Дырэктар і не толькі! Уладзімір Герасіменка з Петрыкаўскага раёна — і пчаляр, і трактарыст, і горны інжынер…

0
452
Ужо 20 гадоў працуе дырэктарам у Бабуніцкай сярэдняй школе, што ў Петрыкаўскім раёне, Уладзімір Герасіменка. Настаўнік працоўнага навучання і фізікі асвоіў нямала карысных ведаў і практык, патрэбных у педагагічнай дзейнасці. У майго суразмоўніка павучыцца можна многаму, прычым не толькі на ўроках. Давайце прыгледзімся да яго рознабаковых талентаў і клопатаў.

 

На чале новай школы

Заехалі ў Бабунічы з начальнікам аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людмілай Жукавец толькі ўвечары. Уладзімір Герасіменка з сынам паказаў будынак школы, які ўзвя­лі ў 2010-м. Напрыканцы 80-х ён яе і заканчваў, толькі школа была старэнькая, драўляная, з грубкамі ў класах. Дарэчы, Уладзімір Мікалаевіч хацеў стаць інжынерам-будаўніком. Чарчэнне падабалася, мае дакладную лінію, каліграфічны почырк. Марыў дамы ўзво­дзіць, і пашчасціла ж бачыць з нуля нараджэнне прыгажуні-школы!

Дырэктар і не толькі! Уладзімір Герасіменка з Петрыкаўскага раёна — і пчаляр, і трактарыст, і горны інжынер…

Тады за плячыма яго быў Мазырскі педінстытут. Асвоіўся ў школе ён разам з жонкай — настаўніцай нямецкай мовы. Дарэчы, пазней дапамагаў і царкву Святой Жываначальнай Тройцы будаваць (якая праз дарогу ад школы), медаль за тое атрымаў. Храм асвяцілі ў 2022-м. Прыгожае ў Бабунічах суседства: новыя школа і царква.

Ва ўстанове адукацыі ўсё сучасна, прыгожа, функцыянальна.

— Разлічана школа на 132 вучні, цяпер іх 90, — прадаўжае Уладзімір Герасіменка. — Пакуль мы, як кажуць, на кані, бо і школа — проста цуд, і педкалектыў моцны, і пры школе ўсё ёсць: стадыён, бегавыя дарожкі з гумавым пакрыццём. Амаль штогод нашы дзеці — пераможцы абласных этапаў алімпіяд па геаграфіі, гісторыі, беларускай мове, ёсць дыпломы па нямецкай мове, пахвальныя водзывы на заключным этапе. А калі пытаюцца, хто найбольш праславіў школу, адказваю: “Байдарачніца Марына Літвінчук, шматра­зовая чэмпіёнка свету, сярэбраны і двойчы бронзавы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў”. Я быў яе класным кіраўніком. Каля спартзалы ёсць стэнд, прысвечаны Марыне. Усе ведаюць, што яе, тады Марыну Палтаран, з 8 класа трэнеры запрасілі ў Мінск вучыцца… Марына — малайчына, гордасць наша, для ўсіх вучняў прыклад.

Гаворым пра жыццёвыя шляхі выпускнікоў з Бабуніч. Міліцыянеры, медработнікі, афіцэры, педагогі, вучоныя, айцішнікі… Дарэчы, Андрэй Раўкоўскі, сын завуча, набраў 383 балы з 400, моцны вынік для палескай глыбінкі. Юнак перайшоў на трэці курс БДУІР.

…І плюс горны інжынер!

Моцных, разумных палешукоў ахвотна бяруць вучыцца і ў БНТУ: гадоў 5 назад выйшаў на праектную магутнасць Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат. Там штогод здабываюць каля паўтара мільёна тон калійных угнаенняў. І кожны год 1—2 выпускнікі школы, а іх усяго па 7—8, ідуць вучыцца на горных інжынераў, каб потым вярнуцца ў раён.

— Добрыя кадры на камбінаце патрэбны. Ёсць сацпакет, жыллё, заробак, перспектывы, — з усмешкай паглядае дырэктар на Людмілу Жукавец. — Там гадоў 5 малодшы сын працуе і мне кажа: “Тата, падумай…” Бо і я ж па другой адукацыі горны інжынер.

