнасць сельскай гаспадаркі і агульны дабрабыт краіны.
Праца меліяратара гэта сапраўднае мастацтва ўпраўлення воднымі рэсурсамі, што патрабуе глыбокіх ведаў, фізічнай вынослівасці і адказнасці. Гэтымі якасцямі валодае вадзіцель амкадора КМУП “Петрыкаўскае ПМС” Сяргей Панамароў. Прафесійны шлях героя прыклад таго, як вопыт і жаданне да засваення новага могуць знайсці новае прымяненне.
– З тэхнікай сябрую з дзяцінства, – пачынае свой аповед Сяргей Мікалаевіч. – Цікавасць да машын і механізмаў праявілася яшчэ ў юнацтве: бацька працаваў трактарыстам у калгасе і я ў вольны час быў каля яго. Таму пасля заканчэння роднай базавай школы ў Аголіцкай Рудні, ужо меў яснае ўяўленне пра сваю будучыню – стаць механізатарам. Пасля адзінаццаага класа Капцэвіцкай сярэдняй школы атрымаў правы кіроўцы. Практычна ў 17 гадоў сеў за руль трактара ў калгасе “Петрыкаўскі”, пачаўшы свой працоўны шлях.
Далей была служба ў войску на тэрыторыі Украінскай СССР. Пасля дэмабілізацыі мужчына вярнуўся да любімай справы – сельскай гаспадаркі. Большую частку свайго прафесійнага жыцця мужчына прысвяціў менавіта ёй, але, як прызнаецца сам герой, работа ў меліярацыйных сістэмах, гэта таксама праца на зямлі, якая патрабуе такога ж падыходу і адказнасці.
Пераход з сельгаспрадпрыемства працаваць на амкадор у ПМС каля дзесяці гадоў таму, азначаў новы этап у яго жыцці. Гэта патрабавала асваення новай тэхнікі, разумення спецыфікі меліярацыйных работ. Яго штодзённыя задачы, гэта не толькі эксплуатацыя спецтэхнікі, але і праца па ачыстцы і падрыхтоўцы меліяратыўных сістэм. Як расказвае сам механізатар, у яго абавязкі ўваходзіць разраўніванне кавальераў пасля экскаватараў, што з’яўляецца неабходным этапам для далейшай працы прыбіранне лазы, бярэзніку і карчоў. Гэтыя аперацыі дазваляюць эфектыўна ачысціць каналы ад перашкод, забяспечваючы свабоднае працяканне вады і прадухіляючы забалочванне тэрыторый.
– Дзейнасць меліяратара гэта заўсёды праца на свежым паветры, часта ў няпростых умовах, але работнікі прадпрыемства ставяцца да абавязкаў з адказнасцю і прафесіяналізмам, – працягвае субяседнік. – Спрыяе працы і атмасфера ў калектыве: усе мы разумеем важнасць і неабходнасць выканання пастаўленых задач.
Суразмоўца адзначае, што важную ролю ў стымуляванні гэтай згуртаванай працы адыгрывае малады кіраўнік. Яго сучасны погляд на справу ў спалучэнні з багатым вопытам работнікаў прадпрыемства, даюць свае вынікі
– Добра, калі праца ў жыцці чалавека прыносіць не толькі матэрыяльныя выгады, але і глыбокае задавальненне. Калі ты бачыш, як пасля цябе зямля ажывае, як з’яўляюцца новыя пасадкі, усё становіцца больш акуратным і прыгожым – гэта вельмі прыемнае адчуванне, – дзеліцца Сяргей Мікалаевіч.
Наш герой перакананы, што любоў да зямлі – нешта большае, чым проста захапленне прыгожымі краявідамі. Гэта адказнасць, клопат і разуменне таго, што мы з’яўляемся часткай прыроды. Такія каштоўнасці ён перадае сваім пяці ўнукам, якія разам з дачкой і сынам наведваюцца да іх з жонкай. Меліяратар верыць, што менавіта праз гэтыя простыя, але важныя размовы, можна выхаваць у дзяцей адказнае стаўленне да навакольнага свету.
Акрамя прафесійнай дзейнасці Сяргей Мікалаевіч з’яўляецца сапраўдным гаспадаром у сваім доме. Разам з жонкай яны з задавальненнем займаюцца агародніцтвам не толькі на сваім прыватным сектары, але і на бацькоўскім участку. Гэта дазваляе забяспечваць сябе свежымі гароднінай і садавінай, адчуваць глыбокую сувязь з каранямі і традыцыямі.
Любоў да зямлі робіць чалавека шчаслівым! Гэтая думка, выказаная Сяргеем Мікалаевічам, становіцца правілам яго жыцця. Яго праца, сям’я, хобі – усё гэта цесна звязана з клопатам пра зямлю. І менавіта ў гэтай сувязі ён знаходзіць задавальненне.
Сяргей Панамароў – прыклад таго, як можна знайсці гармонію паміж прафесійным жыццём і асабістымі каштоўнасцямі, як можна прыносіць карысць землякам і адначасова адчуваць сябе шчаслівым.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.






Оставить комментарий