Праца ў сельскай гаспадарцы заўсёды была і застаецца адной з самых важных і адказных. Асабліва гэта тычыцца жывёлаводаў – людзей, якія штодня клапоцяцца пра здароўе пагалоўя.
На ТФ “Макарычы» СУП “Палессе-Аграінвест” адной з такіх шчырых працаўніц з’яўляецца Вольга Стаўнійчук. Ужо не адзін год жанчына прысвячае сябе жывёлаводству, і яе стараннасць не застаецца незаўважанай – кіраўніцтва гаспадаркі часта ставіць жанчыну ў прыклад, адзначаючы яе адказны падыход да выканання сваіх абавязкаў.
– Існуе думка, што ў маю прафесію ідуць выключна жыхары сельскіх населеных пунктаў. Аднак гэта не так. Я – яскравы прыклад таго, што жаданне працаваць на зямлі можа прывесці чалавека да гэтай прафесіі незалежна ад месца яго нараджэння, – дзеліцца гераіня.
Вольга Іванаўна родам з Петрыкава, пасля заканчэння першай гарадской школы пайшла працаваць у сельскую гаспадарку. Сёння ў яе полі зроку знаходзяцца жывёлы ва ўзросце ад двух месяцаў да года. Гэта вельмі адказны перыяд у жыцці маладняку, які патрабуе асаблівай увагі і догляду. За работніцай замацавана больш за пяцьсот галоў, што сведчыць аб вялікім аб’ёме работы і высокай ступені даверу яе прафесіяналізму.
– Адвожу дзяцей у школу, дзіцячы садок – і на працу. Даглядаю сваіх падапечных амаль да вечара, – прызнаецца гераіня. Харчаванне, здароўе маладняку неабходныя ўмовы для росту – усё гэта ўдзел жывёлаводаў.
Вольга Іванаўна ўспамінае, як у дзяцінстве, прыязджаючы на канікулы да бабулі ў Макарычы, яны з сяброўкамі бегалі на ферму. Ужо тады яна адчувала жаданне дапамагчы работнікам, падыйсці да цялятка і пагладзіць яго.
Сёння Вольга Стаўнійчук жыве ў Макарычах, яна маці чацвярых дзяцей, якія далучаюцца да працы на ферме, становячыся памочнікамі маці. Жанчына прытрымліваецца прынцыпу: дзеці павінны выхоўвацца ў працы. Такі падыход не толькі прывівае адказнасць, але і дазваляе перадаць веды і любоў да сельскай гаспадаркі.
–Важна адзначыць, што “Палессе-Аграінвест” цэніць сваіх работнікаў і стварае спрыяльныя ўмовы для працы. Прадпрыемства прапануе прыемныя бонусы: “пайкі” ў выглядзе харчовай прадукцыі, забяспечвае, пры неабходнасці, падвоз, мы можам разлічваць на стабільную і нядрэнную заработную плату, – адзначае суразмоўца. – Я, мае калегі разумеем наколькі важная наша праца і стараемся годна вырашаць пастаўленыя задачы.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.







Оставить комментарий