Зямля – іх дом, праца – гонар

0
39

Зямля – іх дом, праца – гонарГерояў сённяшняга артыкула звязвае не толькі агульная малая радзіма, адна вуліца і сяброўства з дзяцінства. Жыхары аграгарадка Камаровічы Яўгеній Байкоў і Міхаіл Пашук на працягу дзесяцігоддзяў разам пішуць новыя старонкі гісторыі роднай гаспадаркі. Менавіта тут, на палетках, іх сяброўства перарастае ў сапраўднае працоўнае братэрства.

Мы засталі аграрыяў у полі, калі мужчыны зладжана працавалі на нарыхтоўцы траў. Такая справа для іх – не новая. Міхаіл Станіслававіч, як вопытны камбайнер, адказвае за скошванне травы, а Яўгеній Мікалаевіч, трактарыст, умела валкуе скошанае, рыхтуе яго для адвозкі.

– На тэрыторыі малочна-таварнага комплексу аграгарадка Камаровічы пяць сіласных ям, кожная ўмяшчальнасцю ад 1500 да 2000 тон, – уводзіць у курс справы трактарыст.

– Зараз мы шчыруем над запаўненнем першай. У дзень з поля для трамбоўкі дастаўляем каля двух тон травы.

– На “травах” працуем ужо каля месяца. Спачатку была іх падкормка, а зараз поўным ходам ідзе нарыхтоўка на сенаж, – уступае ў размову камбайнер. – Я ў гаспадарцы працую з 1992 года, і магу з вопыту сказаць, што трава сёлета нядрэнная. Але неабходна цёплае надвор’е, каб усё хутчэй пайшло ў рост і мы змаглі сабраць большы ўраджай.

Механізатары прызнаюцца, што за сваё прафесійнае жыццё прывыклі да працы на зямлі і ў кожнага з іх прысутнічае трывалае адчуванне сваёй прыналежнасці да сельскай гаспадаркі. Спачатку працавалі ў ААТ “Камаровічы”, пасля рэарганізацыі – у ААТ “Навасёлкі”. Але для землякоў розніцы ад назвы гаспадаркі няма. Сутнасць іх работы засталася тая ж: якасна вывезці травы, апрацаваць зямлю, засеяць палеткі, прыйдзе час – сабраць ураджай. За гады ў прафесіі нашы героі ведаюць магчымасці адзін аднаго, узаемадапаўняюць і заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу.

– Сённяшнія ўмовы працы ў сельскай гаспадарцы спрыяюць таму, каб механізатары маглі працаваць на вынік. Тэхніка на хаду, кіраўніцтва заўсёды “на сувязі”, з Навасёлак прывозяць абеды ў поле, – працягвае Міхаіл Пашук. – Ды і хто як не людзі, якія нарадзіліся тут, будуць працаваць на гэтай зямлі? Я лічу, што мы, работнікі з вопытам, павінны быць прыкладам для іншых, у тым ліку і для падрастаючага пакалення.

Сёння ў механізатараў кожная хвіліна мае сваё значэнне. Таму доўгімі размовамі адцягваць працу аграрыяў мы не мелі права.

Мужчыны спрытна заскочылі ў кабіны сваёй тэхнікі. Пачалася сапраўдная магія поля: за трактарамі адзін за адным “клаўся” лямец духмянай травы.

Мы жадаем работнікам аграпрамысловага комплексу спрыяльнага надвор’я, добрага настрою, і вядома ж – багатых ураджаяў, якія стануць вынікам іх нястомнай працы і любові да зямлі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о