Людміла Мікалаеўна разумее намёк, згадвае, як пайшла неяк да начальства, каб звольніцца, і ёй сказалі: “Для раёна дрэнна будзе, калі пойдзеш”.

— Вось і я кажу: для Бабуніцкай школы, для сістэмы адукацыі ўвогуле будзе дрэнна, калі звольніцца Уладзімір Мікалаевіч, — таксама з гумарам, але цвёрда парыруе закід начальнік аддзела адукацыі.

Уладзімір Герасіменка, пакуль сын вучыўся на факультэце горнай справы і інжынернай экалогіі, пазнаёміўся з яго некаторымі выкладчыкамі. А там і землякі з Петрыкаўшчыны. Прапанавалі: “Вучыся і ты, няхай будзе дыплом, дзве вышэйшыя адукацыі не лішнія”.

— Паслухаў разумных лю­дзей, успомніў, што інжынерам хацеў стаць, — і паступіў, а ў 2023-м атрымаў дыплом горнага інжынера, — удакладняе суразмоўнік. — Відаць, адзін я такі ў Беларусі: дырэктар школы з дыпломам горнага інжынера. Вучыўся завочна. Неяк знаёмы здзівіўся: і па першым дыпломе з людзьмі працуеш, і другая прафесія нялёгкая, а звычайна ж другую выбіраюць лягчэйшую. Дык нам, кажу яму, да цяжкасцей не прывыкаць, многае ўмеем.

Сын аператара АВМ

Лёсам было наканавана, што бацькам не давялося выбіраць імя хлопчыку з Міхедавіч: нара­дзіўся на 100-гадовы юбілей Ула­дзіміра Леніна, 22 красавіка 1970 года, таму і назвалі Уладзімірам. “Маці працавала на ферме свінаркай, бацька — на пасадзе аператара АВМ”, — так напісаў пазней абітурыент Герасіменка, паступаючы ў педінстытут. Можа, усміхаецца дырэктар, вырашыў хто, што ён памыліўся і трэба ЭВМ пі­саць, а то падумалі: “Ого, якія пісьмен­ныя людзі ў Міхедавічах-Бабунічах!” А вяскоўцы ж ведаюць: АВМ — апарат вітамінавай мукі.

З падзаробкаў летніх Ула­дзімір Герасіменка, старэйшы з траіх дзяцей у сям’і, згадвае чарніцы: па лясах збіралі і вазілі ў Гомель, шклянкамі прадавалі. На тыя грошы дзецям выпадала прыкупіць адзенне, абутак, школьныя прылады. Дапамагаў сын бацькам і па гаспадарцы: свіней трымалі, дзве каровы. А пра вучобу ў Мінску тады і не марыў хлопец з глыбінкі.

— Цяпер жа, дзякуючы адла­джанай сістэме ацэнкі ведаў, стала магчымым вясковым выпускнікам канкурыраваць нароўні з гарадскімі пры паступленні ва ўстановы адукацыі, — разважае дырэктар. — Скажам, з мінулагодніх сямі выпускнікоў нашых чацвёра ў Мінску вучацца. Нармальны працэс і паказчык таго, што на высокім узроўні дае веды Бабуніцкая школа.

Дырэктарскія пчолы

Уцягваўся Уладзімір Герасіменка ў пчалярства пад кіраўніцтвам цесця. Жончын бацька Леанід Астапавіч Панцюк іх вельмі любіў і зяцю, які перасяліўся ў Бабунічы, любоў тую прывіў.

На пчальніку спраў заўсёды шмат. Навучыўся рабіць гняздоўкі-пасткі для раёў, паднімаць і ставіць на дрэвы. На Палессі ж робяць стэлажы-раёўні, на іх — пасткі: так і ловяць дзікія раі.

— Рамкі рабіць, гнездавыя і магазінныя, я хутка навучыўся, бо выкладаю працоўнае навучанне і фізіку, — гаворыць дырэктар. — У школьнай майстэрні вучням такое майстэрства перадаю, і дома ёсць станкі, цыркуляркі. І пасткі я асвоіў, пры гэтым усё ж пчаляр-падсобнік, цалкам у прафесію не ўдаюся: тут Сашу дарога, ён чалавек вальнейшы, з дыпломам, няхай развіваецца. (Старэйшы сын дырэктара школы вывучыўся на пчаляра ў Смілавіцкім аграрным каледжы. Цяпер Аляксандр Уладзіміравіч — заатэхнік-пчаляр.)

