На Петрыкаўшчыне адбылася кранальная цырымонія, якая нагадала ўсім нам пра спрадвечную каштоўнасць мацярынства, бацькоўства і выключную важнасць сямейных традыцый.
Надзвычай цёплым момантам урачыстасці стала акцыя “Бацькава кашуля” ад партыі “Белая Русь”.
У знак адзінства мужчынскага і жаночага пачатку, узаемнай павагі і вернасці караням, ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Жанне і Аляксею Міхалевіч, у чыёй сям’і нядаўна нарадзілася трэцяя дачушка Ксенія, быў уручаны памятны падарунак – чароўны драўляны куфэрак.
Перадаючы ўнікальны падарунак маладым бацькам, старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўгеній Шкробат адзначыў:
– У куфры ўвабраны найважнейшыя для кожнага беларуса сімвалы: колас – увасабленне хлеба, дабрабыту і самога жыцця, і сямейная легенда. Яе сэнс просты і глыбокі: як з аднаго малюсенькага зярнятка вырастае каласок і памнажаецца бязмежная ніва, так і кожнае дзіця становіцца сімвалам шчасця свайго роду і ўсяго беларускага народа.
Галоўны абярэг у куфэрку – “Бацькава кашуля” – вышытая льняная сарочка, падпяразаная чырвона-зялёным паяском.
Кіраўнік раёна выказаў надзею, што гэтая напоўненая бацькоўскай любоўю кашуля стане для Ксеніі хрысцільнай.
Самай высокай дзяржаўнай узнагароды за мацярынства ў гэты дзень была ганаравана Анжаліка Бурнова – хатняя гаспадыня, якая прысвяціла сябе стварэнню дамашняй утульнасці і выхаванню годных грамадзян нашай краіны. Ордэн Маці атрымала і выхавацель дашкольнай адукацыі ДУА “Ляскавіцкі дзіцячы сад” Ала Жукоўская, якая штодзень дорыць матчыну цеплыню не толькі сваім пецярым дзецям, але і маленькім выхаванцам на працы.
– Высокія ўзнагароды – гэта прызнанне заслуг не проста асобных людзей, а цэлых сямейных дынастый. Нашы ардэнаносныя маці – гэта яркае адлюстраванне сапраўднага вобраза беларускай жанчыны: моцнай, прыгожай, клапатлівай і мудрай. Менавіта такія жанчыны ўмеюць шчыра кахаць, ствараць, упэўнена пераадольваць любыя цяжкасці і захоўваць у сваёй душы светлы, добры пачатак.
Жадаю вам і вашым родным, шаноўныя матулі, вялікага сямейнага шчасця, згоды і дабрабыту. Няхай у вашых дамах заўжды пануе мір і гучыць звонкі дзіцячы смех, – пажадаў Яўгеній Шкробат.
Рэдакцыя газеты далучаецца да віншаванняў і жадае моцнага здароўя і шчаслівага лёсу дзецям, а бацькам – бясконцага кахання, сямейнага дабрабыту і радасці ў кожным дні.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий