Напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы сустрэліся з чалавекам, які, нягледзячы на малады ўзрост, ужо кіруе адным з ключавых аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы.
Станіслаў Стасенка – загадчык тэрапеўтычнага аддзялення №1. Малады ўрач 4-ты год працуе ў Петрыкаўскай ЦРБ, застаўшыся пасля двухгадовай адпрацоўкі.
Нарадзіўся Станіслаў Міхайлавіч у абласным цэнтры. Пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Неўролаг» па размеркаванні прыехаў на Петрыкаўшчыну.
– Я вырас у сям’і, дзе выратаванне людзей – справа жыцця. Вядома, на сямейным савеце абмяркоўваліся далейшыя планы, і маё жаданне паступаць у медуніверсітэт было падтрымана аднагалосна. Тым больш, што медсястрой-анестэзістам працуе мая маці, Алена Мікалаеўна, а айчым, Павел Аляксандравіч –урач анколаг-радыёлаг. Менавіта іх прыкладу я і паследаваў, –дзеліцца суразмоўца. – Мяне папярэджвалі, што вучыцца ў медыцынскай ВНУ складана, і першыя часы сапраўды было цяжкавата, але затым я ўвайшоў у каляіну. Займаўся з цікавасцю. На шостым курсе свядома абраў неўралогію. Мне падабаецца высвятляць прычыны парушэнняў нервовай сістэмы пацыентаў, – дзеліцца ўрач.
Са студзеня 2026 года Станіслаў Міхайлавіч узначальвае тэрапеўтычнае аддзяленне №1, якое разлічана на 42 койкі, з іх 15 – неўралагічнага профілю і 27 – тэрапеўтычнага.
– Пацыенты ёсць заўсёды, – распавядае Станіслаў Міхайлавіч. – І да кожнага трэба знайсці свой падыход і дапамагчы. Людзі паступаюць розныя, з рознымі дыягназамі і лёсамі. Прызнаюся, да размеркавання ніколі раней не быў у Петрыкаве. Перш за ўсё адкрыў інтэрнэт і прачытаў артыкулы, звязаныя з гэтым населеным пунктам. Калі прыехаў, то мне адразу ўсё спадабалася. Калектыў згуртаваны, ва ўстанове ёсць усё неабходнае. Узаемадапамога і падтрымка тут – не проста словы.
Малады ўрач прызнаецца: Петрыкаўшчына пакарыла яго сэрца сваім спакоем, мабільнасцю і неверагоднай прыродай.
– Я вельмі рады, што горад, які стаў для мяне другім домам, развіваецца, – дзеліцца Станіслаў. – Тут адчуваецца гармонія, якой часам так не хапае ў абласным цэнтры. Мне выдзелілі арэнднае жыллё – двухпакаёвую ўтульную кватэру, і гэта таксама стала аргументам застацца на першым працоўным месцы. Прыемна, калі пра маладых спецыялістаў клапоціцца кіраўніцтва раёна.
– Напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам невычэрпнай энергіі, цярпення і аптымізму. Удзячнасці пацыентаў і моцнага здароўя!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.






Оставить комментарий