Далучанасць да пчалярства дырэктару спатрэбілася, калі вызначаліся з профільнай падрыхтоўкай у старшых класах.

— У 8-м было дзевяць вучняў, для пяцярых з іх вызначылі па заяве бацькоў матэматыку, — расказвае Ула­дзімір Герасіменка. — А для чацвярых прапанавалі працоўнае навучанне — факультатыў “Свет сельскай гаспадаркі”. Даём веды пра тэхналогію вырошчвання бульбы, агародніны, расказваем, як разводзіць свойскіх жывёл і пчол. Скажам, я расказваю на занятках, як уладкавана пчаліная сям’я, пра этапы жыцця пчалы, традыцыі беларускага пчалярства. Ёсць практычныя заняткі: дзеці вучацца ў майстэрні рабіць рамкі для вуллёў. У мяне ёсць нарыхтоўкі, каб і цалкам вуллі зрабіць — у старшых класах асвоім. Пчалярства на Палессі здаўна ў пашане: мясціны чыстыя і пчолкі, як і людзі, працавітыя.

Па ходзе размовы стала зразумела: пчальнік Леанід Астапавіч перадаў нашчадкам… як двух’ярусны пчаліны вагон, змайстраваны на базе рамы трактарнага прычэпа. Яго паставілі ў лесе наводдаль вёскі, побач з тэрыторыяй Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. У экалагічна чыстых мясцінах і шчыруюць з 20 пчаліных раёў пад наглядам Сашы Герасіменкі. Ён расказвае, як наведвае пчальнік нават зімой, часам на трактары ледзь прабіраецца. Вучням, дарэчы, дырэктар лясны пчальнік паказваў, мёдам смачным частаваў. Магчыма, некаму з іх і такі каштоўны практычны дырэктарскі вопыт спатрэбіцца.

А яшчэ і трактар свой!

Кажучы пра сына з правамі трактарыста, дырэктар удакладніў, што і сямейны трактар МТЗ ад цесця ў спадчыну ім дастаўся, і гектары з тры ворыўных зямель. Шануючы памяць пра нястомнага працаўніка-цесця, зяць і тое поле клопатаў не запусціў: высявае азімыя і яравыя, бульбу саджае…

— Уладзімір Мікалаевіч свой трактар выкарыстоўвае і для школьных мэт, — удакладняе Людміла Жукавец. — Штогод займаецца пасадкай школьнай бульбы, а гэта ў выніку робіць больш танным і разнастайным харчаванне вучняў. Не толькі ў Бабунічах такая практыка, але ж у школах раёна па 3—5 сотак участкі, а тут гектар! Бульбу апрыходу­юць, бяруць пробы для санслужбы — атрымліваюць адпаведны сертыфікат. Тое ж самае і з морквай, буракамі, капустай.

— Пры гэтым і дзяцей на ўборцы задзейнічаем, і настаўнікаў, — прадаўжае дырэктар. — Гэта і цудоўнае выхаванне калектыўнай працай. Бульбу я праводжу па дакументах па адной капейцы за кілаграм: кошт павінен быць закладзены ў меню на школьнай кухні. Так што атрымліваецца немалая эканомія, і тыя грошы ­ідуць, каб мяса больш было на сталах, сокаў. Летась было дзве тоны вялікай бульбы, тону яшчэ насенкі захавалі, а малую проста людзям раздалі.

Апускаем шматлікія тонкасці ў гэтай, па сутнасці, дабрачыннай дырэктарскай справе — з удзелам яго сына і прыватнага трактара. Спадзяёмся, выхаваўчы эфект ад такой дзейнасці працавітага дырэктара на карысць усёй школе. І, можа, нават шырэй: сістэме адукацыі, як сказала Людміла Жукавец.

А горных інжынераў Бабуніцкая школа яшчэ вырасціць для краіны: працавітых, ініцыятыўных, на добрых прыкладах выхаваных.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара

nastgaz.by

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о