Свой 90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка Барычава, ветэран педагагічнай працы Еўдакія Клімаўна Курыленка.

З нагоды зямлячку наведалі, у тым ліку, і супрацоўнікі “ПН”. Еўдакія Клімаўна адданы чытач раённага выдання і на працягу 65 гадоў з’яўляецца нашым падпісчыкам.
Наша суразмоўца нарадзілася на Магілёўшчыне, у шматдзетнай сям’і. Бацька загінуў на фронце, пакінуўшы сям’ю без кармільца. Дзяцінства, апаленае вайной, запомнілася ёй невыноснымі ўмовамі жыцця ў акупацыі, сіроцкай доляй. Тыя цяжкія часы, як шрамы на душы, засталіся ў памяці на ўсё жыццё, але не зламалі яе, наадварот – выкавалі моцны характар.

З юнацтва ў гераіні было жаданне стаць настаўніцай.

– Мара мая ажыццявілася ў 1958 годзе пасля заканчэння Гомельскага педагагічнага інстытута, калі я прыехала на Петрыкаўшчыну ў вёску Бабунічы у якасці настаўніка рускай мовы і літаратуры, – успамінае жанчына. – Быў перыяд, калі ўзначальвала калектыў школы. Значны адрэзак часу прысвяціла сябе вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Трыццаць шэсць гадоў складае працоўны стаж ветэрана педагагічнай працы. Была яна і актывістам у грамадскім жыцці: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса “Запаветы Ільіча”, агітатар, рэдактар мясцовай газеты “За новы ўраджай”, дэпутат сельскага Савета.

Еўдакія Клімаўна чалавек невычэрпнай энергіі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак у 1994 годзе займалася сацыяльнай работай, доўгі час з’яўлялася старшынёй ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага сельскага савета, пасля прыняла на сябе адказную ролю старасты вёсак Барычаў і Касішча. Дзякуючы яе ініцыятывам і нястомнай працы былі рэалізаваны шматлікія добрыя справы, якія палепшылі быт мясцовых жыхароў.

Асаблівую ролю ў яе жыцці заўсёды адыгрывала сям’я. Шэсцьдзесят чатыры гады жанчына пражыла “душа ў душу” са сваім мужам Юрыем Дзям’янавічам, які таксама быў настаўнікам. Іх сумесны шлях быў напоўнены ўзаемнай падтрымкай, разуменнем і любоўю.

Шчырымі і сумленнымі выхавалі яны сваіх дзяцей. Валодзя, як і бацькі стаў настаўнікам, Людміла звязала прафесійнае жыццё з кааперацыяй. Радуюць сёння доўгажыхарку ўнукі і праўнукі.

– Я лічу сябе шчаслівым чалавекам. Жыццё склалася ў мяне як я хацела: муж, дзеці, праца… Заўсёды імкнулася рабіць дабро людзям. Інакш жыць не ўмела, – прызнаецца суразмоўца. – Прытрымліваюся пазіцыі: неабходна радавацца кожнаму дню, любіць людзей, дапамагаць тым хто мае патрэбу. І лёс абавязкова аддзякуе за гэта.
Мы шчыра віншуем нашу зямлячку з юбілеем! Жадаем моцнага здароўя і душэўнага спакою. Няхай кожны ваш дзень, шаноўная Еўдакія Клімаўна, бу-дзе напоўнены радасцю, цяплом і ўвагай блізкіх людзей.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о