У ААТ “Чалюшчавічы” завяршаецца ўборка соі.
Кастрычнік для аграрыяў ААТ “Чалюшчавічы” напоўнены асаблівым клопатам – на палетках гаспадаркі завяршаецца ўборка соі. Гэтую каштоўную бялковую культуру ў сельгаспрадпрыемстве вырошчваюць усяго трэці год, аднак ужо паспелі на практыцы ацаніць яе высокую эканамічную выгаду. Чаму сою называюць культурай нізкіх затрат, з якімі нюансамі сутыкаюцца камбайнеры пры нізавой уборцы і які прыбытак чакаюць у прадпрыемстве – у нашым матэрыяле з месца падзей.

Каб на свае вочы пабачыць ход жніва, мы накіраваліся на палеткі разам з дырэктарам ААТ “Чалюшчавічы” Сяргеем Ракіцкім. Кіраўнік гаспадаркі выступіў і нашым галоўным экспертам: ён ведае кожны метр зямлі і гатовы падрабязна раскласці эканоміку гэтай сельскагаспадарчай культуры.
– Эканоміка тут сапраўды простая і пераканаўчая, – тлумачыць Сяргей Мікалаевіч, пакуль мы аглядаем густы соевы масіў. – Сою можна смела назваць культурай нізкіх затрат. Яна не патрабуе каласальных фінансавых укладанняў у вырошчванне, а хімічная апрацоўка палеткаў праводзіцца фактычна адзін раз за сезон.
Да таго ж, агранамічна зручныя тэрміны яе сяўбы і выспявання. Так, позняя сяўба “ратуе” культуру ад магчымых веснавых замаразкаў, а паўза пасля завяршэння жніва асноўных збожжавых дазваляе спакойна, бяз лішняй мітусні ў пачатку кастрычніка пераключыць тэхніку на соевыя нівы. А паколькі закупачная цана на гэты бялковы прадукт на рынку высокая, мы разлічваем атрымаць і добры прыбытак.
Разам з дырэктарам ацэньваем культуру на корані: выспела соя выдатна.
Пад сою ў ААТ “Чалюшчавічы” сёлета адведзена 400 гектараў пасяўной плошчы. Уборка ідзе да завяршэння, на палетках застаецца менш за сто гектараў культуры. На будучы год плануецца дадаць яшчэ 100 гектараў. Ураджайнасць чакаецца неблагая – поўныя струкі радуюць вока і напаўняюць аптымізмам. На культуру ў гаспадарцы робяць стаўку.
Аднак пры вялікай колькасці “плюсаў”, кіраўнік звяртае ўвагу на важны тэхналагічны нюанс, які ў гаспадаарцы закладваецца яшчэ вясной:
– Соевы палетак павінен быць ідэальна роўным і гладкім. Справа ў тым, што струкі на сцябліне закладаюцца вельмі нізка, літаральна каля зямлі. Таму падчас працы жатка камбайна ідзе на мінімальнай вышыні. Гэта вельмі тонкая, нізавая ўборка. Калі на полі будуць бугры ці ямы – мы альбо страцім ураджай, альбо паламаем дарагую тэхніку. Роўны палетак – залог поўнага збору і, адпаведна, высокага намалоту.
На камбайне КЗС на соевай ніве шчыруе адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Руслан Качэля. На нашых вачах яго машына рухаецца па полі няспэшна, нібы прыслухоўваючыся да шоргату кожнага соевага струка.
– Ніякіх сакрэтных падыходаў ва ўборцы няма, галоўнае – не спяшацца і быць максімальна ўважлівым, – дзеліцца Руслан, спыніўшы на хвіліну камбайн. – Рухацца даводзіцца павольна, з хуткасцю каля 3 кіламетраў за гадзіну. Мая задача – пільна сачыць за тым, каб кожная сцябліна патрапіла пад нож, каб не была марнай праца маіх калег, якія садзілі, апрацоўвалі, укладвалі душу ў культуру.
Кастрычніцкі дзень кароткі, таму праца ў ААТ “Чалюшчавічы” кіпіць з ранку і да цямна. Дзякуючы дакладнаму гаспадарліваму падыходу кіраўніцтва і адказнасці людзей на месцах, сёлетні соевы каравай абяцае быць важкім і прыбытковым.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.





