Пачэснае месца на раённай урачыстасці займаюць імёны тых, хто сваімі працоўнымі дасягненнямі ўносіць значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна. Адна з іх – жывёлавод па абслугоўванні цялят МТФ аддзялення “Вялаўск” СУП “Палессе-Аграінвест” Аксана Пурко.
Аксана Трафімаўна на працягу многіх гадоў жыве па прынцыпе: “Калі брацца за справу, то рабіць яе трэба якасна, добрасумленна і з душой”. Такія адносіны да працы, зразумела, даюць свае станоўчыя вынікі.
– Аксана Трафімаўна – дысцыплінаваны і адказны работнік, пра што сведчаць высокія паказчыкі яе працы, – гаворыць пра жанчыну ўпраўляючы аддзялення “Вялаўск” Васілій Казачэнка.
За 10 месяцаў бягучага года валавая прывага па групе цялят, якую абслугоўвае працаўніца, склала 78,92 тоны, сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе – 944 грама.
Яна пільна сочыць за здароўем пагалоўя і хвалюецца за кожную жывёлу.
У тым, што паміж цялятніцай і яе падапечнымі існуе асаблівая сувязь, нам давялося ўпэўніцца асабіста.
– Па нумарах цялят ніколі не запамінала – толькі па знешніх прыкметах. Амаль усім даю мянушкі. Яны добра ведаюць мой голас і заўсёды адгукаюцца і слухаюцца, – пазначае Аксана Трафімаўна і дзеліцца па нашай просьбе фактамі ўласнай біяграфіі: – Родам я з пасёлка Шаставічы. Прыказка “дзе нарадзілася, там і згадзілася” якраз пра мяне. Пасля заканчэння школы выйшла замуж, пераехала ў Вялаўск і ўладкавалася кухоннай рабочай у мясцовую школу, дзе адпрацавала дзевяць гадоў. Пасля перайшла працаваць на ферму, дзе на той час ужо плацілі болей, да таго ж і спецыфіку працы ў жывёлагадоўлі я добра ведала, бо прызвычаілася да яе яшчэ калі была дзіцям і хадзіла разам з чатырма сёстрамі дапамагаць маці, якая працавала даяркай.
Больш за тры гады я даіла кароў, прычым працавала выключна на раздоі нецялей, і вось ужо чатырнаццаты год гадую цялят. Заработная плата ў мяне напрамую залежыць ад паказчыкаў, таму стараюся. Да таго ж кіраўніцтва штомесяц за сумленную працу выдае харчовыя наборы – прыемна адчуваць клопат і падтрымку.
На працягу ўсяго дня, з рання і да змяркання, наша гераіня каля цялят: накарміць, напаіць, падаслаць, каб было цёпла і суха, паназіраць за станам здароўя, каб у час аказаць неабходную дапамогу.
– Працаваць з жывёлай мне вельмі падабаецца. У мяне група догляду ад 2-х да 6-ці месяцаў. Лічу, што аддача ў любой справе прама прапарцыянальная тым намаганням, якія ты прыкладаеш. Калі да сваіх абавязкаў ставішся з душой і адказнасцю, то і на высокія паказчыкі можаш разлічваць.
“Я люблю працаваць хутка і якасна і дзяцей сваіх вучу, каб яны не пераносілі на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.
І ніколі не адмаўляліся ад работы, бо хто звык да яе, той і мець будзе”.
Трое дзяцей нашай гераіні ўжо выраслі, атрымалі адукацыю і ўладкаваліся ў жыцці. Старэйшы сын жыве ў Мінску, дачка – у Мазыры, малодшага два тыдні таму прызвалі ў войска. Наша гераіня – багатая бабуля. Тры ўнучкі напаўняюць жыццё жанчыны шчасцем і радасцю.
Па словах гераіні, калі глядзіць яна на сваіх дзяцей і ўнукаў, то расце ў яе адчуванне, што жыве не дарэмна, што робіць усё добра і правільна.
Па выніках раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай вытворчасці за 2025 год у намінацыі “Галіна жывёлагадоўлі. Жывёлаводы па абслугоўванні цялят” Аксана Трафімаўна заняла пачэснае 3 месца і была ўзнагароджана Ганаровай граматай і грашовай прэміяй ад раённага выканаўчана камітэта.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.








Оставить комментарий